Нядзеля, 29 Чэрвень 2014

Доктар Пастноў просіць дырэктара РНПЦ псыхічнага здароўя разабрацца «ў фактах выкарыстаньня псыхіятрыі з карнымі мэтамі»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ігар Пастноў Ігар Пастноў

Віцебскі псыхіятар-нарколяг Ігар Пастноў зьвярнуўся з адкрытым лістом да дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру псыхічнага здароўя Аляксандра Старцава, у якім просіць яго “асабіста разабрацца ў фактах выкарыстаньня беларускай псыхіятрыі з карнымі мэтамі”. Тэкст ліста разьмешчаны на сайце freeregion.info.

У якасьці прыкладу Пастноў прывёў выпадак з Алесяй Садоўскай з Маладэчна, якая была затрыманая ў ноч з 31 сьнежня 2011 году на 1 студзеня 2012 году і, паводле зьвестак праваабаронцаў, зьбітая супрацоўнікамі Маладэчанскага РАУС.

Паводле слоў Пастнова, “спрабуюць прызнаць, што дзяўчына ў стане поўнай адсутнасьці памяці” і накіраваць на прымусовае лекаваньне, у той час як рэспубліканская экспэртыза выявіла ў Садоўскай лёгкае разладзьдзе настрою. “Выступіўшы як лекар-спэцыяліст на судзе, я лёгка адмяніў гэтае рашэньне, спаслаўшыся на вызначэньне МКБ-10 манаграфіі прафэсара Еўсьцігнеева”, — піша лекар-актывіст.

Ён падкрэсьліў, што, згодна з рашэньнем суду, 26 чэрвеня Алесі Садоўскай неабходна прайсьці паўторную экспэртызу, у сувязі з чым Пастноў просіць Старцава прыняць яго з дакумэнтамі па гэтай справе. Паводле яго слоў, Алеся Садоўская “ня мае сур’ёзнай псіхапаталёгіі, што прызнана і ў Расеі”.

На думку Пастнова, “гісторыя Алесі Садоўскай будзе яшчэ больш гучнай”. “Калі ўсё ж яе адправяць на прымусовае лячэньне, то яна, як і я, будзе ахвярай карнай псыхіятрыі беларускага рэжыму, а беларускай псыхіятрыі ад гэтай ганьбы будзе складана адмыцца. Нават у суворыя гады сталінскіх і хрушчоўскіх рэпрэсіяў беларуская псыхіятрыя не запляміла сябе фактамі расправы над іншадумцамі”, — адзначыў лекар-актывіст.

Пастноў заявіў, што Беларусі прыйдзецца адказваць у Камітэце па правох чалавека ААН, які “прыняў маю справу як прыярытэтную”. Акрамя таго, лекар расказаў, што яго падтрымала незалежная Асацыяцыя псыхіятраў Расеі, зь якой ён цяпер супрацоўнічае. “Маю ў распрацоўцы некалькі спраў, калі псыхіятрыя замест абароны выкарыстоўвае праблемы пацыентаў. Усе яны будуць прадстаўленыя Сусьветнай арганізацыі псыхіятраў і падтрыманыя расейскімі псыхіятрамі, якія зьяўляюцца сябрамі Сусьветнай асацыяцыі псыхіятраў”, — напісаў Пастноў.

Нагадаем, у 2013 годзе Пастноў больш за месяц знаходзіўся на прымусовым лячэньні ў Віцебскім абласным клінічным цэнтры псыхіятрыі. Там ён апынуўся пасьля свайго чарговага відэавыступу ў інтэрнэце, у якім выказаў крытычныя меркаваньні аб стане віцебскай медыцыны, прымусовым кадаваньні ад алькагалізму, а таксама заявіў аб тым, што яго запужваюць прымусовым псыхіятрычным лячэньнем. 16 жніўня Пастнова забралі проста з працы ў псыхіятрычную лякарню, а 20 верасьня перавялі на дзённы стацыянар. Потым яму прапанавалі працу лекара-нарколяга ў гэтай жа клініцы.

БелаПАН