Чацвер, 04 Ліпень 2019

Адукацыйная сустрэча “Права жанчыны на права” прайшла ў Наваполацку

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Наваполацкая школа жаночага лідэрства “Мова жанчын” зладзіла адукацыйную сустрэчу пад назвай “Права жанчыны на права”. У якасьці экспэрта выступіла мясцовая юрыстка Марына Яфімава.

Падчас мерапрыемства закраналіся самыя розныя пытаньні: ці ёсьць у краіне гендэрная дыскрымінацыя, ці будзе дзяржава надалей ціснуць на беспрацоўных, як абараніць свае правы перад працадаўцам і многія іншыя.

Экспэртка заклікала слухачоў не забываць пра існаваньне ў нашай краіне Канстытуцыі, хай сабе не заўсёды яе палажэньні выконваюцца: “Вы не ўяўляеце, колькі разоў гэтая Канстытуцыя парушаецца!” – заявіла Марына. Тым ня менш, асноўныя правы, якія ў ёй прапісаны, трэба ведаць і спрабаваць іх адстойваць.

“Шмат якія правы ёсьць у Канстытуцыі, але няма ў галіновым праве. Абараніць правы ў гэтай сытуацыі магчыма, толькі калі апэляваць да Канстытуцыі, – дала параду юрыст.

«Школа Жанчын» стартавала ў Наваполацку ў канцы 2018 года, аб'яднаўшы вакол сябе некалькі дзясяткаў актыўных мясцовых жанчын з рознымі палітычнымі поглядамі.

«Вельмі даўно мы з каляжанкамі хацелі стварыць такую школу, дзе жанчыны маглі б атрымліваць веды па розных накірунках. Стварыць асяродзьдзе, дзе будзе ўтульна і камфортна, дзе можна задаць любыя пытаньні. Бо здараюцца такія сытуацыі, калі жанчыны ня ведаюць, да каго зьвярнуцца і дзе шукаць падтрымку”, – кажа Вольга Дамаскіна, адна з арганізатараў школы і сябра Рады руху “За свабоду”. Школа “Мова Жанчын” і сталася такім месцам.

Удзельніцы школы ня толькі сустракаюцца на цікавых імпрэзах. Яны атрымліваюць інфармацыю пра іншыя адукацыйныя магчымасьці і выкарыстоўваюць іх. Арганізатары школы імкнуцца падтрымаць актыўнасьць і лідэрскія якасьці жанчын.

“Трэба даць магчымасьць паверыць у свае сілы, не маўчаць, а казаць у голас пра тое, што іх хвалюе. Шмат для каго такая падтрымка вельмі важная!” – кажа Вольга Дамаскіна.

Уладзімер Бяляўскі