У адрозьненьні ад іншых буйных гарадоў (Менск, Гародня, Магілёў, Жодзіна, Барысаў ды інш.) у Віцебску на пачатак навучальнага году не было аніводнай беларускамоўнай клясы. На думку старшыні Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ Юрася Бабіча, віцяблянам, якія жадаюць, каб іх дзеці вучыліся па-беларуску, крыху бракуе самаарганізацыі.
Але ўсё можа зьмяніцца налета. ТБМ гатовае адыграць ролю каардынацыйнага цэнтру для бацькоў будучых першаклясьнікаў.
ТБМ бацькам: “Абяцаем усялякую падтрымку і дапамогу”
“Я дакладна ведаю, што ў нас ёсьць бацькі, ахвотныя аддаць сваіх дзяцей у беларускамоўныя клясы і беларускамоўныя групы ў дзіцячых садках. Іншая справа, што многія папросту ня ведаюць, што рабіць і куды зьвяртацца. Дык вось, Віцебская абласная філія ТБМ можа выступіць своеасаблівым каардынатарам у гэтым пытаньні. З нашага боку абяцаем усялякую падтрымку і дапамогу. Зможам цэнтралізаваць інфармацыю і данесьці да ўладаў”, - кажа Юрась Бабіч.
Што да магчымасьці стварэньня беларускамоўных клясаў у наступным годзе, Юрась Бабіч запэўніў, што яшчэ сёлета знойдзена паразуменьне з начальнікам упраўленьня адукацыі Віцебскага аблвыканкаму.
“Яшчэ ў красавіку менавіта па гэтай праблеме мы разам з ганаровым старшынём Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ Ёсіфам Навумчыкам сустракаліся з кіраўніком абласнога ўпраўленьня адукацыі Дзьмітрыем Хамой. Абмяркоўвалі стан беларускамоўнай адукацыі на Віцебшчыне. У прыватнасьці, выйшлі з прапановай стварэньня ў буйных гарадах – у Віцебску, Полацку, Воршы, Глыбокім – беларускамоўных гімназіяў. З боку начальніка ўпраўленьня адукацыі знайшлі пэўнае паразуменьне. І ёсьць надзея, што ў 2018-м годзе прынамсі беларускамоўныя клясы ў горадзе зьявяцца. Будзем спадзявацца, што і ў іншых месцах таксама”, - паведаміў старшыня абласной філіі ТБМ.
Наконт беларускамоўных групаў у ВНУ: “Гэта праблема вырашальная”
Праекты пастановаў ТБМ, якія будуць разгледжаныя на зьезьдзе, прадугледжваюць таксама адкрыцьцё беларускамоўных групаў і плыняў у беларускіх унівэрсытэтах. Наколькі гэта будзе рэальна зрабіць, напрыклад, у ВДУ імя Машэрава, дзе на сёньня нават лекцыі па гісторыі Беларусі чытаюць па-расейску?
“Выкажу асабістае меркаваньне. Безумоўна, студэнтаў, ахвотных вучыцца па-беларуску, досыць шмат. Можа падацца, што іх мала і што, у прынцыпе, ніхто ня хоча. Але я штогод працую на розных факультэтах зь першымі курсамі і бачу ўчорашніх вучняў беларускамоўных школаў, якім бывае цяжка перайсьці на расейскамоўную тэрміналёгію. У той жа час выпускнікі расейскамоўных гарадзкіх школаў літаральна цягам некалькіх месяцаў даволі лёгка пераходзяць на беларускую мову – вялікіх праблемаў з гэтым не ўзьнікае.
Таму мне здаецца, гэтае пытаньне вырашальнае. Галоўнае, каб была воля. І найперш – воля кіроўных органаў”, - мяркуе Юрась Бабіч.
“Але думаю, што няма сэнсу неяк падштурхоўваць студэнтаў да гэтага, бо кожны мусіць прыйсьці сам да разуменьня неабходнасьці вучыцца на беларускай мове. Зразумець, што, па-першае, вучыцца па-беларуску яму будзе прасьцей, і, па-другое, што гэта ягоная родная мова і ён мусіць вучыцца па-беларуску”, - дадае.
Бібліятэка імя Быкава? “На жаль, зрухаў пакуль няма…”
Юрась Бабіч паведаміў таксама, што ініцыятыва ТБМ у справе перайменаваньня віцебскай “ленінкі” ў абласную бібліятэку імя Васіля Быкава пакуль што ня мае станоўчых вынікаў. Апошні ліст з прапановай аб перайменаваньні быў адпраўлены ў Віцебскі аблвыканкам яшчэ на пачатку 2017 году.
“На наш погляд, зрабіць гэта было б цалкам лягічна, бо сёлета існуе вялікая нагода для ўсёй беларускай культуры – 500-годзьдзе першай друкаванай кнігі. Але ў адказе, які мы атрымалі з аблвыканкаму, сказана, што “гэтае пытаньне патрабуе ўсебаковага абмеркаваньня”. Маўляў, ёсьць розныя пункты гледжаньня і ёсьць людзі старэйшага ўзросту, якія прызвычаіліся да таго, што бібліятэка доўгі час носіць імя Леніна… Пакуль да агульнага меркаваньня на гэты конт прыйсьці не атрымалася. І, па сутнасьці, зрухаў, якія б можна было назваць канкрэтнымі, на жаль, у гэтай справе няма”, - падсумоўвае наш суразмоўца.
“Ці будзем працягваць барацьбу за наданьне бібліятэцы імя Быкава? Безумоўна! І гэта не падлягае ніякаму сумненьню”, - запэўніў старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ.
Распавёў таксама, што працягваецца ліставаньне з уладамі і ў справе ўшанаваньня нашых славутых землякоў Генадзя Бураўкіна і Рыгора Барадуліна.
“Было абяцана, што ў Вушачах, на радзіме Рыгора Барадуліна, будзе зробленая адпаведная праца, і ягонае імя будзе нададзенае адной з установаў, напрыклад школе. Трэба нешта рабіць і ў Расонах, на радзіме Генадзя Бураўкіна, каб людзі ведалі пра славутага земляка. З нашага боку гэтае пытаньне ўвесь час актуалізуецца, але справа, па вялікім рахунку, ня рухаецца. Маўляў, гэта будзе рабіцца, але калі канкрэтна гэта будзе рабіцца – ніхто не гаворыць”, – патлумачыў Юрась Бабіч.
Зьміцер Міраш