Панядзелак, 06 Лістапад 2017

У Віцебскіх актывістаў зьявілася «Добрая нагода» для сустрэч

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У віцебскім арт-бары «Торвальд» прайшла імпрэза пад сымбалічнай назвай «Добрая нагода», асноўнай мэтай якой было пазнаёміць паміж сабой актыўных людзей гораду, каб у далейшым яны пачалі сумесную дзейнасьць па рэалізацыі праектаў.

Арганізатары пазыцыянавалі імпрэзу гэткім чынам: «Магчымасьць пазнаёміцца з новымі людзьмі, якія неабыякава ставяцца да Віцебску і маюць жаданьне зрабіць горад лепшым».  І паведамлялі, што «нязмушаная атмасфэра сустрэч дапаможа наладзіць новыя кантакты, якія будуць карыснымі для супрацы паміж ініцыятывамі, арганізацыямі, актывістамі, органамі мясцовай улады і прыватнымі прадпрыемствамі. “Добрая нагода” праводзіцца ў фармаце грамадзкага кафэ і дазваляе весьці шчырыя і адкрытыя дыялёгі паміж усімі ўдзельнікамі. Узяць удзел у такой размове – гэта ня толькі падняць свой узровень кампэтэнцыяў і знаёмстваў».

На самым пачатку перад прысутнымі выступіў Віталь Броўка, уладальнік бару «Торвальд» і ініцыятар сустрэчы. Ён выказаў меркаваньне, што імпрэза будзе спрыяць разьвіцьцю мясцовых ініцыятываў, і актыўныя людзі, якія сюды прыйшлі, змогуць ня толькі абмеркаваць пытаньні або цікавыя ідэі, але і знайсьці сабе аднадумцаў і партнэраў.

Сярод удзельнікаў сустрэчы былі заўважаныя: прадстаўнікі апазыцыйных партыяў – сябры аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», чальцы партыі КХП-БНФ і партыі БНФ; а таксама прадстаўнікі грамадзкай арганізацыі «Залаты век» і ініцыятывы «Хайсы» (якая зусім нядаўна спрабавала атрымаць афіцыйны статус, але ўлады так і не зарэгістравалі яе), ды сябры іншых арганізацыяў.

На жаль, не было бачна толькі прадстаўнікоў мясцовай улады, хоць іх удзел і анансаваўся арганізатарамі. Ці то яны спалохаліся адкрытага дыялёгу, ці то проста ня ведалі пра сустрэчу. А шмат хто з удзельнікаў, асабліва прадстаўнікі апазыцыйных партыяў, менавіта таму і прыйшлі, каб зь імі паразмаўляць.

Сама сустрэча прайшла не зусім плённа. Выглядала, што прысутныя ня ведалі, як сябе паводзіць і што рабіць. Большасьць удзельнікаў папросту гутарылі са сваімі знаёмымі, якой-небудзь ініцыятывы не праяўлялі, ідэяў ды прапановаў не выказвалі. Толькі ўзьнятая адным з удзельнікаў праблема адсутнасьці ў горадзе роварных дарожак трохі разварушыла «актыўных грамадзянаў гораду», і яны пачалі дзяліцца меркаваньнямі наконт гэтага. Іншых ідэяў пачута не было.

Паводле задумы арганізатараў, падобныя сустрэчы павінны стаць рэгулярнымі і праходзіць у першы чацьвер кожнага месяца а 18:00 у тым самым месцы. Дык што актыўныя людзі гораду, відаць, яшчэ будуць мець магчымасьць сустрэцца і абмеркаваць розныя пляны і ініцыятывы.

Уладзімер Бяляўскі