Нядзеля, 23 Люты 2020

Фэстываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova прайшоў у Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

22 лютага ў арт-прасторы VZAP з раніцы да самага вечара віравала інтэлектуальнае жыцьцё. На фестываль Pradmova, які ладзіцца ад 2018 году, завіталі больш за 20 беларускіх інтэлектуалаў. Сярод іх Лявон Баршчэўскі, Марына Шода, Андрэй Хадановіч, Тацяна Арцімовіч, Андрэй Саўчанка, Ільля Сін, Павал Касьцюкевіч ды інш.

Фэстываль Pradmova ладзіцца ў партнэрстве зь Беларускім ПЭН-цэнтрам.

Арганізатары задумвалі імпрэзу як «прадмову» да сучаснай беларускай інтэлектуальнай кнігі – літаратуры non-fiction, інтэлектуальнай прозы, эсэістыкі, філасофскай і грамадзкай веды, навукова-папулярнай літаратуры, замежных перакладаў і г.д. Але Pradmova яшчэ і пляцоўка для камунікацыі аўтараў, выдаўцоў, рэдактараў, дызайнэраў, актораў, ілюстратараў з простымі чытачамі.

Паэты плянэты і жывыя клясыкі прозы

Вядомы перакладчык Лявон Баршчэўскі паведаміў, што ў сэрыі “Паэты плянэты”, заснаванай у 2016  годзе, ужо выйшлі 70 кніг творцаў з усяго сьвету – ад найстарэйшай паэткі сьвету (23 ст. да н.э.) аккадзкай царыцы Энхедуанны да сучаснага ўкраінскага паэта Сяргея Жадана. Баршчэўскі нагадаў, што гімны Энхедуанны захаваліся толькі дзякуючы таму, што былі напісаныя на гліняных таблічках.

 Лявон Баршчэўскі

Баршчэўскі прэзэнтаваў пераклад на беларускую найстарэйшага лірыка Эўропы Архілёха, старажытнагрэцкага паэта Анакрэона, магольскага паэта-імпэратара Бабура, швэда Гунара Экелёфа ды ангельца Байрана.

Перакладчыца Марына Шода распавяла пра кнігі з польскай літаратуры. У прыватнасьці, засяроділа ўвагу на сваіх перакладах нобэляўскай ляўрэаткі Вольгі Такарчук, творамі якой захапілася яшчэ ў канцы 1990-х гадоў.

Марына Шода

Раман пісьменьніцы “Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых” у перакладзе Шоды выйшаў у выдаведстве “Логвінаў” і быў прэзэнтаваны на фестывалі. 

“Які тэатар нам патрэбны?”

У Беларусі – 27 тэатраў, 17 зь іх – у Менску. На адзін тэатар прыходзіцца блізу 300 тысячаў гледачоў. Але ёсьць яшчэ і 70 тэатральных студый, якія ня маюць сваіх уласных сцэнаў і фінанасаваньнем якіх дзяржава не займаецца. Тым ня менш, попыт на творчасьць такіх калектываў запатрабаваны сучасным гледачом.

У дыскусіі “Які тэатр нам патрэбны?” узялі ўдзел рэжысэр Андрэй Саўчанка і тэатразнаўца Тацяна Арцімовіч.

Падчас дыскусіі

Андрэй Саўчанка вылучыў два тыпа тэатру: традыцыйны і новы, ці праектны. На думку выступоўцы, цяпер тэатар знаходзіцца  на раздарожжы. Трэба думаць над тым, што ён можа прапанаваць беларускай публіцы і ці гатовая яна да ўражанньняў, якія прапануе тэатар.

“Нібыта ўсё можна, але няма трэнду, і ніхто ня ведае, як гэта ажыцьцяўляць. Мне падаецца, наперадзе нейкі паваротны момант. І можа нарэшце зьявіцца такое паняцьце, як сучасны беларускі тэатар”, – мяркуе рэжысэр.  

Тацяна Арцімовіч засумнявалася ў самім тэрміне “традыцыйны беларускі тэатар”:“А хто вызначыў: тое, што адбываецца ў сучасных дзяржаўных тэатрах, і ёсьць беларускай традыцыяй. Можа, тое, што зараз называюць экспэрымэнт, і ёсьць акурат вяртаньне да традыцыі?”

Тэатразнаўца гаварыла пра няроўнасьць умоваў, у якіх знаходзяцца дзяржаўныя і незалежныя тэатры. Пра тое, што цяплічныя ўмовы дзяржаўных тэатраў не заўжды спрыяюць творчым вынікам. І наадварот, у неспрыяльных умовах незалежныя тэатры ставяць драйвовыя, вартыя глядацкай увагі спэктаклі.

Да дыскусіі з ахвотай  далучыліся і віцебскія тэатралы.

Прэзэнтацыя “Ўводзінаў у філязофію”

“Ўводзіны ў філязофію” прэзэнтавалі яе ўкладальнікі Павал Баркоўскі і Лявон Баршчэўскі. Павал Баркоўскі зазначыў, што кніга, якая ўяўляе сабой анталёгію філёзафаў розных часоў –  рэдкая падзея. Яна дае магчымасьць далучыцца да філязофскай дысцыпліны, выкладзенай па-беларуску. Дастаткова рэпрэзэнтатыўна пададзеныя ў кнізе фрагмэнты эўрапейскай філязофіі. Прычым ня толькі клясычных філёзафаў, але і беларускіх мысьляроў, якія ёсьць арганічнай часткай мапы сусьветнай філязофіі.

Ідэя стварыць гэтую кнігу пачала ўвасабляцца ў рэчаіснасьць яшчэ ў 1990-я гады, але аказалася незапатрабаванаю пасьля выбараў 1994 году. Лявон Баршчэўскі знайшоў рукапіс той кнігі, зь якога і паўстала новая анталёгія. Была зробленая вялікая праца. Шэраг тэкстаў быў перакладзены непасрэдна Лявонам Баршчэўскім.

“Гэтай кнізе і якасьці сэнсавага перакладу можна давяраць абсалютна. Гэта зроблена дбайна. За гэта я ручаюся і гарантую. Кніга атрымалася якасная, але мы думаем пра другі том і дапаўненьні”, – паведаміў Баршчэўскі.

С. Горкі, фота аўтара

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.