Пятніца, 13 Люты 2026

Дэпутат адсправаздачыўся перад выбаршчыкамі. Лічбы сведчаць пра зніжэнне ягонай актыўнасці і недавер народа

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Уладзімір Бабічаў - дэпутат Палаты прадстаўнікоў, які балатаваўся па Талачынскай акрузе №30, куды ўваходзяць 4 раёны і нават больш: Талачынскі, Сенненскі, Дубровенскі, Лёзненскі і частка Аршанскага. Праз раённую газету “Голас Талачыншчыны” ён распавёў пра сваю дзейнасць за 2025 год – а гэта ўжо другі год ягонага дэпутацтва. Калі параўнаць са справаздачай за першы, то відавочна, што Уладзімір Бабічаў не надта шчыраваў у працы з насельніцтвам. І яно ў сваю чаргу таксама не вельмі імкнулася звяртацца да дэпутата па падтрымку.

Параўнаем лічбы апошняй справаздачы і папярэдняй. 
Сёлета Уладзімір Бабічаў правёў
-17 асабістых прыёмаў ( у мінулым перыядзе – 19), на якія прыйшлі 66 чалавек (у мінулым перыядзе - 58;
-8 прамых тэлефонных ліній ( у мінулым перыядзе 14), да дэпутата звярнуліся 23 чалавекі ( у мінулым перыядзе – 37 чалавек);
- 125 сустрэч з насельніцтвам і ў працоўных калектывах ( у мінулым перыядзе – 145).
Агулам за другі  год свайго дэпутацтва Ўладзімір Бабічаў  разгледзеў 140 зваротаў ( за першы – 102).

У мінулым годзе мы палічылі, што  да дэпутата звярнулася каля 0, 2% жыхароў выбарчай акругі  ( агульная колькасць 56 691 чалавек на момант выбараў). Чарговы гадавы тэрмін не адлюстраваў аніякіх якасных зменаў.

Затое па-ранейшаму Уадзімір Бабічаў хваліцца ідэалагічнымі дасягненнямі, а па-вялікім рахунку, развіццём мастацкай самадзейнасці. Відавочна, такія віды дзейнасці яму бліжэй – Бабічаў нарадзіўся на Дубровеншчыне, скончыў універсітэт культуры па спецыяльнасці “Рэжысура народных святаў”, неклькі гадоў адпрацаваў дырэктарам цэнтра народнай творчасці ў Дуброўна. Таму ён згадвае запачаткаваны ім «информационно-аналитический проект «РИНГ» (Реальность. История. Народ. Государство) на базе Толочинского района, народный слет «Маевка Фэст» в Сенно, который планируется сделать традиционным,  фестиваль единения сельских жителей «Талака Фест» в Сватошицах». Зрэшты, нават гэты пералік карацейшы за той, што быў у справаздачы за першы год дэпутацкай працы.

нагадаем, што абіраўся Уладзімір Бабічаў на безальтэрнатыўнай аснове - канкурэнтаў на выбары ў Палату прадстаўнікоў у яго не было. У мінулым ён - першы сакратар Віцебскай абласной арганізацыі ГА БРСМ, а цяпер - кіраўнік абласной арганізацыі РГА «Патриоты Беларуси». 


петр Сапрыкін