Аўтары ініцыятывы звяртаюць увагу чыноўнікаў, што «сквер быў не толькі ўтульным месцам, каб бавіць час, але і эстэтычнай ды экалагічнай славутасцю гораду». І нагадваюць, што сквер быў створаны ў гонар 30-годдзя вызвалення Віцебску ад фашысцкіх акупантаў і ў гонар 1000-годдзя гораду. А дрэвы для яго звозіліся з розных куткоў Савецкага Саюзу.
Актывісты ў звароце спасылаюцца на палажэнні Закону «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» і Закону «Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь», а таксама іншыя нарматыўна-прававыя акты.
Аўтары петыцыі просяць гарадскія ўлады:
- правесці архітэктурную перапланіроўку плошчы Перамогі, якая прадугледжвае размяшчэнне на ёй сквера;
- вынесці праекты новай архітэктурнай планіроўкі з улікам наяўнасці скверу на грамадскае абмеркаванне;
- уладкаваць сквер для адпачынку на тэрыторыі плошчы;
- забяспечыць добраўпарадкаванне тэрыторыі плошчы: усталяваць лаўкі і сметніцы.
Плошча Перамогі ў Віцебску – самая вялікая па памерах плошча ў Беларусі. Рашэнне аб яе рэканструкцыі і ліквідацыі скверу са шматлікімі рэдкімі для гэтых мясцін дрэвамі і кустамі прымаў асабіста Аляксандр Косінец, які на той момант быў старшынём Віцебскага аблвыканкаму.
Ці хопіць смеласці новым гарадскім і абласным уладам вярнуць гістарычнае аблічча плошчы? Аўтары петыцыі натхніліся вяртаннем аўтэнтычнага колеру так званаму «сіняму дому» у цэнтры гораду. За вяртанне гістарычнага аблічча будынку таксама выступалі многія гараджане. І мясцовыя ўлады быццам бы іх пачулі.
Віталь Аляксееў