Вершам Рыгора Барадуліна “Васількі расьцьвілі, зноў твой чэрвень, Васілю” імпрэзу адкрыла загадчыца аддзелу краязнаўчай літаратуры бібліятэкі Ларыса Рагачова
“Васіля Быкава часта называлі “апосталам нацыі”, “сумленьнем нацыі”. Гэта добра разумеем мы, людзі старэйшага пакаленьня, вельмі важна, каб усё гэта добра разумела моладзь. І сёньня радасна, што з намі моладзь філфаку ВДУ”, – зазначыла яна.
Выступае Ларыса Рагачова
Старшыня абласнога аддзяленьня ТБМ Юрась Бабіч зьвярнуў увагу на тое, што апошнім часам моладзь усё больш і больш цікавіцца творчасьцю Быкава.
“Тых студэнтаў, якія будуць выступаць сёньня, ніхто не змушаў браць удзел у імпрэзе. Яны самі праявілі ініцыятыву, самі распрацавалі пэўны сцэнар, які мы потым уключылі ў нашу агульную вечарыну”, – паведаміў Бабіч.
“Безумоўна, імя Быкава – гэта тое імя, якое яднае нас усіх, незалежна ад сацыяльнага статусу, поглядаў ці веравызнаньня. Я спадзяюся, што так ёсьць і так будзе заўсёды”, – дадаў выступоўца.
Юрась Бабіч
У сваю чаргу дэкан філялягічнага факультэту ВДУ Сяргей Нікалаенка паабяцаў налета зрабіць у Бычках чыста філфакаўскае сьвята “Травеньскія сустрэчы ў Васіля Быкава”. Імпрэза задумвалася яшчэ два гады таму, але так і не адбылася. Падчас прамовы дэкан філфаку папрасіў дазволу перайсьці на расейскую мову, але… яму адмовілі – і прафэсар мусіў працягваць па-беларуску.
Бешанкавіцкі бард і паэт Георгій Станкевіч падчас імпрэзы падыходзіў да мікрафону тройчы. Свой першы выступ ён распачаў песьняй “Караблі”.
Студэнтка 2-га курсу філфаку ВДУ Натальля Ермакова прачытала ўрывак з кнігі Васіля Быкава “Доўгая дарога дадому”.
Краязнаўца Аркадзь Падліпскі расказаў пра сувязь Васіля Быкава зь Віцебскам. У 1939 годзе вушацкі хлопец паступіў у мастацкую вучэльню. А вясной 1940-га будучы пісьменьнік вымушаны быў вярнуцца на малую радзіму, бо не было чым плаціць за навучаньне і падручнікі. Увосень Быкаў вярнуўся ў Віцебск і паступіў у вытворча-тэхнічную вучэльню на муляра, спэцыяльнасьць вельмі далёкую ад мастацтва…
Кіраўнічка абласнога аддзяленьня “Беларускага саюзу мастакоў” Сьвятлана Баранкоўская адзначыла, што для ўсіх творчых людзей асоба пісьменьніка, ягоныя творы, вёска Бычкі, якая да падзелу Рэчы Паспалітай называлася Быкі, зьяўляюцца кропкамі творчага прыцягненьня.
Яна распавяла, як, прачытаўшы апавяданьне “Сьцяна”, два месяцы не магла працаваць, а ўвесну 2003 году зрабіла габэлен “Новая зямля. Зямля Васіля Ўладзімеравіча”. Пасьля вяртаньня пісьменьніка на радзіму мастачка мела намер падарыць яму свой габэлен. Не пасьпела, бо ў той год Быкава ня стала. Два гады мастачка выношвала ідэю новага габэлену – “Апостал”.
“Імя Быкава – гэта тое імя, якім мы павінны ня проста ганарыцца, а якое мы павінны несьці як сьцяг”, – сказала Сьвятлана Баранкоўская.
Сьвятлана Баранкоўская
Дарэчы, перад пачаткам імпрэзы прысутныя даведаліся, што паэт Канстанцін Севярынец ня возьме ў ім удзелу. На сваёй старонцы ў Фэйсбуку паэт напісаў: “Меўся прачытаць сёньня гэтыя радкі ў Віцебскай абласной бібліятэцы на сьвяточнай імпрэзе... Толькі што даведаўся, што я там – “пэрсона нон-грата”...”
Прыкрую недарэчнасьць выправіла Сьвятлана Баранкоўская: напрыканцы сваёй прамовы яна прачытала ўрывак зь вершаванага трыпціху Канстанціна Севярынца «Васількі. Бычкі. Дарога».
На вялікі жаль, праз хваробу ня змог трапіць на вечарыну і вядомы віцебскі паэт Уладзімер Папковіч. Замест яго верш “Прарок” з кнігі паэта “Зазімак” прачытаў ягоны сябра мастак Фелікс Гумен.
Фэлікс Гумен
Загадчыца Віцебскага літаратурнага музэю Сьвятлана Казлова зьвярнула ўвагу, што госьці Віцебску зьдзіўляюцца, чаму ў абласным цэнтры дагэтуль пачэсна не ганараванае імя сусьветна вядомага пісьменьніка.
Нагадала, што ў фондах музэю знаходзяцца арыгінальныя фрагмэнты з рукапісаў раману “Знак бяды” і амаль усе лісты Быкава з фронту. Прынесла яна і кампутарныя копіі малюнкаў Васіля Уладзімеравіча, якія расейскі мастак Валянцін Сідараў назваў “сапраўднай піктаграфіяй”.
З шэрагу іншых выступоўцаў трэба адзначыць і выступ ганаровага старшыні абласнога ТБМ Ёсіфа Навумчыка. Васіля Быкава ён назваў сапраўдным беларусам, вялікім пісьменьнікам і прарокам.
Вечарына скончылася чарговай песьняй Георгія Станкевіча “Насуперак зямному прыцягненьню”.
Выступае Георгі Станкевіч
“Будзем верыць, што да 100-годзьдзя пісьменьніка ўсе нашыя жаданьні па ўвекавечаньні памяці Васіля Быкава зьдзейсьняцца”, - сказала на разьвітаньне Ларыса Рагачова.
С. Горкі