Нагадаем, пад пэтыцыяй аб перайменаваньні віцебскай ленінкі падпісаліся больш за паўтысячы чалавек.
Грамадзяне зьвярталі ўвагу чыноўнікаў на тое, што “гістарычная памяць дзеяча Уладзімера Леніна зь лішкам адлюстраваная ў розных кантэкстах”, а вось імя Францішка Скарыны ў Віцебску ніяк не ўшанаванае.
Ягораў: Пытаньне патрабуе дэталёвай прапрацоўкі
“Пытаньне аб перайменаваньні Віцебскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна патрабуе дэталёвай прапрацоўкі і вывучэньня грамадзкага меркаваньня, таму што такія дзеяньні могуць выклікаць нэгатыўную рэакцыю ў часткі насельніцтва”, – адказаў заяўнікам начальнік галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкаму Генадзь Ягораў.
Што праўда, ідэоляг не выключае і станоўчага вырашэньня пытаньня, але “наданьне імя ўсходнеславянскага першадрукара Францішка Скарыны было б дарэчы прымеркаваць да якой-небудзь знакавай даты ці юбілею”. “На жаль, сёлета юбілейных датаў, зьвязаных з Францішкам Скарынам, няма”, – гаворыцца ў адказе.
“Лічым прапанову ў дадзены момант немэтазгоднай”
Начальнік абласной ідэалёгіі спасылаецца таксама на тое, што “перайменаваньне пацягне дадатковыя выдаткі для самой установы”.
“Таму лічым дадзеную прапанову ў цяперашні момант немэтазгоднай”, – падсумоўвае чыноўнік.
Цяперашнюю – ленінскую – назву віцебская абласная бібліятэка атрымала ў 1938 годзе. Сёлета ўстанова культуры адзначае сваё 80-годзьдзе. Грамадзяне меркавалі, што гэта мелася быць добрай нагодай, каб нешта зьмяніць.
Нагадаем, што абласная філія ТБМ (“Таварыства беларускай мовы”) неаднаразова, у тым ліку і летась, прапаноўвала надаць бібліятэцы імя Васіля Быкава. Але і гэтая прапанова была адхіленая з тых жа прычын: “немэтазгодна”, “выкліча нэгатыўную рэакцыю” і г.д.
Зьміцер Міраш