Сабраныя подпісы будуць накіраваныя ў галоўнае ўпраўленне жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага аблвыканкаму і пракуратуру гораду Віцебску.
Ініцыятыўныя грамадзяне правялі аналіз заявак, пададзеных праз партал дыспетчарскай службы «115.бел» з 25 красавіка да 9 чэрвеня 2022 году і прыйшлі да несуцяшальных высноваў. Па іх падліках, за гэты перыяд было пададзена 22 заяўкі з паведамленнямі пра 14 правалаў грунту (большасць - у калодзежах) і 11 адкрытых калодзежаў або прыямкаў. Пры гэтым камунальнымі службамі, па сутнасці і ў поўным абʼёме, была выкананая толькі 1 заяўка. Астатнія звароты былі альбо пратэрмінаваныя, альбо перададзеныя ў іншыя арганізацыі. Але канкрэтнага плёну гэта не дало. Як сцвярджаюць аўтары петыцыі, усё гэта прыводзіць да траўмавання пешаходаў і жывёл. І падаюць канкрэтныя выпадкі: падзенне сабакі ў адкрыты калодзеж і пералом рукі ў дзіцяці з-за правалу пліткавага пакрыцця.
У сувязі з гэтым віцябляне просяць:
- прыняць неадкладныя меры па рэагаванні на ўказаныя заяўкі, каб прадухіліць магчымае траўмаванне жыхароў гораду і яго гасцей;
- прызначыць дакладныя тэрміны, калі будуць пачатыя і выкананыя неабходныя рамонтныя работы;
- выявіць вінаватых у цяганіне пры выкананні заявак з высокім узроўнем прыярытэту;
Праз немагчымасць неадкладнага рэагавання на ўказаныя заяўкі і прывядзення да бяспечнага ўзроўню абʼектаў інфраструктуры, віцябляне патрабуюць зрабіць захады для захавання бяспекі грамадзян (агароджы небяспечных абʼектаў, а таксама інфармаванне аб іх насельніцтва).
Сяргей Сцяпанаў