29 кастрычніка, у Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, актывісты грамадзянскай ініцыятывы «Хайсы» пахавалі чалавечыя парэшткі, сабраныя імі пасьля сёлетняй нядбайнай працы 52-га пошукавага батальёну, і абазначылі месцы зьнішчэньня грамадзянаў у расстрэльным лесе як мэмарыял «Хайсы».
Прыгадвае жыхар Віцебску Аляксей Нікіцін, родныя якога паходзяць зь вёскі Дрыкольле:
– Мяне прывезьлі да дзядулі і бабулі ў Дрыкольле на пачатку вайны. Яны жылі ад гэтага месца зь нейкі кілямэтар. Я сам з 1936 году. Дык вось, як распавядаў мне бацька, людзей расстрэльвалі тут з 1937 году і аж да самай вайны. Жыхары навакольных вёсак Дрыкольле, Баравыя, Загор’е баяліся нават хадзіць сюды, хаця лес быў грыбны. Бо пасьля расстрэлаў зямля, кажуць, варушылася, нібы жывая. Да вайны, аднак, ніхто пра рэпрэсіі не размаўляў. І толькі пасьля сьмерці Сталіна пачалі прыгадваць. Вось на гэтым поле быў лес, увесь у магілах. У вайну лес сьпілавалі, а пасьля калгас выкарчаваў пні і заараў.
Кажа старшыня грамадзянскай ініцыятывы Ян Дзяржаўцаў:
– У гэты дзень у 1937 годзе ў Менску былі забітыя 132 прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі. У нас у Віцебску, паводле дадзеных “Мэмарыялу”, 80 год таму 29 кастрычніка было зьнішчана 6 чалавек. А вось 4 лістапада, па зьвестках гісторыка Аляксандра Лісава, недалёка ад Віцебску па сфабрыкаванай справе пазбавілі жыцьця 112 рэпрэсаваных грамадзянаў. Сярод іх прадстаўнікі віцебскай інтэлігенцыі: выкладчыкі Віцебскага мастацкага тэхнікуму браты Пётар і Хрыстафор Даркевічы, Яўхім Мінін, мастак Янка Гаўрыс... Я не кажу дакладна, што ўсе яны ляжаць у Хайсах. Гэта можа быць і Цёплы лес, і лес ля вёскі Паляі, дзе таксама расстрэльвалі.
Пра тое, што зьнішчэньне грамадзянаў, парэшткі якіх мы сёньня пахавалі, работа НКУСаўцаў, кажуць сёлетнія знаходкі пошукавага батальёну, але ўлада ня хоча прызнаваць гэтага факту да сёньняшняй пары. Знойдзеныя пошукавікамі кулі ад кольта і нагана ды чарапы з адтулінамі ў патыліцы сьведчаць толькі аб адным – расстрэльвалі сталінскія каты.
Мы робім тут народны мэмарыял, а вось улада да гэтай справы ніяк не далучаецца. Ня ведаю, на чый загад з СГВ “Мазалавагаз” выкінулі сюды гэты гной і збуцьвелыя цюкі саломы амаль пад самыя крыжы, якія мы ўсталявалі забітым, але гэткае стаўленьне абурае. Я лічу, што гэта зроблена наўмысна! Калі ж неўсьвядомлена, то трэба быць без мазгоў і тармазоў, каб не разумець гэткага вычварэнства.
Зьняважлівае стаўленьне кіраўніцтва СГВ “Мазалавагаз” да народнай памяці абурыла і астатніх удзельнікаў нядзельнай талакі.
Хавалі парэшткі, знойдзеныя на месцах раскопак пошукавікаў: невялікі чэрап ды каля сотні дробных чалавечых костак. Сярод костак – тры сківіцы, што дае меркаваць, што сабранае належыць розным людзям. Невялікі чэрап з уваходнай адтулінай ад кулі ў патыліцы і выходнай са скроні, найхутчэй, належаў жанчыне.
Пакуль актывісты апускалі труну і закопвалі магілу, па лесе разносіліся тужлівыя гукі рэквіему. Разносіліся, каб памяталі, каб ніколі не маглі паўтарыцца злачынствы, зьдзейсьненыя некантраляванай народам уладай.
https://vitebskspring.org/news/hramadzjanskija-inicyjatyvy/item/2523-pad-vitsebskam-stvaraetstsa-narodny-memaryyal-khajsy-u-pamyats-akhvyarau-palitychnykh-represiyau#sigProId358c136f45
С. Горкі