На гэтым і мінулых тыднях у некалькіх раёнах Віцебшчыны прайшлі рэйды работнікаў Міністэрства надзвычайных сітуацый Рэспублікі Беларусь у межах спецыяльнага прафілактычнага мерапрыемства «Дом без пажару». Афіцыйна яго мэтай з’яўляецца папярэджанне пажараў і гібелі людзей у жыллёвым фондзе, аднак спосабы правядзення выклікаюць пытанні.
Пра гэтыя рэйды паведамлялі раённыя СМІ. У прыватнасці, газета ”Родныя вытокі “апублікавала матэрыял з фотаздымкамі, зробленымі самімі супрацоўнікамі МНС падчас наведванняў жыхароў Докшыцкага раёна. Акрамя таго, ратавальнікі праводзілі так званыя дваровыя сходы ў розных населеных пунктах, у тым ліку на Глыбоччыне, каб павысіць узровень інфармаванасці насельніцтва.
Асаблівую ўвагу, паводле прадстаўнікоў МНС, надавалі сацыяльна неабароненым катэгорыям — адзінокім сталым людзям, шматдзетным сем’ям, людзям з інваліднасцю. У Докшыцкім раёне абследавалі дамы, правяралі пажарныя апавяшчальнікі, праводзілі прафілактычныя гутаркі, у тым ліку ў вёсцы Беразіно і падчас маршрутаў аўтамагазіна па сельсаветах.
Міхаіл Таразевіч