Як расказала дырэктарка Музэю Марка Шагала Ірына Воранава, традыцыя сьвяткаваць народзіны Давіда Сімановіча ў Арт-цэнтры Шагала вядзецца зь 2017 году, калі там зладзілі першую вечарыну – “На Пушкінскім мосьце цябе я чакаю”. На сёлетнюю імпрэзу таксама прыйшло шмат былых сяброў і знаёмых Давіда Сімановіча.
Вечарына пачалася ў дворыку Арт-цэнтру пэрфомансам “Віцебская карусэль” у выкананьні моладзевага тэатру “Кола”
Віншавалі паэта з народзінамі, чыталі вершы, сьпявалі, прамаўлялі цёплыя словы. Зьвярталіся да Давіда Рыгоравіча, быццам той прысутнічаў у залі. А так яно і было. Бо Давід Сімановіч стаў нашым “геніем месца”.
“Гэта расстаўляе ўсе кропкі над “і”
“Гэта вельмі кранальна, што да чалавека, і пасьля таго, як ён сышоў, прыходзіць так шмат людзей. Да яго па-рознаму ставіліся ў горадзе. Яго любілі жыхары, і да яго насьцярожана ставіліся гарадзкія ўлады – гэта ўсе адчулі на пахаваньні Давіда Рыгоравіча. Але тое, што адбываецца цягам чатырох гадоў пасьля яго сьмерці, расстаўляе ўсе кропкі над “і”. І я вельмі ўсьцешаная, што ў музэі Шагала зьявілася такая традыцыя”, – сказала гісторык і былая дырэктарка Музэю Марка Шагала Людміла Хмяльніцкая.
Выступае Людміла Хмяльніцкая
“Каб мы мелі тую ж сьмеласьць!..”
“Ведаеце, тут, сярод твораў Марка Шагала, успамінаючы Давіда Рыгоравіча Сімановіча, вельмі хочацца пажадаць нам усім ягонага аптымізму і ўменьня несьці свой культурны код, несьці яго паўсюль – у кожную школьную клясу і ў самыя высокія кабінэты…” – казала віцебская паэтка Людміла Сіманёнак.
Людміла Сіманёнак віншуе з народзінамі Давіда Сімановіча
“Хочацца пажадаць, каб мы мелі тую ж сьмеласьць і той жа нязводны аптымізм у вяртаньні Віцебску таго, што яму па праву належыць. Напрыклад, у вяртаньні цудоўнага імя княгіні Юліяніі Цьвярской, якая ў якасьці апякункі гораду куды як прыемней крыважэрнай княгіні Вольгі, якая памерла задоўга да афіцыйнай даты заснаваньня Віцебску. Або дачакацца таго часу, калі хаця б адна зь дзесяці вуліц Крупскай будзе перайменаваная ў імя Быкава, Барадуліна, Бураўкіна ды, урэшце, Давіда Сімановіча…” – дадала выступоўца.
“Ён быў крыху вар’ятам…”
Вясёлую гісторыю пра чытаньне Сімановічам вершаў на прэс-канфэрэнцыях “Славянскага базару” расказаў галоўны рэдактар часопісу “Мишпоха” Аркадзь Шульман.
Падчас імпрэзы
“У Давіда Рыгоравіча была цудоўная здольнасьць знаходзіць зь людзьмі агульную мову. Па-першае, ён быў вельмі добрым чалавекам, а дабрыня заўсёды адчуваецца на адлегласьці. Па-другое, ён быў глыбока перакананы, што ў цэнтры сусьвету знаходзіцца паэзія – і гэта таксама перадаецца па паветры. Па-трэцяе, як усе таленавітыя людзі, ён быў крыху вар’ятам. І гэта таксама было адчувальна. Я павінен сказаць, што без такіх, трошкі звар’яцелых, людзей сьвет становіцца шэрым і аднастайным. Такія людзі ўпрыгожваюць нашае жыцьцё. І наш горад…” – падсумаваў Шульман.
Сьвежае “Полымя” – з перакладамі Сімановіча
Падчас імпрэзы быў таксама прэзэнтаваны сьвежы нумар часопісу “Полымя” (№6, 2018), у якім апублікаваная падборка вершаў Давіда Сімановіча ў перакладзе на беларускую мову, а таксама артыкул “Засталася душа яго тут”. Нумар прэзэнтавала галоўная рэдактарка часопісу Алена Мальчэўская. Свае пераклады, якія ўвайшлі ў падборку, прачытала віцебская паэтка Алена Крыклівец.
Нумар часопісу ў руках дырэктаркі Музэю Шагала Ірыны Воранавай
Зь днём народзінаў Давіда Сімановіча віншавалі таксама паэт і перакладчык Уладзімер Папковіч, настаўнікі з Крынкаўскай школы, дзе ў свой час выкладаў Сімановіч, старшыня Віцебскага аддзяленьня літаратурнага саюзу “Полоцкая ветвь” Алег Сяшко ды іншыя. Гучалі сьпевы віцебскіх бардаў.
Выступае паэт і перакладчык Уладзімер Папковіч
Арганізатарамі вечарыны выступілі філялягічны факультэт ВДУ імя Машэрава, літаратурны клюб “ЛитКофейник” ды ўстанова культуры “Музэй Марка Шагала ў Віцебску”.
Зьміцер Міраш, фота аўтара