Панядзелак, 14 Студзень 2019

Школа лідэрства для жанчын стартавала ў Наваполацку

Ацаніць гэты матэрыял
(13 галасоў)

Аб’яднаньне актыўных жанчын рэгіёну — асноўная мэта новай школы «Мова жанчын», якая пачала працу ў Наваполацку. «Я хачу пазнаёміцца з досьведам жаночага лідэрства, пазнаёміцца з мэтадамі абароны асабістых поглядаў», «хачу камунікаваць зь людзьмі з актыўнай жыцьцёвай пазыцыяй», — тлумачылі ўдзельніцы свой выбар.

Арганізатары атрымалі больш за 30 заявак на ўдзел. «Мы атрымалі заяўкі на ўдзел у школе „Мова жанчын“ ад патэнцыйных удзельніц ня толькі з Полацку і Наваполацку, а таксама зь Лепеля і Верхнядзьвінску», — распавяла адна з арганізатарак школы, сябра Рады руху «За свабоду» Вольга Дамаскіна.

Першая сустрэча школы адбылася напрыканцы 2018 году. «Гэта сымбалічна, — кажа Дамаскіна. — Час, калі падводзяць вынікі мінулага году і строяць новыя пляны і мэты на наступны. У плянах „Мовы жанчын“ — абʼяднаць актыўных жыхарак гораду, падтрымаць іх лідэрскія якасьці, дапамагчы зрабіць так, каб іх голас быў пачуты, каб яны разам змаглі рэалізоўваць розныя ініцыятывы, якія прынясуць пазытыўныя зьмены ў грамадзянскай супольнасьці рэгіёну, і маглі адстойваць свае правы».

«І першая сустрэча паказала ўжо, што сабраліся аднадумцы: мы знаёміліся, дзяліліся досьведам, прафэсійнымі і асабістымі кампэтэнцыямі, вельмі чула слухалі адна адну, так, што ў досыць халодным памяшканьні адчулі сябе цёпла і камфортна, сапраўды сярод сваіх», — распавядае Тацяна Трафімава, таксама адна з арганізатарак.

«Нас — некалькі жанчын з розных сфэраў дзейнасьці, з рознымі поглядамі, але нам пашчасьціла сустрэцца, і нас абʼядноўвае тое, што мы лічым, што жанчыны могуць самі рабіць свой выбар і быць лідэркамі. Мы атрымлівалі веды, якімі з намі дзяліліся іншыя жанчыны, і цяпер надышоў момант, каб і мы маглі падзяліцца сваімі ведамі з жанчынамі нашага гораду», — патлумачыла Дамаскіна.

Ёсьць жанчыны, дадала яна, якія абсалютна камфортна сябе адчуваюць у ролі маці, хатняй гаспадыні. «Яны так рэалізуюць сябе і шчасьлівыя. А ёсьць жанчыны зь яркімі рысамі лідэрства, якім складана знаходзіцца толькі ў межах дома і сям’і. І рана ці позна гэта выліецца ў зьнешнюю рэалізацыю — у ролі арганізатара, кіраўніка яна будзе гуртаваць вакол сябе людзей і запускаць працэсы. Гэта нельга падаўляць, а трэба спрыяць і разьвіваць», — кажа Вольга Дамаскіна.

Удзел у школе «Мова жанчын» бясплатны. Сьпікеры і трэнэры арыентаваныя на тое, што жаночае лідэрства гэта ня толькі індывідуальны кар’ерны рост, але і захаваньне правоў жанчын на атрыманьне паўнавартасных і роўных магчымасьцяў.

«Мы намецілі тэму наступнай сустрэчы — гульні, скіраваныя на зьніжэньне ўплыву гендэрных стэрэатыпаў, ня толькі на мужчын, але перш за ўсё на жанчын», — кажа Трафімава.

«Для мяне жаночае лідэрства — гэта калі жанчына не спыняецца, ідзе наперад, а за ёй шырокая дарога, па якой ідуць ня толькі іншыя жанчыны, але і мужчыны. Мы разам будзем адкрываць новыя старонкі жаночага актывізму ў рэгіёне», — заключыла Дамаскіна.

pyx.by