Удзельнікі круглага стала “Экалягічныя праблемы басэйна Заходняй Дзьвіны” акрэсьлілі асноўныя праблемы ракі, шукалі спосабы іх вырашэньня, а таксама ініцыявалі стварэньне сеткі мясцовых ахоўнікаў.
Эколягі супраць будаўніцтва ГЭС
На пачатку імпрэзы з прэзэнтацый выступіла Натальля Парэчына – каардынатарка праекту Цэнтру экалягічных рашэньняў. Значную частку выступу экспэрт прысьвяціла Віцебскай ГЭС.
“ГЭС не зьяўляецца экалягічна чыстай крыніцай энэргіі. З той простай прычыны, што вельмі шмат экалягічных праблемаў узьнікае пры будаўніцтве – ад затапленьня ложа вадасховішча да зьніжэньня біяразнастайнасьці ў рацэ ніжэй па цячэньні”, – казала Натальля.
Натальля Парэчына
Гэтак, паводле яе інфармацыі, будаўніцтва і функцыянаваньне Віцебскай і Полацкай ГЭС прывялі да шматлікіх праблемаў, а менавіта:
- Зьнізілася ўтрыманьне кіслароду ў вадзе, што можа прывесьці да зьнікненьня такіх відаў рыб, як галец, ялец, рыбец, быстранка, галавень, жэрах.
- Падчас будаўніцтва станцыяў была праведзеная ачыстка берагоў ад расьліннасьці па даўжыні рэчышча на працягу больш за 100 кілямэтраў, што прывяло да эрозіі берагоў. Праектам было прадугледжанае бетанаваньне берагоў і ўзьвядзеньне ахоўных збудаваньняў, але зроблена было далёка ня ўсё.
- Былі затопленыя далямітавыя кар'еры ў Рубе. Таксама – затопленыя некаторыя населеныя пункты.
- Рака зарастае багавіньнем і забалочваецца.
Між тым, улады плянуюць пабудаваць яшчэ станцыі ў Бешанковічах і Верхнядзьвінску. Што праўда, будаўніцтва праз недахоп фінансаваньня пакуль не пачалося. Натальля выказала надзею, што грошы так і ня будуць знойдзеныя, бо будаўніцтва яшчэ двух гідраэлектрастанцыяў на рацэ прывядуць да экалягічнай катастрофы ў рэгіёне.
Праблемы са сьцёкамі і водаачысткай
Акрамя гідраэлектрастанцый ёсьць у Заходняй Дзьвіны і іншыя ворагі. Гэта найперш прамысловыя і камунальныя прадпрыемствы, якія праводзяць недастатковую ачыстку сьцёкавых вод.
“На жаль, па некаторых парамэтрах у нас наогул нічога ня чысьціцца, а па іншых – чысьціцца недастаткова. Праблемаў вельмі шмат. І тут, куды ні ткні, усюды праблемы. І, натуральна, купацца ў рацэ ніжэй гораду нельга”, – паведаміла Натальля.
Яна таксама адзначыла кепскі стан гарадзкіх ліўневых каналізацыяў, асабліва ў Полацку і Віцебску. Так, толькі ў нашым горадзе каля 100 ліўнёвак маюць патрэбу ў рамонце.
Небясьпечныя і сьцёкі біягенных рэчываў з сельскагаспадарчых палёў. У басэйне ракі распаханасьць зямель складае 62,8%, на жывёлагадоўчых фэрмах налічваецца 530 000 галоваў буйной рагатай жывёлы, 445 000 сьвіней і 6 395 000 – птушкі.
Прыклад “Воднага кантролю”
У рашэньні экалягічных праблем вялікі ўнёсак могуць зрабіць актывісты-эколягі і простыя неабыякавыя грамадзяне.
Яны могуць выяўляць правапарушэньні ў галіне аховы і выкарыстаньня прыродных рэсурсаў (удзельнічаць у рэйдах), праводзіць інфармацыйна-тлумачальную працу з насельніцтвам аб навакольным асяродзьдзі, выяўляць факты парушэньня прыродаахоўнага заканадаўства, тэрмінах збору дзікарослых ягад, правілах нарыхтоўкі драўніны. Могуць таксама ўдзельнічаць у пратэставых акцыях.
Прыкладам таму можа служыць грамадзкі праект маніторынгу калодзежаў і забруджваньняў водных рэсурсаў “Водны Кантроль”. База дадзеных на сайце папаўняецца актывістамі з усёй краіны. Кожны жадаючы можа накіраваць паведамленьне аб факце забруджваньня вадаёмаў праз форму на сайце. Атрымаўшы сыгнал, супрацоўнікі арганізацыі накіроўваюць афіцыйныя запыты мясцовым органам улады. На сайце ўжо разьмешчаная інфармацыя аб 17 фактах забруджваньняў водных рэсурсаў на тэрыторыі Віцебскай вобласьці, а таксама дадзеныя пра зьмест нітратаў у 250 калодзежах рэгіёну.
Пра басэйнавыя саветы
Юрыст грамадзкага аб'яднаньня “Экадом” Рыгор Фёдараў выступіў з дакладам “Права грамадзкасьці на ўдзел у працы басэйнавага савету”. Выступоўца азнаёміў удзельнікаў імпрэзы з правіламі фармаваньня і функцыянаваньня басэйнавага савету ў нашай краіне, распавёў аб Орхускай канвэнцыі.
Рыгор Фёдараў
Аказваецца, так званыя “басэйнавыя саветы” ў нашай краіне носяць чыста фармальны характар. Гэтак, зь 15 прызначаных сябраў – толькі адзін прадстаўнік грамадзкасьці. Усе астатнія – чыноўнікі, ды і зьбіраюцца яны нерэгулярна. А савет па Заходняй Дзьвіне нават яшчэ ня створаны. Прынятыя саветамі рашэньні носяць рэкамэндацыйны характар, таму ўплываць на рашэньні экалягічных праблем яны ня могуць.
Няма доступу да інфармацыі
Прадстаўнік «Кааліцыі Чыстай Балтыкі» з Калінінграду кандыдат біялягічных навук Дзьмітрый Філіпенка выступіў з дакладам “Грамадзкі экалягічны маніторынг як інструмэнт басэйнавага кіраваньня рэк Балтыйскага мора”, у якім дзяліўся досьведам расійскіх калегаў.
Дзьмітрый Філіпенка
Як адзначылі ўдзельнікі круглага стала, вялікай праблемай зьяўляецца ня толькі ўласна забруджваньне ракі, але і адсутнасьць у грамадзян свабоднага доступу да інфармацыі. Знайсьці, напрыклад, анонс аб грамадзкіх абмеркаваньнях справаздачы аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе плянаванага будаўніцтва таго ці іншага аб’екту бывае практычна немагчыма. І робіцца гэта спэцыяльна, каб не прыцягваць увагі грамадзтва да будаўніцтва экалягічна брудных аб'ектаў – да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі сустрэчы.
Уладзімер Бяляўскі, фота аўтара