Пятніца, 17 Май 2019

Зьміцер Бартосік з “Клінікай кітайскага дантыста” даехаў нарэшце да Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Зьміцер Бартосік Зьміцер Бартосік

Прэзэнтацыя кнігі, выдадзенай у 2018 годзе ў сэрыі “Бібліятэка Свабоды”,  прайшла ў віцебскім “Эўрапейскім клюбе”. У кнігу ўвайшлі тэксты, падрыхтаваныя для перадачы “Вострая брама” на “Радыё Свабода”. Зьміцер Бартосік вёў у ёй рубрыку “Забыты адрас”.

Зьміцер Бартосік меўся прыехаць у Віцебск яшчэ ў красавіку, але тады сустрэча з розных прычын так і не адбылася. І нарэшце 14 траўня бард і пісьменьнік прэзэнтаваў сваю “Клініку кітайскага дантыста” ў нашым горадзе.  

Гэта ўжо трэцяя кніга беларускага барда, журналіста і пісьменьніка. Перад тым выйшлі “Чорны пісталет” (2002) і “Быў у пана верабейчык гаварушчы...” (2016).

Як трапна заўважыў кіраўнік беларускай службы “Радыё Свабода” Аляксандар Лукашук, “мы думалі, аўтар – актор, а ён драматург, мы думалі – журналіст, а ён філёзаф, мы думалі – бард, а ён паэт, мы думалі – пісьменьнік, а ён падарожнік”. І тыя, хто трапіў на сустрэчу з Бартосікам у Віцебску, мелі магчымасьць у гэтым пераканацца. Да таго ж непаўторныя тэмбар голасу і інтанацыі, зь якімі Зьміцер чытаў свае навэлі, дадавалі да зьместу ягоных тэкстаў цікавыя адценьні і характарыстыкі.

Навэлю, якая дала назву ўсёй кнізе, аўтар прачытаў не адразу. Ён нічога не тлумачыў, а проста чытаў тэкст. І сам тэкст тлумачыў усё: і пры чым тут “клініка кітайскага дантыста”, і дзе тая клініка, і што ў той клініцы было задоўга да таго кітайскага дантыста ў далёкім ангельскім Тотэнгэме, і пад якім прымусам папёрліся туды два беларусы…

А справа ў тым, што ў гэтым жа будынку 150 гадоў таму ўдзельнік паўстаньня 1831 году зь Віцебшчыны Аляксандар Рыпінскі меў друкарню і друкаваў кнігі на беларускай мове. Адну з тых кнігаў (брашуру “Нячысьцік”, 1853 г.) трымае ў руках адзін з герояў навэлі, нібы ў чарговы раз пераконваючы, што напісанае застаецца. Як застаецца нязьменным выгляд праз вакно пабу на старыя дрэвы сквэру на фоне старога гатычнага касьцёлу. Выгляд, які праз сваю нязьменнасьць і лучыць зь мінуўшчынай, з тымі беларускімі ўцекачамі-паўстанцамі, якія зьбіраліся ў тым самым пабе, каб пагаманіць пра Бацькаўшчыну і ідэалы свабоды.

 

У навэлі яшчэ шмат прыхаваных сэнсаў, якія чытач пры жаданьні адкрые сам, і гэта варта таго. Але назва кнігі вельмі ўдалая. Здавалася б, якое дачыненьне “клініка кітайскага дантыста” мае да ўсіх астатніх тэкстаў зборніку і чым яна іх лучыць? Але гэты вобраз вельмі тонка перадае зьменлівасьць, якая ў наш час набывае сапраўды глябальны характар. І толькі слова фіксуе тое, чаго ўжо няма ці ў хуткім часе ня будзе…

Акрамя тэкстаў з “Клінікі кітайскага дантыста”, Зьміцер Бартосік пазнаёміў віцяблянаў з новымі сваімі творамі. А значыцца – неўзабаве зьявіцца новая кніга няўрымсьлівага падарожніка і нетрывіяльнага літаратара.

Жыцьцёвыя акалічнасьці, аздобленыя мастацкім густам, падаліся настолькі арганічнымі, што лёгка можна было ўсумніцца ў іхняй рэальнасьці. Але, як патлумачыў аўтар, у ягоных тэкстах мастацкая выдумка адсутнічае, і ён распавядае пра цалкам рэальныя падзеі.  

Дарэчы, электронны варыянт кніжкі ўжо даступны ў інтэрнэце – бясплатна.

С. Горкі, фота аўтара