У Бешанковічах на вул.Чуклая ля будынка Цэнтра дзяцей і моладзі растуць блакітныя елкі. Па непацверджанай інфармацыі гэтыя елкі хочуць высекчы, а на іх месцы арганізаваць клумбы.
Група грамадзян, якая ініцыятавала зварот лічыць, што высечка дарослых здаровых дрэў у межах горада - гэта прамы шлях да пагаршэння экалогіі.
Згодна з арт. 7-1 Закона "Аб раслінным свеце" аднымі з асноўных прынцыпаў у галіне абыходжання з аб'ектамі расліннага свету з'яўляюцца захаванне біялагічнай разнастайнасці, а таксама рацыянальнае (устойлівае) выкарыстанне аб'ектаў расліннага свету.
У адпаведнасці з арт. 41 Закона "Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь" выканкамы ў межах сваёй кампетэнцыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам, распараджаюцца прыроднымі рэсурсамі ў выпадках і парадку, прадугледжаных заканадаўствам аб ахове навакольнага асяроддзя і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, а таксама арганізуюць азеляненне тэрыторый.
Грунтуючыся на арт. 14-1 Закона "Аб раслінным свеце", які замацоўвае права грамадзян на ўдзел у вырашэнні пытанняў, звязаных з аховай і выкарыстаннем расліннага свету, падаўцы петыцыі просяць улады адмовіцца ад ідэі высечкі дарослых блакітных елак або замяніць іх на буйнамеры такога ж віду.
Міхаіл Пісараў