Вандроўка на 10 000 крокаў
Гэтым разам арганізатар “Адамаўскага фэсту” краязнаўца Міхаіл Дук не сустракаў, як звычайна, гасьцей зь Віцебску на станцыі Малыя Лётцы ў строях батаніка Адамава. Апрануты быў больш дэмакратычна і адпаведна гарачаму надвор'ю. Пешую экскурсію краязнаўца праводзіў разам са старшынёй гарадзкога аддзяленьня ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Галінай Захаравай. Кожны распавядаў пра сваё: Міхаіл Дук – пра краязнаўчыя адметнасьці, Галіна Захарава – пра птушак.
Ляснымі і палявымі сьцяжынамі падарожнікі прайшлі шлях ад Малых да Вялікіх Лётцаў за дзьве гадзіны. Дзякуючы спадарыні Захаравай падчас вандроўкі экскурсанты пабачылі вясковую ластаўку, берасьцянку, белую пліску, дразда рабіньніка ды калёнію гракоў на соснах. Уздоўж чыгункі заўважылі звычайную аўсянку, пачулі слаўку, а ля возера сустрэлі балотную чарацянку. Над валатоўкай высока ў небе кружляў палявы мышалоў.
Пешшу - да Адамава...
Пабачаных ды пачутых птушак – не пералічыць…
Беларусь – краіна птушак
Ужо пасьля экскурсіі Галіна Захарава зазначыла, што Беларусь – птушыная краіна. Птушак у Сінявокай – больш за 300 відаў.
“Арніталягічныя экскурсіі ладзіць тут адназначна можна. Гэта цікавы і добры для ўмацаваньня здароўя занятак. Праўда праводзіць іх лепей альбо на досьвітку, альбо пад вечар, – зазначыла арнітоляг. – Да таго ж сьпевы некаторых птушак, напрыклад аўсянкі, добра кладуцца на вершыкі: “Сена нясі, не трусі”. Пявучы дрозд: “Філіп, Філіп, прыходзь чай піць”. Адметнасьць гэтага месца, што птушкі тут яшчэ непалоханыя. Яны жывуць у суладзьдзі і зь людзьмі, і зь іншымі супольнасьцямі”.
Распавядае пра птушак Галіна Захарава
“Тут будуць зьбірацца прыхільнікі ўсяго жывога”
Як падкрэсьліў Міхаіл Дук, “Адамаўскі фэст” задумваўся як магчымасьць вырвацца на прыроду, павандраваць, папрацаваць, паслухаць птушак ды музыкаў.
“У батанічным садзе Адамава было шмат экзатычных расьлінаў. Усё буяла, усё расло. Ад яго засталіся толькі парэшткі. Так і наша вёска будзе жыць і існаваць, пакуль тут будуць зьбірацца прыхільнікі ўсяго жывога: натуры, здаровай ежы, жывой музыкі. Тут ніколі ня будзе “фанэршчыкаў” – толькі жывое гучаньне”, – кажа Міхаіл Дук.
Па дарозе на сядзібу зь Міхаілам Дукам
“Моладзі патрэбна сустракацца, зазямляцца, размаўляць, бачыць, як жылі нашыя продкі. Глядзець у чыстае неба на зоркі і абдымаць адно аднаго”, – дадае краязнаўца.
Па словах Дука, колішні гаспадар сядзібы вядомы навукоўца Уладзімер Адамаў “уваходзіў у топ-100 тагачасных эўрапейскіх батанікаў”. Але яшчэ да яго тут была вялікая гаспадарка. І рос ужо старасьвецкі дуб, які не адно стагодзьдзе стаіць на азёрным схіле, уражваючы сваімі памерамі.
Самай вялікай заслугай Адамава спадар Дук лічыць стварэньне батанічнага саду: “Я ня ведаю, каб у Віцебскай вобласьці вёскі, акрамя, можа, Бачэйкава, мелі б такую багатую калекцыю расьлінаў-экзотаў. Шмат чаго з той калекцыі пайшло ў віцебскі батанічны сад”.
Каля сядзібы Адамава
“Захавалася шмат архіўных дакумэнтаў, летапісаў, інвэнтароў, якія трэба дасьледаваць і абагульніць. І найхутчэй, сядзіба гэтая гадоў на 100-150 старэйшая, чым мяркуецца. Неўзабаве будзем сьвяткаваць і афіцыйнае 500-годзьдзе вёскі”, – расказаў краязнаўца.
Канцэрт беларускіх музыкаў
Новы гаспадар сядзібы Ўладзіміра Адамава Максім Жукаў быў засяроджаны арганізацыяй выступу беларускіх гуртоў, таму інтэрвію не даваў. Празь некаторы час гучныя сьпевы парушылі навакольле.
Максім Жукаў
На канцэрт, дарэчы, прыехалі ня толькі гараджане – прыйшлі і мясцовыя жыхары, якіх было бадай што і болей. Музыка гучала да вечара.
С. Горкі