Субота, 22 Люты 2020

Дыктоўку на роднай мове ў Віцебску напісалі некалькі чыноўнікаў з аблвыканкаму

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Падгурскі і Ягораў падчас дыктоўкі Падгурскі і Ягораў падчас дыктоўкі

13-ю агульнанацыянальную дыктоўку, прысьвечаную Дню роднай мовы, напісалі 22 лютага больш за 50 віцяблян. Ці не ўпершыню ў такой імпрэзе ўзялі ўдзел чыноўнікі Віцебскага аблвыканкаму – начальнік упраўленьня культуры Пётар Падгурскі і кіраўнік галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы і па справах моладзі Генадзь Ягораў.

Агульнанацыянальная дыктоўка, прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы, прайшла ў Віцебскай абласной бібліятэцы 22 лютага. Для напісаньня быў выбраны тэкст паводле аўтабіяграфічнага твору Васіля Быкава «Доўгая дарога дадому» («Дзяцінства»).

Старшыня Віцебскай абласной рады Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ) Юрась Бабіч ва ўступнай прамове павіншаваў усіх «неабыякавых да беларускага слова» з Днём роднай мовы. Падзякаваў таксама «кіраўнікам высокага зьвяна» з аблвыканкаму – Пятру Падгурскаму і Генадзю Ягораву, за тое што «стрымалі слова» і прыйшлі на імпрэзу.

Тэкст дыктаваў кіраўнік абласной рады ТБМ Юры Бабіч

Юрась Бабіч выказаў спадзяваньні, што ў будучым агульнанацыянальная дыктоўка «будзе набіраць абароты і набываць новыя формы». Напрыклад – будзе праходзіць ў жывым эфіры абласнога тэлебачаньня. Менавіта такая прапанова, па словах Бабіча, прагучала 21 лютага ў ВДУ імя Машэрава падчас «вялікай размовы», у якой бралі ўдзел сябры абласной рады ТБМ  і кіраўніцтва Віцебскай вобласьці.

Ужо пасьля заканчэньня імпрэзы Юрась Бабіч расказаў журналістам, што ў сустрэчы, апроч начальнікаў упраўленьняў культуры і ідэалёгіі, бралі удзел старшыня абласнога Савету дэпутатаў Уладзімер Цярэнцьеў, кіраўнікі драмтэатру імя Якуба Коласа і абласнога тэлебачаньня, спэцыялісты упраўленьня культуры ды іншыя.  

Паводле Бабіча, падчас гэтай «нефармальнай зацікаўленай размовы», сябры рады ТБМ выказалі сваё бачаньне сытуацыі. Акцэнтавалі ўвагу на адсутнасьць беларускамоўнай адукацыі ў рэгіёне, на праблемах рэгіянальных структураў таварыства, на іншых праблемах.

Падчас дыктоўкі

«З задавальненьнем канстатую, што мы пачулі адно аднаго. І атрымалі запэўненьне, што ўзьнятыя пытаньні будуць паступова вырашацца. Таму што мы сапраўды займаемся адной справай. Я думаю, што гэтая сустрэча дасьць досыць моцны штуршок для папулярызацыі мовы ня толькі ў горадзе, але і ў вобласьці ў цэлым», – мяркуе старшыня Віцебскай абласной рады ТБМ. 

Па словах Бабіча, удзельнікі сустрэчы дамовіліся «канкрэтна працаваць» над тым, каб у блізкай пэрспэктыве ў Віцебску зьявілася першая беларускамоўная кляса. Вынікам размовы з уладамі можа стаць і тое, што ў горадзе перастануць мяняць беларускамоўныя шыльды на аўтобусных прыпынках на расейскамоўныя. А рэгіянальныя структуры ТБМ, у прыватнасьці Полацкая, пазбавяцца праблем з ажыцьцяўленьнем статутнай дзейнасьці. 

Але Юрась Бабіч прызнаўся, што нейкіх канкрэтных рашэньняў падчас сустрэчы не прымалася.

«Я не магу сказаць, якія будуць канкрэтныя дзеяньні зробленыя непасрэдна, але тое, што яны будуць, я ў гэтым не сумняваюся», – запэўніў старшыня Віцебскай абласной рады Таварыства беларускай мовы Юрась Бабіч.

Трынаццатую агульнанацыянальную дыктоўку ў Віцебску ладзілі абласная рада ТБМ і Віцебская абласная бібліятэка. Летась падобную дыктоўку, прымеркаваную да міжнароднага Дня роднай мовы, напісалі больш за 70 віцяблян.

Сёлета ж праверыць свае веды ў правапісе і пунктуацыі беларускай мовы прыйшло крыху больш за паўсотні жыхароў Віцебску.

Зьміцер Міраш, фота аўтара

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.