Пятніца, 07 Верасень 2018

Ці магчымыя эфэктыўныя эканамічныя рэформы без палітычных? «Крэш-курс рэфарматара» даў адказ

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У Віцебску 5 верасьня прайшла адкрытая размова-лекцыя «Крэш-курс рэфарматара: як пабудаваць новую Беларусь». Арганізатарам стала беларуская грамадзкая арганізацыя «Цэнтар новых ідэяў», а ў якасьці сьпікераў выступілі Алесь Аляхновіч, асьпірант Варшаўскай школы эканомікі, і віцэ-прэзыдэнт Цэнтру сацыяльных і эканамічных дасьледаваньняў «CASE Belarus» ды заснавальнік «Цэнтру новых ідэяў» Рыгор Астапеня.

«Цэнтар новых ідэяў» першапачаткова паўстаў ў 2012 годзе як студэнцкі сайт «Ідэя», на якім разьмяшчаліся артыкулы на тэмы эканомікі і сусьветнай палітыкі. Затым у 2017 годзе сайт перарос у паўнавартасную грамадзкую арганізацыю, якая занялася дасьледчай і адукацыйнай дзейнасьцю, а таксама правядзеньнем адвакацыйных кампаніяў і арганізацыяй розных форумаў, сустрэч і канфэрэнцыяў на эканамічныя тэмы. Як напісана на сайце, місіяй цэнтру ёсьць імкненьне «зрабіць Беларусь сучаснай краінай праз адвакатаваньне рэформаў і аб’яднаньне новага пакаленьня беларускіх лідэраў».

Паслухаць сьпікераў сабралася каля 30 чалавек – прадстаўнікоў палітычных партыяў, грамадзкіх аб'яднаньняў ды проста актыўных жыхароў гораду.

Уся лекцыя была падзеленая на асобныя блёкі, кожны зь якіх тычыўся пэўнага пытаньня што да правядзеньня эканамічных рэформаў у Беларусі. Рыгор Астапеня і Алесь Аляхновіч, зьмяняючы адзін аднаго, па чарзе асьвятлялі свой блёк-пытаньне. Кожны са сьпікераў спрабаваў як мага прасьцей і даступней растлумачыць, навошта патрэбныя рэформы і як трэба іх праводзіць. У ходзе кожнага блёку сярод слухачоў ўзьнікалі шматлікія спрэчкі і крытычныя заўвагі – было відаць, што гэтая тэма людзей хвалюе і выклікае ў іх непадробныя эмоцыі.

Так, адзін з блёкаў тычыўся прыватызацыі і гучаў наступным чынам: Чаму Беларусі патрэбна прыватызацыя? На думку экспэртаў, прыватызацыя дзяржаўнай уласнасьці паспрыяе росту эканомікі, бо яна прыцягвае замежныя інвэстыцыі і зьмяншае карупцыю. А таксама ўзмацняе канкурэнцыю. А пры адсутнасьці канкурэнцыі людзі вымушаныя плаціць завышаны кошт за тавары і паслугі, бо ў дзяржаўных фірмаў няма стымулу для падвышэньня эфэктыўнасьці. Акрамя таго, пастаяннае ўмяшаньне дзяржавы ў эканоміку дае мала плёну.

Асноўныя блёкі былі прысьвечаныя правядзеньню рэформаў, якія павінны выроўніваць магчымасьці для ўсіх, – павышаць узровень школьнай і вышэйшай адукацыі, спрыяць большай мабільнасьці людзей, ствараць роўныя ўмовы вядзеньня бізнэсу, дапрацаваць мэтавыя праграмы сацыяльнай падтрымкі. Напрыклад, неабходна значна павысіць дапамогу па беспрацоўі, якая цяпер зьяўляецца адной з самых мізэрных ў сьвеце, бо падчас правядзеньня рэформаў многія дзяржаўныя прадпрыемствы вымушаныя будуць рэзка скараціць колькасьць працаўнікоў, а значыць, неабходна будзе іх неяк забясьпечваць, пакуль не паўстануць новыя працоўныя месцы.

Вырашальную ролю ў правядзеньні рэформаў адыгрывае палітычная воля кіраўніцтва краіны. Але ў нашага кіраўніцтва такой волі няшмат. Зрэшты, на думку лектараў, у Беларусі апошнімі гадамі назіраецца нязначнае паляпшэньне ў сфэры крэдытна-грашовай палітыкі (нізкая інфляцыя і адсутнасьць неабгрунтаванага росту заробкаў, а таксама памяншэньне фінансавай падтрымкі стратных прадпрыемстваў).

Выснова, якую можна зрабіць, праслухаўшы лекцыю: эканамічныя рэформы патрабуюць дэмакратыі. І без палітычных свабодаў немагчыма правядзеньне эфэктыўных зьменаў у эканоміцы. Але пытаньне, ці ўсьведамляюць гэта беларускія ўлады і ці пойдуць яны на пашырэньне правоў і свабод грамадзян, засталося адкрытым.

Уладзімер Бяляўскі