Серада, 06 Май 2020

Справай таксісткі зь Віцебску займаецца СК. Дзяўчына – у псыхіятрычнай лякарні

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

«Мэдыкі падрабязнасьцяў не паведамляюць, міліцыя маўчыць, ня ведаю, ці будзе разьбірацца пракуратура», – кажа маці таксісткі зь Віцебску, якую пасьля непадпарадкаваньня ДАІ зьмясьцілі ў псыхлякарню. AUTO.TUT.BY даведаўся, што праверкай справы з затрыманьнем дзяўчыны і нанясеньнем траўмаў інспэктару ДАІ займаецца зараз Сьледчы камітэт.

Нагадаем, на мінулым тыдні ў Віцебску ДАІ перасьледавала таксоўку, якая, па паведамленьнях відавочцаў, ледзь ня зьбіла на пераходзе сям'ю зь дзіцем. ДАІ выявіла падобную машыну і зладзіла пагоню. За стырном была 26-гадовая дзяўчына. Каб яе затрымаць, міліцыянты выбілі шкло ў таксі. Але затрыманьнем меркаванай парушальніцы гісторыя ня скончылася. Як высьветлілася, дзяўчыну прымусова шпіталізавалі ў закрытае аддзяленьне псыхіятрычнай больніцы.

«У Наташы сёньня дзень нараджэньня – 27 гадоў. А так нічога новага... Хіба што пасьля артыкулу на TUT.BY загадчык аддзяленьня, у якім ляжыць Наташа, паведаміла, што мая дачка мае патрэбу ў лячэньні і яны яе будуць назіраць. А колькі яна там будзе знаходзіцца – вырашыць суд, пасьля таго як пройдзе псыхіятрычная камісія», – распавядае маці дзяўчыны Ала Уладзіміраўна.

Ні ў лякарні, ні ў міліцыі жанчыне ўжо 5 дзён не паведамляюць, зь якой прычыны яе дачку прымусова шпіталізавалі. Па словах маці, да гэтага ў Натальлі ніколі не было праблем з псыхікай: жылы яна сабе ня рэзала, з дахаў ня кідалася, ніякіх нэрвовых зрываў не было – здаровая дзяўчына. Апошнім часам, праўда, яна шмат хвалявалася праз хваробу маці – сама яе лячыла, ставіла кропельніцы. Але 30 красавіка, у дзень, калі адбыўся інцыдэнт, ніякіх пераменаў у настроі маці не заўважыла.

Да Натальлі не даходзяць перадачы

«Дачку я ня бачыла ад 30 красавіка: у больніцу да яе не пускаюць, бо карантын. У якім яна стане – я ня ведаю. Таксама мне ня кажуць, чым яе лечаць. Пасьля размовы зь ёй па больнічным тэлефоне я была ў шоку: дачка некалькі разоў паўтарае адно і тое ж слова, губляе думку, такога раней ніколі не было...» – распавядае маці.

Не стала аргумэнтам для выпіскі і тое, што ў дзяўчыны вось-вось мусяць пачацца выпускныя іспыты ў ВНУ.

«А сёньня я паехала ў шпіталь і даведалася, што да Натальлі не даходзяць перадачы, якія я ёй прыношу, – так сказала мне дачка. Куды яны дзяюцца і куды я марную сваю пэнсію?»

Праверку праводзіць гарадзкі аддзел СК

Жанчына зьвярнулася з заявай у пракуратуру, каб правялі праверку ў дачыненьні да супрацоўнікаў ДАІ, якія затрымлівалі Натальлю. Аднак, паводле яе словаў, заяву не зарэгістравалі, проста папрасілі пакінуць паперы.

Камэнтаваць сытуацыю ў псыхіятрычнай лякарні і ў Галоўным упраўленьні аховы здароўя Віцебскай вобласьці AUTO.TUT.BY ня сталі: мэдычная таямніца.

Пра дэталі затрыманьня кіроўцы таксі, яе паводзінаў падчас афармленьня здарэньня, зьмяшчэньня яе ў псыхдыспансэр, а таксама аб траўмах інспэктара ДАІ карэспандэнту AUTO.TUT.BY не паведамілі і ва Ўпраўленьні ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму, адзначыўшы, што справай цяпер займаюцца сьледчыя.

Афіцыйны прадстаўнік СК па Віцебскай вобласьці Аксана Лазько паведаміла, што праверку па факце супрацьпраўных дзеяньняў у дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі праводзіць гарадзкі аддзел СК. Супрацоўніку міліцыі прызначылі судова-мэдычную экспэртызу для ўстанаўленьня наяўнасьці пашкоджаньняў на целе. Паводле вынікаў праверкі будзе зробленая прававая ацэнка сытуацыі.

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.