Субота, 19 Кастрычнік 2013

Ігар Пастноў: Я адчуваў сябе як дзяўчына, якую згвалцілі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ігар Пастноў Ігар Пастноў

У інтэрнэце зьявіўся новы відэавыступ віцебскага лекара, якога гвалтам накіравалі на прымусовае лекаваньне. Пасьля выхаду са шпіталю і амбуляторнага лекаваньня ўжо дома Ігар Пастноў выйшаў на працу. Ён па-ранейшаму ня згодны з псыхіятрычным дыягназам, пастаўленым віцебскімі лекарамі, і лічыць гэта помстай за свае ранейшыя крытычныя выступы. Ігар Пастноў гаворыць, што падчас псыхіятрычнага лекаваньня яму пастаянна ўкладалі думку пра тое, што ён — самотны, што яго ніхто не падтрымлівае, і што за яго няма каму заступіцца.

Як і раней, Ігар Пастноў зьвяртаецца да землякоў празь інтэрнэт-сэрвіс youtube. У звароце віцебскі лекар апавядае, што яму давялося перажыць у Віцебскім цэнтры псыхіятрыі і наркалёгіі. Да таго, як стаць пацыентам, ён працаваў у гэтай мэдычнай установе псыхіятрам-нарколягам. Але 16 жніўня яго проста з працоўнага месца забралі і прымусова зьмясьцілі на псыхіятрычнае лекаваньне.

Прыгадвае Ігар Пастноў: «Мае адчуваньні — гэта разьбітасьць, прыгнечанасьць і жывёльны страх. Я адчуваў сябе, як дзяўчына, якую згвалцілі. Прычым згвалцілі свае ж калегі, свае ж сябры, зь якімі кантактаваў, якім пасьміхаўся. Прычым зрабілі гэта з усьмешкай — маўляў, дзеля твайго ж здароўя… Я недарма параўноўваю свае адчуваньні з пачуцьцямі згвалтаванай дзяўчыны. Бо ўпершыню ў жыцьці я падпаў пад рэпрэсіі з боку людзей, якія маюць дзяржаўную ўладу. Я ніколі ня меў спагнаньняў — ні адміністрацыйных, ні крымінальных. І быў пэўны: калі я ня зьдзейсьніў ніякіх правапарушэньняў, то дзяржава заўжды ўстане на маю абарону. Але, на жаль, мой выпадак паказаў, што ў нас правоў — як у хамячкоў: абсалютна мы бяспраўныя сёньня».

Цяпер віцебскі лекар памяняў месца працы: з пачатку кастрычніка ён працуе у абласным псыханэўралягічным дыспансэры. Ён не хавае ад грамадзкасьці дыягназ, які паставілі яму віцебскія калегі: «разладзьдзе асобы паводле параноіднага тыпу». З гэтым дыягназам ён ня згодны, і мяркуе, што ягоныя знаёмыя, а таксама незнаёмыя людзі самі здольныя ацаніць, ці адпавядае такі дыягназ сапраўднасьці.

Віцебскі лекар хоча дамагчыся зьменаў у законе «Аб аказаньні псыхіятрычнай дапамогі». Інакш, кажа Ігар Пасноў, пацыентам вар’ятні можна зрабіць кожнага, хто крытыкуе ўлады ці яшчэ нейкія зьявы сучаснай беларускай рэчаіснасьці.

Пацыентам псыхіятрычнага аддзяленьня Ігар Пасноў стаўся неўзабаве пасьля таго, як у інтэрнэце зьявіўся яго відэавыступ. У ім лекар крытыкаваў працу віцебскіх мэдычных установаў, а таксама апавядаў пра тое, што кіраўніцтва Віцебскага абласнога цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі пагражае яму прымусовым псыхіятрычным лекаваньнем. Пагрозы ажыцьцявіліся: з 16 жніўня па 20 верасьня Ігар Пасноў прабыў у віцебскай вар’ятні, а потым працягваў лекавацца ў хатніх умовах пад наглядам лекараў. Прымусовае псыхіятрычнае лекаваньне для яго санкцыянаваў суд Віцебскага раёну. На працэсе не было ні самога пацыента, ні ягонага законнага прадстаўніка ці адваката. Віцебскі абласны суд пакінуў касацыйную скаргу на рашэньне суду першай інстанцыі без задавальненьня. Парушэньне правоў Ігара Паснова прызналі і беларускія і замежныя праваабаронцы.

Ігар Пастноў лічыць, што варта змагацца за адмену пастаўленага яму дыягназу. Гэты дыягназ, на ягоную думку, і не адпавядае сапраўднасьці, і дыскрэдытуе яго як асобу, бо кожны ягоны ўчынак адмыслоўцы цяпер могуць абвясьціць абвастрэньнем хваробы. Таму ён перадаў паўнамоцтвы па абароне сваіх правоў давераным асобам — віцебскаму праваабаронцу Пятру Іванову і палітыку Сяргею Рыжову.

Крыніца: Радыё Свабода