LT News - шаблон joomla Оригами
Пятніца, 26 Чэрвень 2015

«Жыве беларус! І жыць будзе!» – сьцьвярджае ўсім сваім жыцьцём і дзейнасьцю Ўладзімер Собалеў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Гісторыя жыхара Лёзна Ўладзімера Собалева, якому віцебскае прадстаўніцтва менскай фірмы «ААТ Лазер графікс» у траўні адмовіла ў вырабе на яго замову шыльды з тэкстам «Жыве беларус», стала вядомай на ўсю краіну. Даведацца пра тое, ці лёгка жывецца ў спрэс зрусыфікаваным асяродзьдзі ўсходняй Беларусі самаму што ні на ёсьць сапраўднаму беларусу Лёзьненшчыны, мы вырашылі зь першых вуснаў, дзеля чаго і выправіліся ў падарожжа да гэтага неардынарнага ва ўсіх адносінах чалавека.

Aльбо зь нейкіх уласных перакананьняў, альбо напалоханае сугучнасьцю словазлучэньня «Жыве беларус» зь вядомым сьлёганам «Жыве Беларусь!», кіраўніцтва фірмы зь месяц таму адмовілася вырабляць шыльду, якую этнічны беларус Уладзімер Собалеў хацеў павесіць у двары свайго дому. Пасьля падзеяў ва Ўкраіне, агрэсіўная ідэалёгія гэтак званага «русского мира», па ўсім відаць, дае свой плён і на Беларусі. Дзякуючы расейскім сродкам масавай інфармацыі шмат для каго прыкметы нацыянальнай ідэнтычнасьці пачалі атаясамлівацца ледзьве не з крайнім экстрэмізмам.

Яшчэ з вуліцы на панадворку самага беларускага дому ў раённым цэнтры бачна шыльду са згаданым тэкстам. Прымацаваная да слупа, яна сустрэла нас гэткім не банальным па сёньняшнім часе сьцьвярджэньнем:«Жыве беларус». Як распавёў спадар Уладзімер, без усялякіх праблемаў «простаму мужыку-беларусу» зь Лёзна шыльдачку з неабходнымі надпісамі вырабілі ў іншай віцебскай фірме і даставілі наўпрост да хаты.

Кажа Ўладзімер Собалеў:

– Тутэйшая беларускасьць даволі своеасаблівая: яна найперш паказная, дзеля птушкі, для афіцыйнага мерапрыемства, а загавары пра мову, пра гісторыю, пра бел-чырвона-белы сьцяг, пра герб «Пагоню» – тутэйшым людзям гэта без патрэбы, хаця падчас перапісаў бальшыня і пазначае сябе беларусамі.

Супрацьстаяньне паміж носьбітамі беларушчыны і пануючай тут расейшчынай пачалося ня сёньня. Герой нашага расповеду прыгадвае прыклад гэткага супрацьстаяньня, якое адбылося ў 1999 годзе падчас чарговых выбараў у парлямэнт. Віцебскія актывісты партыі БНФ Уладзімір Плешчанка і Барыс Хамайда праз надрукаваныя ўлёткі мелі намер патлумачыць выбарцам, што ўдзельнічаць у галасаваньні няма сэнсу. Перад пагрозай канфіскацыі друкаркі яны мусілі пераехаць у ціхае Лёзна да свайго сябра і зьдзейсьніць задуманае там. Улёткі надрукавалі, завезьлі ў Віцебск і раскідалі па паштовых скрынях. У выніку «па ўсёй Беларусі выбары адбыліся, а ў Віцебску першы тур праваліўся!». Але ж гаспадар лёзьненскага дому забыўся на адну акалічнасьць: падключыўшы друкарку міма лічыльніка электраэнэргіі, з вуліцы на лініі ён пакінуў провад. Па чыёсьці наводцы прыйшлі з праверкай тры кантралёры. Быў суд. Па коштах 99-га году налічылі ажно 800 даляраў штрафу з канфіскацыяй маёмасьці. У той самы час за аналягічнае злачынства цэлае прадпрыемства было аштрафаванае толькі на 200 варожых адзінак, з нагоды чаго ў раённай газэце было напісана: «За незаконнае падлучэньне лініі сушыльнага цэху заводу па перапрацоўцы гародніны міма лічыльніка электраэнэргіі». Два з паловай гады выплачваў лёзьненскі апазыцыянэр кампэнсацыю, несувымерную з нанесенай дзяржаве шкодай.

– Я гэты велізарны штраф урэшце выплаціў, а вось сушыльны цэх разваліўся. Жыў беларус і жыць будзе, – сказаў ў завяршэньне расповеду пра гэтую гісторыю наш суразмоўца.

Пра гэты ня надта прыемны выпадак спадар Уладзімер, як, дарэчы, і пра ўсё астатняе, распавядае з гумарам, іроніяй – нібыта пра шэраг прыгод, злучаных у адзіны сюжэтны ланцужок уласнае, далёка не правінцыйнае, асабістае адысэі. Па ўсім бачна, што трыццаць гадоў, аддадзеных народнаму тэатру, не былі дарэмнымі: агучаныя ім гісторыі ўласнага жыцьця – як таленавітыя ролі, выкананыя з тэатральнай сцэны.

Багата адораны прыродай, спадар Уладзімер праяўляе зацікаўленасьць да розных сфэраў чалавечае дзейнасьці: філязофіі (прадстаўляе сябе як стваральніка ўласнае філязофскае сыстэмы пад назовам «Мірвера»), музыкі, фатаграфіі, вершаскладаньня, прозы, сатыры, чаканкі, спорту. Да таго ж, ён выдатны рацыяналізатар, вынаходнік, спэцыяліст-электрык, калекцыянэр… Кожны куточак саду, кожная дэталь аздабленьня дому звонку альбо знутры, безьліч флюгераў, куточкі для адпачынку ці спорту, нейкія прыстасаваньні, невялікі ставок – усё нясе ў сабе адбітак пэўнай філязофскай ідэі, аздобленай любоўю гаспадара. Гармонія прыроды нараджае гармонію чалавечых дзеяньняў і ўчынкаў, якія мусяць зьмяняць і ўдасканальваць прастору вакол нас.

Колеры і выявы беларускага нацыянальнага сьцягу невыпадкова ўпісваюцца ў навакольную прастору, нібыта абярэгі. Яны прысутнічаюць як у хаце, так і звонку: на флюгерах, аздабленьнях. Непадробная цікавасьць да мінулага, гісторыі свайго роду, краю, краіны мацуе дух, надае сэнс жыцьцю і ўчынкам, якія дзеля гэтага жыцьця робяцца.

Лёзьненшчына вядомая на ўсю Беларусь як радзіма Мірона, таму не распытаць пра неверагодныя ўчынкі легендарнага прапагандыста нацыянальнай сымболікі мы папросту не маглі.

– Першы сьцяг, павешаны на адным зь вялікіх лёзьненскіх комінаў адразу пасьля рэфэрэндуму па адмене нацыянальнай сымболікі, улады нейкі час зьняць не маглі. Рэч у тым, што на лесьвіцы перад сьцягам была прымацаваная скрыня з шыльдай, на якой вялікімі літрамі было напісана: «НЕБЯСЬПЕКА! ЗАМІНАВАНА!». Хто палезе? Ніхто. Тэрыторыю міліцыя ачапіла, і цэлы міліцэйскі маёр пачаў лупіць па скрыні зь вінтоўкі, але так і не пацэліў. Патрапіў былы дэсантнік. Пасьля знайшоўся добраахвотнік, які надзеў на сябе адмысловы пас, і, чапляючыся карабінамі за прымацаваныя да коміна скобы лесьвіцы, пачаў уздымацца ўгору. У Мірона ж усіх гэтых прыладаў не было. Другі сьцяг павесілі на коміне сушыльнага заводу, але павесілі яго ня з боку лесьвіцы, а якраз з супрацьлеглага боку. Зьняць яго было яшчэ цяжэй, і яны вырашылі яго спаліць, што і было зроблена. Трэці сьцяг павешаны быў наогул на шпіль антэннай вышкі, вышыня якога, не беручы пад увагу вышыню вышкі, складала мэтраў шэсьць. Прычым адзеты на яго ён быў нібыта на дрэўка сьцяга. Як гэта было зроблена? Невядома. Манцёрам прыйшлося разьвінчваць усю канструкцыю, здымаць шпіль, і толькі так яны здолелі сьцяг зьняць. Яшчэ адзін сьцяг быў павешаны Міронам на правады высакавольтнай лініі з напругай 35 тысяч вольт. І цэлы месяц ён там вісеў над дарогай, пакуль не праехаў па ёй віцебскі губэрнатар, які і даў загад: «Зьняць!». Замовілі адмысловую вышку ў Віцебску, адключылі электрычнасьць і толькі тады зьнялі. Мірон жа неяк без усіх гэтых захадаў абышоўся. Наогул жа, сьцягоў было вывешана даволі многа. А што тычыцца стаўленьня мясцовага жыхарства да нацыянальнага сымбалю і акцыяў Мірона, вось вам прыклад: аднаго разу, калі сьцяг быў прымацаваны да мачты высакавольтнай лініі, я прасіў мясцовага фатографа сфатаграфаваць і захаваць для гісторыі. На той час я з каляровай плёнкай не працаваў. А надвор’е было цудоўнае, неба – сіняе, сьцяг – бел-чырвона-белы! Той заявіў, што ў яго дзеці, жонка працуе… Ня тое, каб вешаць, нават фатаграфаваць баяліся!

Гэткіх расповедаў за непрацяглы час было пачута ад ветлівага гаспадара ніяк ня менш, чымся на цэлы сцэнар для сэрыялу. Але найбольш кіношнымі падаліся дзьве неверагодныя гісторыі, якія, паводле словаў апавядальніка, адбыліся ў рэальным жыцьці:

– Вось гэты гадзіньнік мой прадзед Ільля зьвінціў з «Тытаніку» і прывёз дамоў. Усе мае сваякі на той час займаліся кладзямі (возьніцтвам) – вазілі грузы на конях у Расею. За некалькі гадоў можна было зарабіць на ладны кавалак зямлі. А вось дзед Ільля быў авантурыстам і, каб доўга не чакаць, вырашыў падацца ў Амэрыку ды зьдзейсьніць сваю мару за год-два. Даехаўшы да Ангельшчыны, набыў сабе квіток у каюту трэцяга клясу на той самы злапомны «Тытанік». Калі адбылася катастрофа, дзед уцяміў: даехаць да Амэрыкі, па ўсім відаць, не атрымаецца, а вось калі пашчасьціць выжыць, то скрадзеныя з каютаў рэчы можна будзе прадаць. Пачалася страшэнная паніка. Дзед прабегся па каютах першага клясу, набіў свой рэчмяшок і заадно гэты гадзіньнік зьвінціў. Дзеду пашчасьціла: яго разам з іншымі падабраў параход «Карпація». Вярнуўшыся дадому, параздаваў грошы, што пазычаў на падарожжа, купіў зямлю, свайму сыну Сямёну аддаў гэты гадзіньнік і грошы. Доўга, праўда, не пажыў, застыў у вадзе, а перад сьмерцю сказаў: «З грашыма рабіце, што хочаце, а гадзіньнік перадавайце толькі ў спадчыну, як памяць пра мяне».

– А гэты гадзіньнік быў падораны мне кумірам тутэйшых жанчын, зоркай індыйскага кіно Раджам Капурам. Вядомы артыст ляцеў праз Маскву з Бамбею ў Лёндан, але зь нейкіх прычынаў вырашыў праехаць частку дарогі з Масквы да Эўропы на аўтобусе. Я толькі прыйшоў з войску, шавялюра ў мяне была чорная, хлопец – хоць куды. Васьмідзесяты год, алімпіяда, межы адчыненыя, іду ўздоўж цэнтральнай шашы, што на Смаленск. Спыняецца аўтобус, выходзяць людзі, да мяне падыходзіць перакладчык, тлумачыць, нібыта я нагадаў Раджу Капуру ягонага ангельскага сябра ў маладосьці, які, на жаль, загінуў у аўтакатастрофе. Непрацяглы час мы размаўлялі празь перакладчыка. Распавёў яму пра сваю  калекцыю гадзіньнікаў. Даведаўся ён і пра маё захапленьне тэатрам, пасьля чаго й наогул паставіўся да мяне даволі прыхільна. На разьвітаньне паабяцаў, што чакае мяне нейкі сюрпрыз. Я і забыўся ўжо на ягонае абяцаньне, месяцы праз тры прыходзіць да мяне пасылка, а там вось гэты падложны гадзіньнік. Калі вы глядзелі ягоны фільм «Бадзяга», то бліжэй да сярэдзіны можаце гэты гадзіньнік там пабачыць. У фільме ён паказвае палову на дзясятую. Я так і выставіў на ім.

Сваімі ўчынкамі, сваім ладам жыцьця, сваім стаўленьнем да абставінаў спадар Уладзімер наводзіць на думку, што ў ягонай асобе праявіліся самыя жыцьцяздольныя рысы нязломнай беларускай натуры, якія далі моцы ня проста выстаяць і захаваць адчуваньне сваёй нацыянальнай непаўторнасьці, але і ўвасобіць свае творчыя памкненьні ў рэальныя справы няпростай рэчаіснасьці.

Віцебская вясна

Пакінуць камэнтар