На сваёй старонке сацыяльнай сеткі “Укантакце” сп. Доля напісала наступнае.
”Працую ў накірунку беларусізацыі Віцебскага краю. Там ёсць чым заняцца, скажу я вам. Склала спіс з 38 арганізацый, у якіх адсутнічае дзяржаўная беларуская мова на інфармацыйных парталах, спіс атрымаўся шматлікі, амаль чатыры дзесяткі арганізацый, у кожную з іх асабіста адправіла звароты. А яшчэ даслала той спіс ў Віцебскі аблвыканкам, каб ідэалагічны аддзел накіраваў прадпісанні прадпрыемствам і ўстановам аформіць беларускія версіі сайтаў, і яны гэта здзейснілі, прадпісанні разаслалі! ды яшчэ і мне падзякавалі: “Дзякуем Вам за ўвагу да пытанняў папулярызацыі і пашырэння сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства”.
Ужо ёсць станоўчы вынікі дзейнасці па-беларусізацыі інфармацыйных рэсурсаў.
У пачатку ліпеня з’явіцца беларуская версія сайта Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, тобок падчас лета ўсё зладзіцца і ў новы навучальны год студэнты пойдуць падмацаваныя беларускай мовай. Пра гэта паведаміў рэктар універсітэта Андрэй Кузняцоў.
З фабрыкі “Віцьба” ёй грунтоўна і змястоўна напісаў намесніца гендырэктара Вікторыя Сякіна: “Дзякуем за неабаякавасць і канструктыўныя заўвагі. З Вашым і нашым імпэтам усе прыхільнікі беларускай мовы здолеюць у поўнай меры карыстацца беларускамоўнай версіяй сайта КВУП “Кандытарская фабрыка “Віцьба”.
Зоя ўпэўнена, што з грамадскім здароўем на Віцебшчыне будзе поўны парадак. Галоўны санітарны ўрач "Віцебскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя" Уладзімір Сінкевіч аддаў загад беларусізаваць інфармацыю на сайце ўстановы. Яна ведае, што родная беларуская мова мае ўласцівасць паляпшаць фізічны і псіхалагічны стан беларусаў ды ствараць добры настрой.
Віталь Кажух