Серада, 04 Красавік 2018

Каля сотні маладзёнаў наведалі адукацыйны маркет у Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Нефармальны адукацыйны маркет «Добрая нагода», што прайшоў у віцебскай арт-прасторы «VZAP», быў арганізаваны мясцовымі моладзевымі ініцыятывамі. Удзельнікамі імпрэзы сталі ў асноўным студэнты і старшаклясьнікі.

У залежнасьці ад сваіх захапленьняў кожны мог выбраць штосьці цікавае для сябе. Маладыя віцебчукі змаглі паўдзельнічаць ў воркшопах «Трансфармацыя малюнкаў мандалы» ад ініцыятывы «Крылы надзеі» і «Крафт-пакет» ад «Кухні33» – тут можна было навучыцца рабіць папяровыя пакеты сваімі рукамі; наведаць лекцыі: «Імпэрскае сацыяльнае ўяўнае і руская постсавецкая фантастычная літаратура» ад «Лятучага ўнівэрсытэту» ды «Зялёны офіс, і як арганізаваць мерапрыемства бяз шкоды для прыроды» ад «Экадому»; або паслухаць канцэрт.

На лекцыі па экалёгіі, якую праводзіў экспэрт зь Менску Дзіма Герыловіч, можна было азнаёміцца з асноўнымі прынцыпамі ўстойлівага разьвіцьця – накірунку, які набірае ўсё большую папулярнасьць у разьвітых краінах. Гэтаксама усе ахвотныя мелі магчымасьць прайсьці невялічкі экатэст, каб даведацца, які экасьлед яны пакідаюць на плянэце. Цікава было даведацца аб правільным рацыёне – як харчавацца з найменш шкодным узьдзеяньнем на навакольнае асяродзьдзе.

Паралельна на працягу ўсяго маркету праходзіла «Жывая бібліятэка», на якой можна было пачуць аповеды людзей зь незвычайным лёсам або рэдкай прафэсіі – нефармалку-анархістку, валянтэра дабрачыннай арганізацыі, актора лялечнага тэатру і іншых.

Мяркуючы па настроі ўдзельнікаў і наведвальнікаў, імпрэза прыйшлася па душы віцебскай моладзі. І яны даведаліся нешта новае і карыснае для сябе.

Уладзімер Бяляўскі

Залагініцца каб дадаць камэнтары