Аўторак, 24 Жнівень 2021

КПЧ ААН зарэгістраваў скаргу ўдзельніцы прэзідэнцкай гонкі 2020 году Наталлі Стрэльчанкі

Ацаніць гэты матэрыял
(14 галасоў)
Наталля Стрэльчанка Наталля Стрэльчанка

Актывістка партыі «Народная Грамада» з Дуброўна Наталля Стрэльчанка атрымала афіцыйны ліст з камітэту ААН па правах чалавека. Яе індывідуальная скарга зарэгістраваная пад нумарам 3946/2021. Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 году яна вылучалася ў межах стратэгіі «30 кандыдатаў пратэсту». Але яе ініцыятыўная група, як і групы Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага ды іншых кандыдатаў, не была зарэгістраваная выбарчай камісіяй.

20 студзеня 2020 году суд Дубровенскага раёну пакараў Наталлю Стрэльчанку за ўдзел у мірнай акцыі ў падтрымку незалежнасці Беларусі і супраць інтэграцыі з Расеяй, якая праходзіла ў Менску 20 снежня 2019 года. Суддзя Марыя Цыклінская аштрафавала актывістку на 25 базавых велічынь (на той час – 675 рублёў). Суд трактаваў дзеянні Стрэльчанкі як «удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» (арт. 23.34 КаАП). У інтэрв'ю «Віцебскай Вясне» у 2019 годзе Наталля Стрэльчанка заявіла, што выступае супраць інтэграцыі з Расеяй бо не хоча, каб яе дзеці служылі ў расейскім войску.

З выракам райсуду актывістка не пагадзілася і абскардзіла штраф у абласным судзе. 5 лютага 2020 году суддзя Ірына Смалякова пакінула яе скаргу без задавальнення, а рашэнне Дубровенскага суду без зменаў. Прайшоўшы ўсе ступені нацыянальнай судовай сістэмы (у тым ліку і Вярхоўны суд), актывістка была вымушаная звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека. Напісаць скаргу ў КПЧ ёй дапамог праваабаронца Леанід Судаленка. Цяпер дзяржава Беларусь мусіць адказаць КПЧ і прывесці свае довады.

На дадзены момант Наталля Стрэльчанка знаходзіцца па-за межамі Беларусі. «Я ўжо не вытрымала іх рэгулярных «наведванняў» і ціску, праз магчымае затрыманне і арышт вымушаная была зʼехаць», – кажа Наталля.

Усяго за апошні час у доме дубровенскай актывісткі адбыліся 5 ператрусаў. Апошні ператрус прайшоў 30 траўня, пасля чаго яна прыняла рашэнне зʼехаць з краіны.

Канфіскаваныя рэчы ёй так і не вярнулі.

Уладзімір Бяляўскі