Чацвер, 23 Жнівень 2018

У «віцебскіх Курапатах» грамадзкасьць yшанавала ахвяраў дзяржаўнага тэрору

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

У Міжнародны дзень памяці і ўшанаваньня ахвяраў тэрарызму (21 жніўня) і напярэдадні Міжнароднага дня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў (23 жніўня) грамадзкія актывісты і жыхары Віцебску аддалі даніну памяці рэпрэсаваным за часамі сталінізму беларусам, забітым ва ўрочышчы Хайсы пад Віцебскам.

У кастрычніку 2014 году пра даваенныя пахаваньні рэпрэсаваных у лесе ля вёскі Хайсы даведалася ўся краіна. Ганебныя падзеі мінулага, пра якія даўно ведалі мясцовыя жыхары, сталі прадметам галоснасьці. З таго часу мінула амаль чатыры гады, але ўлада па-ранейшаму адмаўляецца прызнаваць забітых ахвярамі сталінскага рэжыму.

Адзінае, што застаецца прадстаўнікам грамадзянскай супольнасьці, –  рабіць сваю справу па ўшанаваньні памяці нявінна забітых беларусаў. Таму 21 жніўня грамадзкія актывісты і сваякі рэпрэсаваных прыйшлі ў хайсоўскі лес, каб ускласьці кветкі да памінальных крыжоў і нагадаць грамадзтву пра ахвяраў дзяржаўнага тэрору.

Старшыня грамадзянскай ініцыятывы «Хайсы» Ян Дзяржаўцаў патлумачыў:

– Сёньня мы прыйшлі сюды, каб ушанаваць іх сьветлую памяць.Ускласьці кветкі. Сваімі ўчынкамі мы дэманструем, што ставімся да рэпрэсаваных ня як да ворагаў народу, а як да бязьвінна пацярпелых пад час сталінскага тэрору. У гэтыя дні мы штогод прыяжджаем сюды. Ва ўрочышчы лякалізаваныя тры месцы, дзе мы паставілі крыжы. Улады адмаўляюцца прызнаваць, што іх папярэднікі расстралялі тут бязьвінных людзей, але ад сьведчаньняў мясцовых жыхароў нікуды не падзецца. Мы іх разумеем: яны – нашчадкі той злачыннай савецкай улады. І як ім прызнацца, што іхныя папярэднікі былі злачынцамі?

Рэдка якую беларускую сям'ю абмінула навала сталінскіх рэпрэсіяў. І дасюль сваякі рэпрэсаваных шукаюць месцы іх магчымых пахаваньняў. Гэтым разам урочышча Хайсы наведаў Анатоль Давыдовіч – унук расстралянага ў Віцебскай турме Антона Давыдовіча 1886 году нараджэньня, жыхара Шумілінскага раёну. Як найстарэйшы ў сям'і, ён палічыў за свой абавязак даведацца пра лёс дзеда, разам зь якім у той дзень, 13 ліпеня 1938 году,  расстралялі яшчэ 76 чалавек.

Анатоль Давыдовіч празь сьлёзы кажа:

– Закапаць такую колькасьць людзей недзе ў Віцебску немагчыма. Я мяркую, што яны мусяць ляжаць недзе недалёка ад гораду, у лесе. Зараз у мяне ідзе ліставаньне з КДБ гораду Віцебску. Каб прачытаць справу свайго дзеда, я мушу дакумэнтальна даказаць тое, што я ўнук свайго дзеда, а мой бацька – ягоны сын. Усе старэйшыя за мяне родныя памерлі. І адзінае, што ўдалося адшукаць, – мэтрыкі майго роднага дзядзькі. Цяпер трэба давесьці, што мой бацька і дзядзька – родныя браты.

З расповедаў бацькі я даведаўся, што дзеда забралі па надуманым абвінавачваньні. Ён быў калгасьнікам і недзе публічна заявіў, каб старшыня калгасу вярнуў калгасны ровар. Старшыня ровар не вярнуў, а дзеда ўначы забралі.

У 1959 годзе бабуля дамаглася, каб дзеда рэабілітавалі.

Сёньня прыехаў паглядзець на імавернае месца дзедавага пахаваньня.

Больш як дзьве гадзіны спатрэбілася актывістам, каб абысьці ўсе месцы, ушанаваныя  апошнімі гадамі, ускласьці кветкі, прыгадаць гісторыі, зьвязаныя з канкрэтнымі людзьмі, імёны якіх удалося вярнуць зь нябыту. Ля магілаў – памятныя крыжы, ля крыжоў  – кветкі, але ня толькі: дзе-нідзе дасюль валяецца ў лесе абутак рэпрэсаваных і дробныя фрагмэнты чалавечага шкілету, якія не прыбралі вайскоўцы 52-га пошукавага батальёну.

С. Горкі

1 камэнтар

  • Спасылка на Камэнтар yan Панядзелак, 27 Жнівень 2018 Дадаў yan

    Пад час камуна-фашысцкага тэрора пад кіраўніцтвам дыктатара Сталіна дзень і ноч рыскалі па краіне ў пошуках бязвінных хвяр апрычнікі людаеда Джугашвілі каб потым іх знішчыць.Па ўсіх рэспубліках СССР хапалі людзей Сталінскія карнікі , катавалі і забівалі нашых родных, найболей пацярпелі ад Сталінскіх тэрарыстаў Украіна і Беларусь. Украінскі гісторык Станіслаў Кульчыцкі прыводзіць лічбу 15000000 міл.чалавек ,менавіта столькі ўкраінцаў было рэпрасавана пад час камуністычнага тэрора,а калі ўлічыць ненароджаных імі дзяцей то атрымаецца жахлівая лічба, прыкладна 40000000 міл.чалавек. Страты беларусаў ад рэпрэсій склалі прыкладна 1600000 міл.чалавек. а з ўлікам дэмаграфічных страт прыкладна 5000000 міл.чалавек.Толькі ў Віцебскай вобласці па дадзеных І.М.Кузняцова энкавэдэшнікамі было расстраляна-36000 тыс.чалавек.Дзякуючы мясцовым жыхарам з навакольных вёсак у 2014 годзе мы даведаліся пра расстрэлы людзей пад час Сталінскага тэрора ва ўрочышчы Хайсы, пошукавікі з 52 батальёна ў 2015 годзе адкапалі -- 234 чалавекі, а ў 2017 годзе -- 305 чалавек, бессаромныя нашчадкі злачыннай Савецкай улады з лукашысцкай адміністрацыі г.Віцебска , нагла, хлусліва, бездоказна, на выснове ілжывых ,сфальсіфікаваных адчотаў археолага 52 пошуковага батальёна Таміліна В. ператварылі - 234 ахвяры Сталінскага тэрора ў нямецкія і пахавалі іх з гонарам у ваеннай брацкай магіле каля Должы. Парэшткі ж 305 чалавек адкапаныя ў 2017 годзе як мы нядаўна даведаліся ўлады хочуць пахаваць на грамадзянскіх могілках толькі не кажуць дзе і хутчэй за ўсё ізноў завядуць старую песню пра нямецкіх фашыстаў якія нібыта забілі мірнае насельніцтва, але як бы ні ізгаляліся перафарбаваныя камунякі-лукашысты , штоб ні казалі, падмануць беларускі народ ім не удасца , бо ёсць сведчанні людзей аб масавых забойствах у Хайсах пад час камуністычнага тэрора ў 1937-1940 гадах, а таксама гільзы і кулі ад Савецкай зброі якімі чырвоныя забойцы расстрэльвалі беларусаў, таксама стрэлы ў патыліцу-гэта почырк НКВД і дадзеныя археолагаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі : Крывальцевіча М.М і Іова А.В. якія кажуць што на выснове знойдзеных матэрыялаў можна зарабіць цьвёрдую выснову аб датычнасці энкавэдэшнікаў да расстрэлаў беларускіх грамадзян пад час Сталінскага тэрора.

    Паскардзіцца