“Лічым, што помнік, усталяваны зь ініцыятывы кіраўніцтва каледжу, не адпавядае гістарычнай праўдзе, скажае ўяўленьне навучэнцаў каледжу і грамадзян аб вытоках беларускай дзяржаўнасьці і сыстэмы адукацыі. Упэўненыя таксама, што камень з выявай гербу іншай дзяржавы чыніць вялікую шкоду ў справе патрыятычнага выхаваньня будучых спэцыялістаў”, – гаворыцца ў пэтыцыі.
Памятны знак у гонар заснаваньня вучэльні быў усталяваны ў Відзах у чэрвені 2019 году. Над тэкстам, які выбіты на каменю, прымацаваная шыльда з выявай гербу Расейскай імпэрыі.
“1 верасьня 1803 году па ўказу цара Аляксандра І было адкрытае Відзаўскае гарадзкое павятовае вучылішча ў горадзе Відзы Ковенскай губэрні Віленскай адукацыйнай акругі”, – напісана на каменю.
“Вучэльню адкрылі манахі-канонікі”
Аўтары пэтыцыі сьцьвярджаюць, што імпэратар Аляксандр І меў вельмі далёкае і ўскоснае дачыненьне да заснаваньня ў Відзах павятовага вучылішча і што ніякага асобнага “ўказу” наконт адкрыцьця канкрэтна гэтага вучылішча імпэратар не падпісваў. Зважаюць таксама на вялікую колькасьць гістарычных недакладнасьцяў у тэксьце на каменю.
“Аляксандра І-га тут проста “прыцягнулі за вушы”, – мяркуюць аўтары звароту.
Гаворыцца, што насамрэч відзаўскую вучэльню адкрылі ў 1803 годзе манахі-канонікі рэгулярныя, што пацьвярджаецца дакумэнтамі, выкладзенымі на афіцыйным сайце Відзаўскага прафэсійна-тэхнічнага каледжу.
Да таго ж, сам дырэктар навучальнай установы Міхаіл Сьмірноў паведаміў нядаўна на “Радыё Свабода”, што “дазволу на ўсталяваньне памятнага знаку ўстанова не прасіла”. На думку аўтараў звароту, самавольная ўстаноўка мэмарыяльнага знаку супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь.
Згодна з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 9 верасьня 2008 году №1372 “Аб некаторых пытаньнях стварэньня (рэканструкцыi) i прыёмкi твораў манумэнтальнага i манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва”, творы, якія ўстаноўлены самавольна або не прайшлі дзяржаўную прыёмку ва ўстаноўленым парадку, падлягаюць дэмантажу.
У сувязі з гэтым просяць дэмантаваць памятны камень з гербом Расейскай імпэрыі ў Відзах, а ініцыятараў яго ўсталяваньня прыцягнуць да адказнасьці ў адпаведнасьці з заканадаўствам.
Пэтыцыя будзе накіраваная ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і ў Браслаўскі райвыканкам.
Зьміцер Міраш