Апошнімі зьвесткамі пра сытуацыю зь лекарам Ігарам Пастновым дзеліцца віцебскі праваабаронца Пётар Іваноў: «Што мы робім? Ідзе праца над касацыйнай скаргай, яшчэ тры-чатыры дні гэта будзе працягвацца. Я прапанаваў нашым партыйным палітыкам правесьці пікеты ў падтрымку Ігара Пастнова. Пікеты маюць арганізоўваць сябры партыі БНФ, руху „За свабоду“ і гэтак далей — усе, хто неабыякавы да гэтай праблемы. Я ім прапанаваў, і яны падтрымалі маю прапанову».
Апрача заявак на пікеты, актывісты рыхтуюць зварот да пракурора Віцебскай вобласьці Генадзя Дысько. Прадстаўнікі руху «За свабоду», прыхільнікі сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада», сябры партыі БНФ і кампаніі «Гавары праўду» зьбіраюць подпісы пад калектыўным лістом, дзе просяць пракурора вынесьці пратэст на рашэньне суду Віцебскага раёну, які санкцыянаваў прымусовае псыхіятрычнае лячэньне Пастнова, кажа юрыст, сябар аргкамітэту па стварэньні сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» Аляксей Гаўруцікаў:
«Мы падрыхтавалі ліст ад групы грамадзянаў з прапановай прынесьці касацыйны пратэст у справе лекара Пастнова Ігара Аляксеевіча. Мы лічым, што за крытыку мэдустановаў Віцебскай вобласьці, за крытыку ўладаў, фактычна за іншадумства, яго зьмясьцілі ў псыхіятрычны шпіталь. Суд праходзіў у яго адсутнасьць, ён ня змог накіраваць туды свайго прадстаўніка, адваката, ня меў магчымасьці і сам выкласьці сваю пазыцыю суду».
Аляксей Гаўруцікаў падкрэсьлівае, што былі парушаныя канстытуцыйныя правы Пастнова — права на вольнае выказваньне сваіх думак і меркаваньняў, права на незалежны судовы разгляд, права на абарону ў судзе. Гэта таксама выкладзена ў звароце на імя пракурора вобласьці, які мае паўнамоцтвы апратэставаць рашэньне судзьдзі Тацьцяны Дзегцяровай.
Закрыты суд у справе Ігара Пастнова, ініцыяваны галоўным лекарам Віцебскага абласнога шпіталя Аленай Мартынавай, адбыўся 21 жніўня. Да таго часу Пастноў ужо некалькі сутак знаходзіўся ў 2-м закрытым аддзяленьні гэтага шпіталя, дзе раней працаваў лекарам-псыхіятрам. 16 жніўня яго зьмясьцілі на лячэньне да былых калегаў ужо ў якасьці пацыента. Здарылася гэта неўзабаве пасьля чарговага відэазвароту лекара Ігара Паснова да землякоў, дзе ён зноў скрытыкаваў працу мэдустановаў і псыхіятрычнай службы ў прыватнасьці. Таксама ён казаў, што кіраўніцтва шпіталя ім незадаволенае, што на яго напісаў заяву намесьнік галоўнага лекара па ідэалёгіі і што яму адкрыта пагражаюць прымусовым псыхіятрычным лячэньнем.
Сытуацыя, у якую трапіў Ігар Пастноў, «лекар-праўдаруб» актыўна абмяркоўваецца на незалежным інтэрнэт-сайце «Народныя навіны Віцебску». Чытачы прапануюць наладзіць абструкцыю галоўнаму лекару псыхіятрычнага шпіталя Алене Мартынавай: яны публікуюць яе кантактныя тэлефоны і зьбіраюцца тэлефанаваць ёй, каб выказаць пратэсты супраць дзеяньняў у дачыненьні да Ігара Пастнова.