Серада, 09 Кастрычнік 2013

Доктар Ігар Пастноў: Псыхіятрыя - гэта вельмі вострая зброя дзяржавы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ігар Пастноў Ігар Пастноў

Віцебскі лекар, які больш за месяц знаходзіўся на прымусовым псыхіятрычным лячэньні, а потым быў выпісаны на амбуляторны рэжым, некалькі дзён таму выйшаў на працу. Адміністрацыя абласнога цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі перавяла яго на іншую пасаду: цяпер ён працуе не ў шпіталі, а ў псыхіятрычным дыспансэры. Праца яго задавальняе, але з дыягназам “разладзьдзе асобы” ён ня згодны.

Ігар Пастноў лічыць, што такі дыягназ яму паставілі беспадстаўна: “Згодна зь міжнароднай клясыфікацыяй, прыкметамі разладзьдзя асобы паводле параноіднага тыпу зьяўляюцца, напрыклад, тэндэнцыя быць пастаянна незадаволеным чымсьці або кімсьці, падазронасьць, схільнасьць да скажэньня фактаў празь нейкія хібы ўспрыманьня, занадта ўважлівае або ваяўнічае стаўленьне да пытаньняў, зьвязаных з правамі асобы, наяўнасьць звышкаштоўных ідэяў. Я ня маю ні падазронасьці, ні схільнасьці скажаць факты. Я ніколі не казаў пра нейкія свае асабістыя крыўды, нейкі ціску на мяне асабіста. Не было ў мяне і звышкаштоўных ідэяў накшталт адпраўкі ў адстаўку старшыні аблвыканкаму Аляксандра Косінца. Да яго асабіста я ня маю прэтэнзіяў, але да яго дзеяньняў - маю. Чаму ў Віцебску пабудавалі двухпавярховы дом для абласных чыноўнікаў, а інфэкцыйны шпіталь чацьверты год на рамонце? Пра гэта трэба казаць гучна, каб недахопы былі ліквідаваныя”.

Віцебскага лекара гвалтоўна паклалі ў псыхіятрычны шпіталь неўзабаве пасьля чарговага крытычнага відэавыступу, выкладзенага на youtube. Ініцыятыву праявілі яго калегі - кіраўнік абласнога цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі Алена Мартынава ініцыявала паседжаньне камісіі, якая ў адсутнасьць Пастнова зрабіла высновы пра пагаршэньне яго псыхічнага здароўя. На гэтай падставе суд Віцебскага раёну санкцыянаваў прымусовае псыхіятрычнае лячэньне. Гэтаксама ў яго адсутнасьць.

Успамінае Ігар Пастноў: “Калегі зрабілі свае высновы, і суд іх прыняў пад увагу. Здаецца, усё законна: чаму суд не павінен давяраць спэцыялістам? Але псыхіятрыя - гэта вельмі вострая зброя дзяржавы. Яна можа выкарыстоўвацца ў любой сытуацыі - калі ёсьць спрэчкі за маёмасьць, калі кагосьці захочуць абвясьціць недзеяздольным, калі чалавек робіць занадта сьмелыя палітычныя крокі. Ды той жа самы хлопец, які на плошчы пляскаў у ладкі, таксама можа быць абвешчаны асобай зь неадэкватнымі паводзінамі! Пра мяне, напрыклад, напісалі, што ў маім псыхічным стане я магу зрабіць сабе шкоду. Заўважце, ня іншым, а сабе! І на гэтай падставе мяне схапілі наўпрост на працоўным месцы, зьмясьцілі ў псыхушку, не пусьцілі на суд, сілком прымушалі прымаць лекі… Але справа не ўва мне: пакуль дзейнічае існуючы закон “Аб аказаньні псыхіятрычнай дапамогі”, на маім месцы можа апынуцца кожны”.

Віцебскі лекар, якога недзяржаўныя СМІ называюць “праўдарубам”, хоча ініцыяваць ўнясеньне паправак у дзеючы закон. Ён перакананы, што яго выпісалі з псыхіятрычнага шпіталю, дзе ён знаходзіўся з 16 жніўня да 20 верасьня, у першую чаргу дзякуючы ўмяшаньню грамадзкасьці. 29 жніўня праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” заявіла пра гатоўнасьць прызнаць Пастнова вязьнем сумленьня. 2 верасня была прынятая сумесная заява БХК і ПЦ “Вясна” з нагоды прымусовай шпіталізацыі Ігара Пастнова. У сеціве зьявілася адразу некалькі пэтыцыяў для збору подпісаў за яго вызваленьне.

Цяпер спадар Пастноў спадзяецца, што праваабаронцы далучацца да яго ініцыятывы наконт унясеньня зьменаў у закон “Аб аказаньні псыхіятрычнай дапамогі”.

Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"