Даведаўшыся пра збор сродкаў на помнікі для родных Васіля Быкава, браты Бакіноўскія вырашылі ўсталяваць іх за ўласны кошт. 17 жніўня супрацоўнікі фірмы “Гранітны сьвет” і некалькі валянтэраў паставілі тры надмагільлі на кладах у вёсках Ваўчо і Бычкі Ўшацкага раёну.
Іван Бакіноўскі гэтак патлумачыў сваю ініцыятыву:
– А чаму не дапамагчы, калі ёсьць такая магчымасьць? І пры гэтым абсалютна няважна, ў якую суму абышліся помнікі. Ведаеце, у мяне такая праца, што пэрыядычна даводзіцца камусьці дапамагаць, у тым ліку і простым людзям, – са значнымі зьніжкамі. Калі бачыш перад сабой чалавека, якому бракуе сродкаў, чаму не дапамагчы? Камні для помнікаў добрыя – будуць стаяць доўга. Дарэчы, разам са мной прыехалі два валянтэры, якія патэлефанавалі мне і папрасілі ўзяць іх з сабой. Для аднаго зь іх Васіль Быкаў – улюбёны пісьменьнік.
Добрая справа па ўшанаваньні памяці блізкіх пісьменьніка аб’яднала ня толькі тых, хто непасрэдна займаўся ўсталяваньнем, але і шэраг іншых асобаў, сярод якіх былі і некалькі беларусаў з далёкай Канады, якія, даведаўшыся пра падзею, вырашылі засьведчыць яе сваёй прысутнасьцю.
Першапачаткова ж ініцыятыва па зборы сродкаў на помнікі Валянціне Быкавай і ейным ды Васіля бацькам належала Глебу Лабадзенку:
– Год таму, калі ня стала Валянціны Ўладзімераўны, былоо зразумела, што трэба думаць пра яе помнік. А заадно і пра помнікі для бацькоў Васіля і Валянціны, бо яны ставіліся за савецкім часам з гранітнай дробкі і вытрымліваюць гадоў трыццаць. Яны ўжо пачалі развальвацца, і я падумаў, што трэба за адным скрыпам ставіць тры помнікі. Пачалі зьбіраць грошы, але раптам падахвоціліся браты Бакіноўскія зь фірмы “Гранітны сьвет”, якія сказалі, што зробяць помнікі бясплатна.
Сястра Васіля Ўладзімеравіча Валянціна пахаваная на могілках каля вёскі Ваўчо побач са сваім мужам Аляксандрам. Спачатку помнік усталявалі ёй, але перад тым працаўнікі вымушаныя былі паправіць помнік яе мужу, які за доўгія гады заўважна прасеў пад сваім цяжарам. Гэтая акалічнасьць вымусіла зрабіць значны дадатковы аб’ём работ.
У гэты дзень наведала ваўчанскія могілкі і ўдава Рыгора Барадуліна Валянціна Міхайлаўна, якая добра ведала Валянціну Быкаву.
Бацькі ж Васіля Быкава Ўладзімер Хведаравіч і Ганна Рыгораўна пахаваныя ў вёсцы Бычкі за дваццаць кілямэтраў ад Ушачаў. На бычкоўскіх могілках папрацаваць давялося таксама нямала, бо спачатку супрацоўнікі фірмы вымушаныя былі дэмантаваць старыя помнікі, а пасьля паставіць новыя, што было зусім няпроста.
https://vitebskspring.org/news/hramadzjanskija-inicyjatyvy/item/2410-dabrachynnasts-u-dzeyanni-na-ushachchyne-ushanavali-pamyats-kreunykh-slavutaga-pismennika#sigProIdc0257bb0a2
С. Горкі