Пра гэта паведаміў лідар віцебскай антысталінскай ініцыятывы Ян Дзяржаўцаў.
«Тое, што мы ўбачылі, нас вельмі непрыемна ўразіла: з 32-х раней усталяваных на магілах крыжоў 9 былі паламаныя, некаторыя прыхіленыя да дрэва, большасць жа валяліся на зямлі», - расказаў Дзяржаўцаў.
Па ягоных словах, гэта адбываецца сёлета ўжо не першы раз. Улетку два крыжы былі таксама паламаныя, быў зрэзаны адзін указальнік да месцаў масавых расстрэлаў, на другім ўказальніку знішчылі шыльду. Каму перашкаджаюць крыжы і хто іх знішчыў, застаецца толькі здагадвацца.
Акты вандалізму чыніліся і ў 2015 годзе: былі зламаныя і закінутыя ў балота пяць крыжоў. «Два з іх мы знайшлі самі, а два – з дапамогай міліцыянтаў, адзін жа, каторы быў з шыльдай з інфармацыяй пра тое, хто забіваў бязвінных беларускіх грамадзян падчас камуністычнага тэрору, так і не знайшлі», - удакладніў Ян Дзяржаўцаў.
Людзі мяркуюць, што гэтыя злачынствы рабіліся па загадзе ўладаў.
Міхась Пісараў