Няхай вяртаюць сквер!
Пра пажаданае аблічча плошчы Перамогі віцебскія ўлады маглі б і не пытацца: ужо дзясяткі петыцый і зваротаў былі накіраваны да іх з патрабаваннямі вярнуць зялёны куток у цэнтры гораду. Але брукаваная пустэча была бліжэйшая сэрцу тагачаснага старшыні аблвыканкаму Аляксандра Косінца, па рашэнні якога былі знішчаны клумбы з кветкамі і дрэвы рэдкіх відаў. Наступныя кіраўнікі гораду і вобласці толькі падтрымлівалі ягоную ініцыятыву.
Калі ў «Витебских вестях» з’явіўся заклік выказаць думкі наконт выгляду Плошчы Перамогі, у гарадскіх пабліках зноўку запанавала думка, што можна дамагчыся вяртання скверу. Абмеркаванне рэканструкцыі Парку імя Савецкай Арміі не выклікала практычна аніякай актыўнасці інтэрнэт-карыстальнікаў. А загадкавая фармулёўка наконт упарадкавання «прыдваровых тэрыторый з улікам брэндавых элементаў» спарадзіла хіба што насмешкі: маўляў, брэндавы элемент віцебскіх двароў – гэта яміны ў асфальце.
Тым часам, як некаторыя віцябляне песцілі надзею, што «улады нарэшце пачулі», і што Плошчу Перамогі вернуць у ранейшы стан, як праз 15 гадоў і безліч просьбаў сёлета вярнулі аўтэнтычны колер «сіняму дому», гарвыканкам выступіў ужо з афіцыйнай прапановай.
Афіцыйны конкурс наконт зменаў гарадскога асяроддзя
Брэндавыя элементы віцебскіх двароў чыноўнікі ўжо не згадваюць. А вось наконт зменаў для набярэжнай Дзвіны, Парку імя Савецкай Арміі, Плошчы 1000-годдзя Віцебску і Плошчы Перамогі гарвыканкам нібыта гатовы прымаць новыя ідэі.
Але гэта ўжо павінны быць не меркаванні шэраговых віцяблянаў, а «ідэі дызайн-канцэпцыі архітэктурна-ландшафтнага афармлення прасторы». Інакш кажучы, гэта ўжо не апытанне, а афіцыйны конкурс. Да ўдзелу ў іх запрашаюць тых, хто здольны прадставіць на першы тур «тэкстава – графічную прэзентацыю аб’екта, якая апісвае сацыяльную значнасць ідэі, раскрывае сутнасць, навізну і канкурэнтныя перавагі ідэі, якая ўключае ўстаноўку малых архітэктурных форм, дэкаратыўных скульптурных кампазіцый, кветкавых кампазіцый, творчых і гульнёвых пляцовак, сенсорных садоў ды іншага на тэрыторыі ўказаных аб’ектаў». Патрабаванні для тых удзельнікаў, што трапяць у другі тур, яшчэ больш складаныя: трэба будзе прадставіць мультымедыйную прэзентацыю сваёй ідэі, а таксама ацэнку матэрыяльных рэсурсаў для яе ажыццяўлення.
Такім чынам, меркаванне грамадскасці, якое мусіла б быць падмуркам для прафесійных распрацовак, віцебскія чыноўнікі ад пачатку паставілі ў залежнасць ад пазіцыі адмыслоўцаў. Толькі ці захочуць яны ўзяць удзел у такім конкурсе?
Што ў выніку? Падобна, што нічога
З умоваў конкурсу вынікае, што ўдзельнікі павінны распрацаваць свае канцэпцыі і ўвасобіць у візуальныя вобразы абсалютна бясплатна. Больш за тое: нават для пераможцаў не будзе аніякіх прызоў ці іншых матэрыяльных стымулаў. «Найлепшыя ідэі і праекты могуць быць рэалізаваныя за кошт бюджэтных сродкаў і ды іншых крыніцаў фінансавання», пішуць арганізатары. Уважлівы чытач разумее: «могуць быць рэалізаваныя», а могуць і «не быць».
На ўмовах ананімнасці адзін з віцебскіх архітэктараў падзяліўся сваім меркаваннем пра ўмовы конкурсу і яго верагодныя вынікі:
«Гэта каласальная праца, калі ты распрацоўваеш архітэктурную канцэпцыю некага гарадскога аб’екта, і вельмі адказная, калі вядзецца пра значны аб’ект, асабліва ў цэнтры. Я не бачу сябе ў шэрагу ўдзельнікаў ужо таму, што маю над чым працаваць за грошы, і не маю вялікага матэрыяльнага запасу, каб кінуць зараз працу і аддаць сілы і час дзеля ўяўнай перамогі. Прадбачу, што прафесіяналы возьмуць удзел толькі тады, калі ўжо маюць нейкія распрацоўкі, і не выключаю, што пра іх ужо вядома арганізатарам. Магчыма, будуць прадстаўлены і нейкія непрафесійныя «малюнкі на аркушыках у клетачку», але тут зусім без шанцаў».
Як паказвае досвед, ад падобных конкурсаў да ўвасаблення нейкай ідэі вядзе шлях у некалькі гадоў. Як было, прыкладам, з конкурсам скульптурных выяваў Альгерда ці Аляксандра Неўскага. Тады журы раіла шэрагу аўтараў нешта дапрацаваць, перарабіць, стварыць кааліцыю з іншым творцам і г.д. Да ўсяго, заўсёды можна сказаць, што ўлады пайшлі дэмакратычным шляхам і спыталі гараджан пра пераўтварэнні, але, на жаль, вартых прапановаў не было.
Таццяна Віктарава
Серада, 22 Чэрвень 2022
Ахвотныя могуць «рэканструяваць» плошчу Перамогі. Ці гэта рэальна?
Гарвыканкам абвясціў конкурс ідэй для добраўпарадкавання гарадскіх аб’ектаў у Віцебску. Спачатку абласная газета «Витебские вести» надрукавала заклік падзяліцца меркаваннямі пра магчымасць рэканструкцыі дваравых тэрыторый, Парку імя Савецкай Арміі і Плошчы Перамогі – той самай плошчы, на якой 14 год таму знішчылі сквер, заклаўшы ўсю прастору брукаванкай. Падобна, што пажаданні гараджанаў вярнуць усё, як было раней, спалохалі імітатараў дэмакратычнага працэсу вывучэння грамадскай думкі. І гарвыканкам перафарматаваў ініцыятыву, абмежаваўшы ўдзельнікаў строгімі правіламі.
Апублікавана ў
Грамадзянскія ініцыятывы
Тэгі: