Панядзелак, 04 Сакавік 2019

Форум “Прастора” ў Віцебску. Як зьмяніць стабільнасьць на ўстойлівае разьвіцьцё

Ацаніць гэты матэрыял
(18 галасоў)
У Віцебску прайшоў IV ўрбанфорум "Прастора" У Віцебску прайшоў IV ўрбанфорум "Прастора"

У Віцебскай абласной бібліятэцы ў першы дзень вясны прайшоў IV ўрбаністычны форум “Прастора”. Сёлета ён быў прысьвечаны тэме “Устойлівае кіраваньне гарадамі”. Карэспандэнт ВВ пабываў на імпрэзе.

У форуме ўзялі ўдзел прадстаўнікі 10 гарадоў Беларусі і расейскага Санкт-Пецярбургу. Сярод іх – дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Тацяна Старынская, намесьнік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Віктар Глушын, былая кандыдатка ў прэзыдэнты ад грамадзкай арганізацыі “Гавары Праўду” Тацяна Караткевіч, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ Кастусь Смолікаў. Акрамя таго, на імпрэзе прысутнічалі шмат чыноўнікаў рознага ўзроўню, грамадзкія актывісты, навукоўцы, бізнэсоўцы, экспэрты.

Сьпікеры і ўдзельнікі форуму закраналі ў сваіх выступах пытаньні экалёгіі, горадабудаўніцтва, аднаўляльных крыніц энэргіі, казалі пра новыя тэндэнцыі ў развіцьці рынку працы, пра трэнды ў лягістыцы і грамадзкім транспарце, расказвалі пра “зялёныя тэхналёгіі” і г.д.

Дзелімся ўражаньнем: адразу кінулася ў вочы, што амаль усе разгляданыя на імпрэзе кейсы насілі глябальны характар – мясцовая павестка бадай што адсутнічала. На вялікім экране мільгалі фатаграфіі азіяцкіх мэгаполісаў, веладарожкі ў эўрапейскіх гарадах, графікі і статыстыка ААН-аўскіх справаздачаў.

Тры балянсы для разьвіцьця

Дацэнт кафэдры “Кіраўніцтва рэгіянальным разьвіцьцём” Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Віктар Ярмоленкаў выступіў зь лекцыяй “Кіраваньне горадам пры пераходзе да ўстойлівага разьвіцьця”, у якой распавёў аб прынцыпах, што павінны ўлічвацца пры плянаваньні разьвіцьця гарадзкой інфраструктуры.

Выступае Віктар Ярмоленкаў

На ягоную думку, каб забясьпечыць устойлівае разьвіцьцё любой вялікай сыстэмы, у тым ліку гораду, неабходна ўсталяваць усяго тры балянсы:

  1. Паміж прыродай і грамадзтвам;
  2. унутры самога грамадзтва (кожны мусіць мець роўнае права на спрыяльнае для здароўя і дабрабыту асяродзьдзе);
  3. між сучасным і будучым станам чалавецтва.

Ня ў сонечных панэлях шчасьце…

Прадстаўніца “Менскай урбаністычнай платформы” Ілона Эльяшэвіч паказала прэзэнтацыю “Ecological Urbanism, ці Ня ў сонечных панэлях шчасьце”. Выступоўца сьцьвердзіла, што многія сучасныя тэхналёгіі не зьяўляюцца панацэяй, больш за тое – нясуць небясьпеку і чыняць вялікі ціск на прыроду. Прыкладам, тыя ж сонечныя батарэі ствараюць шэраг праблемаў пры ўтылізацыі, наносіцца шкода навакольнаму асяродзьдзю і пры іх вытворчасьці.

Зусім неідэальныя  і так званыя ветракі, запэўнівала Ілона Эльяшэвіч. Ужо зараз на Балтыйскім моры фіксуецца зьмена ветравых струменяў і водных плыняў, што можа прывесьці да экалягічнай катастрофы. Усё гэта – праз функцыянаваньне ветракоў. То бок нават такія “экалягічна чыстыя тэхналёгіі” насамрэч могуць выклікаць вялікія праблемы.

У межах форуму адбылася таксама дыскусія “Як рэалізацыя розных стратэгій уплывае на горад?”

Прагучала шмат цікавых фактаў і ідэй. Чаго “Прастора” старанна пазьбягала, дык гэта палітычнага аспэкту. Мы так і не пачулі адказ на пытаньне: “Якая палітычная сыстэма – аўтарытарная ці дэмакратычная – можа найбольш эфэктыўна забясьпечваць устойлівае разьвіцьцё нашага грамадзтва?”

Нагадаем, летась форум “Прастора” праходзіў у фармаце хакатону Smart City.

Уладзімер Бяляўскі, фота аўтара