Перад пачаткам імпрэзы спорны дожджык загнаў шаноўную публіку пад паветку, і старшыня руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч вымушаны быў пачаць выступ, хаваючыся пад падстрэшкам над ганкам. Але неўзабаве ліць перастала – мерапрыемства прайшло пры добрым надвор'і і настроі.
“Літаратурная і грамадзкая дзейнасьць Васіля Быкава ёсьць урокам для ўсіх беларусаў, але 95-я ўгодкі пісьменьніка афіцыйна ніяк не адзначаюцца. У буйных гарадах няма аніводнай цэнтральнай вуліцы, названай у гонар выбітнага беларуса, аніводнага помніка. Ва ўлады іншыя прыярытэты: яна аддае перавагу правядзеньню спартовых мерапрыемстваў, адцягваючы ўвагу грамадзтва ад надзённых праблемаў”, – зазначыў у сваёй прамове Юрась Губарэвіч.
Выступае Юрась Губарэвіч
“Сёньняшні рэжым быў распазнаны Быкавым у першыя дні ягонага існаваньня і ня быў падтрыманы пісьменьнікам. Гэты рэжым мусіць сысьці, і выбар для кожнага з нас відавочны, бо мы працягваем тую справу, якую пачаў Васіль Быкаў”, – дадаў палітык.
Адзін з пачынальнікаў дэмакратычнага руху на Віцебшчыне Хрыстафор Жаляпаў у кароткім выступе нагадаў, што ідэя правядзеньня сьвяточных імпрэзаў у Бычках упершыню была агучаная 16 гадоў таму грамадзкай актывісткай з Шаркоўшчыны Адай Райчонак.
Хрыстафор Жаляпаў
“Васіль Быкаў натхняў нас сваімі творамі. Дзякуючы ім я стаў беларусам! Васіль Быкаў – гэта той сьцяг, пад якім мы ўсе разам імкнемся да таго, каб Беларусь стала сапраўды незалежнай, сапраўды дэмакратычнай, сапраўды эўрапейскай”, – сказаў Хрыстафор Жаляпаў.
Ада Райчонак распавяла гісторыю пра тое, як яна, настаўніца рускай мовы і літаратуры, дзякуючы Васілю Быкаву пачала размаўляць па-беларуску.
“У Менску адзначалі дзень народзінаў Язэпа Драздовіча. Мяне запрасілі на сцэну, і я разгаласілася, бо пасьля Васіля Быкава не змагла выступаць на трасянцы. І ён мне сказаў, каб я пераходзіла на беларускую. Я паклялася, што ніколі ня буду выступаць па-расейску. І сваё слова трымаю!” – распавяла Ада Райчонак.
Ада Райчонак
Маладая паэтка зь Менску Крысьціна Бандурына прачытала ўрывак з кнігі Быкава “Сьцяна”, а потым, скарыстаўшыся нагодай, пазнаёміла публіку з двума ўласнымі вершамі.
Грамадзкая актывістка зь Віцебску Тацяна Севярынец, назваўшыся “упаўнаважаным прадстаўніком сям'і Севярынцаў”, прачытала ўрывак з вершаванага трыптыху “Бычкі”, які стварыў ейны муж Канстанцін.
Старшыня абласнога аддзяленьня Беларускага саюзу мастакоў Сьвятлана Баранкоўская прывезла ў Бычкі два свае знакамітыя габэлены, прысьвечаныя Быкаву. Раскрываючы ідэйную канцэпцыю аднаго зь іх, мастачка пераконвала, што толькі ад нас залежыць, “ці нашае бел-чырвона-белая існасьць стане шырэйшай і квітнеючай, ці мы дазволім яе спаскудзіць і яна станчыцца...”
Сьвятлана Баранкоўская
Бешанковіцкі бард Георгі Станкевіч выканаў тры свае песьні, прысьвечаныя Васілю Быкаву.
У музычнай частцы імпрэзы першым выступіў Андрусь Такінданг. Музыка цешыў публіку сваімі іранічна-гумарыстычнымі сьпевамі.
Андрусь Такінданг
Другім мусіў выступаць Зьміцер Бартосік. Гэтым разам ён прыехаў не адзін, а зь сям’ёю. Знакаміты бард напачатку заявіў, што сьпяваць не зьбіраецца. Але на гэтым сюрпрызы ня скончыліся. Поўнай неспадзяванкай для прысутных стаўся выступ сямейнага ансамблю.
Выступаюць "Бартосікі"
Пад акампанэмэнт бацькоў Зьмітра і Тацяны дзеці прасьпявалі фальклёрныя і аўтарскія песьні. Па-сапраўднаму прафэсійна! Зьміцер Бартосік сказаў, што з назвай калектыву пакуль ня вызначаліся, але чарнавым варыянтам зьяўляецца назва “Бартосікі”.
На імпрэзу ў Бычкі прыехала больш за сотню чалавек з усіх куткоў Беларусі.
Тацяна Севярынец
С. Горкі