Былы старшыня абласной арганізацыі ТБМ Ёсіф Навумчык, які на працягу дзевятнаццаці гадоў зьяўляўся яе нязьменным кіраўніком, яшчэ 14 лютага склаў свае паўнамоцтвы. Аднак, улічыўшы ягоны ўнёсак у дзейнасьць ТБМ, дэлегаты абласной канфэрэнцыі пакінулі яго на гэтай пасадзе ў якасьці ганаровага старшыні.
Пасьля сыходу Ёсіфа Навумчыка, старшынём абласной арганізацыі выбралі Юрыя Бабіча, які і адкрыў сёлетнюю канфэрэнцыю. Сярод іншага дэлегаты ўнесьлі зьмены ў склад абласной рады, якая зь сямнаццаці асобаў скарацілася да пятнаццаці. У якасьці старшыні рэвізійнай камісіі дэлегаты зацьвердзілі паэта Канстанціна Севярынца.
Зь Менску на канфэрэнцыю прыехалі кіраўнік рэспубліканскай арганізацыі ТБМ Алег Трусаў ды ягоная намесьніца Алена Анісім. Прысутнічаў на мерапрыемстве і Дзяніс Юрчак, галоўны спэцыяліст упраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкаму. Як кандыдат гістарычных навук і чалавек, абазнаны ў пытаньнях нацыянальнай культуры, падчас свайго выступу Дзяніс Юрчак знайшоў паразуменьне з прысутнымі ў залі прыхільнікамі беларускага слова. Гэткая акалічнасьць была ўспрынятая тэбээмаўцамі станоўча, бо прыўладная беларускасьць – зьява досыць абмежаваная ў тутэйшай дэнацыяналізаванай рэчаіснасьці.
Пасьля справаздачаў кіраўніцтва рады і рэвізійнай камісіі ў спрэчках выступілі больш за дзесяць дэлегатаў.
Валянціна Крук, прадстаўніца ТБМ з Полацку, зьвярнула ўвагу, што рашэньне гарадзкіх уладаў рэканструяваць сапсаваны помнік літары “Ў” было прынятае пад ціскам сяброў арганізацыі.
Выступ Алега Трусава тычыўся ня толькі надзённых пытаньняў дзейнасьці арганізацыі – акром іншага старшыня ТБМ зьвярнуў увагу на тое, што падчас сёлетняй выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў нацыянальна-арыентаваныя яе ўдзельнікі мусяць весьці свой дыялёг з народам менавіта па-беларуску.
Прыканцы канфэрэнцыі граматай ТБМ была ўганараваная актыўная сяброўка арганізацыі, паэтка з Падсьвільля Марыя Баравік.
С. Горкі
https://viciebskspring.org/news/kulturnyja-pravy/item/156-z-klopatam-pra-rodnae-slova-u-vitsebsku-prajshla-ablasnaya-kanferentsyya-tbm#sigProId562df9a84a