Віцяблянін Алесь Ткачоў заўзее за футбольны клюб “Віцебск” ад 1971 году. Падчас сустрэчы каманды з заўзятарамі 23 сакавіка ён запытаўся, чаму кіраўніцтва клюбу адхіліла прапанову ТБМ падаваць прозьвішчы футбалістаў на майках па-беларуску.
Форму атрымалі, цягнік сышоў…
Як распавёў Алесь Ткачоў, ён атрымаў на тое пытаньне стандартны адказ, якім найчасьцей карыстаюцца чыноўнікі, калі няма чаго сказаць. Маўляў, у краіне дзьве дзяржаўныя мовы, выбар быў зроблены на карысьць расейскай, форму ўжо атрымалі, цягнік сышоў, будзем гуляць з надпісамі па-расейску…
“У другім сваім пытаньні я спрабаваў дамагчыся хаця б якой шчырасьці. Справа ў тым, што каманда замовіла форму ў двух колерах. Дык запытаўся: “Чаму адміністрацыя ФК не пайшла на кампраміс і не зрабіла на форме аднаго з колераў надпіс на мове тытульнай нацыі?”
Алесь Ткачоў
“Як падалося, дырэктар клюбу Мікалай Вайцюхоўскі ды галоўны трэнэр каманды Сяргей Ясінскі адрэагавалі на мае заўвагі з паразуменьнем, а вось прэс-сакратар Юры Буракін, які, пэўна, і складаў адказ на ліст ТБМ, ня выявіў да прапановы аніякай прыхільнасьці”, – кажа заўзятар.
Што прапаноўваў ТБМ
Старшыня Віцебскай абласной рады ТБМ Юрась Бабіч у звароце да кіраўнікоў ФК “Віцебск” віншаваў клюб з пасьпяховым выступам у мінулым сэзоне (каманда фінішавала на 4-м месцы ў чэмпіянаце Беларусі) і прапаноўваў падаваць прозьвішчы футбалістаў на майках на беларускай мове.
“На сёньняшні дзень “Віцебск” – адзін зь нешматлікіх клюбаў нашага чэмпіянату з рускамоўнымі вэрсіямі прозьвішчаў гульцоў на футболках. На наш погляд, было б зусім лягічна і нам перайсьці на беларускую мову ў напісаньні прозьвішчаў – мову тытульнай нацыі. Гэта будзе сьведчаньнем павагі да нацыянальнай культуры, нацыянальных традыцыяў і да першай дзяржаўнай мовы нашай краіны,” – гаварылася ў звароце.
У адказе дырэктар ФК “Віцебск” Мікалай Вайцюхоўскі запэўніваў: “…мы вельмі любім родную Беларусь, родны Віцебск, займаемся патрыятычным выхаваньнем моладзі”. Пры гэтым паведаміў, што “на сходзе работнікаў установы прынятае рашэньне, як і раней, выкарыстоўваць рускую мову ў рабоце клюбу”.
Юры Бабіч: Усё пачынаецца з дробязяў…
Старшыня Віцебскай абласной рады ТБМ Юрась Бабіч, якога мы папрасілі пракамэнтаваць адказ клюбу, заўважае, што ТБМ ня раіў камандзе пераходзіць на беларускую мову ў працы, а толькі – напісаць па-беларуску прозьвішчы гульцоў на футболках.
“Ужо сам факт таго, што надпісы на майках зробленыя па-беларуску, сьведчыць, прынамсі, пра тое, што каманда пазыцыянуе сябе як беларуская. Усё пачынаецца з дробязяў. І асабліва важна гэта для Віцебску, дзе насамрэч маем вялікія праблемы з беларускамоўнай камунікацыяй ды візуальным афармленьнем на першай дзяржаўнай мове”, – кажа Юрась Бабіч.
“Канкрэтнага адказу на нашу прапанову ў лісьце не прагучала. Гэта проста фармальны адказ, які сьведчыць, што тыя, да каго мы зьвярнуліся, не імкнуцца да разгляду прапановы па сутнасьці, а імкнуцца як найхутчэй даць фармальную адпіску, каб адчапіліся. Я ня думаю, што гэта слушны падыход”, – мяркуе наш суразмоўца.
Фота: fc.vitebsk.by
Юрась Бабіч сам гуляе ў футбол, зь дзяцінства заўзее за мясцовую каманду, таму шчыра расчараваны такім адказам: “Літаральна два-тры клюбы застаюцца ў Беларусі, якія маюць надпісы прозьвішчаў гульцоў на форме не па-беларуску. І, на жаль, “Віцебск” у ліку гэтых клюбаў. Нават магілёўскі «Днепр» называецца цяпер “Дняпро”. На вялікі жаль, да нас не прыслухаліся…”
С. Горкі