Жыхары панэльнага дзевяціпавярховіка па Маскоўскім праспэкце, 41 неаднойчы скардзіліся ўладам на занядбаны стан пад’ездаў і падвалу ў іх доме. Пабудаваны ў 1981 годзе, дом аніводнага разу ня зьведаў капрамонту. Падвал ператварыўся ў гадавальнік пацукоў ды земнаводных, лесьвічныя пляцоўкі – у зоны цемры і жаху. Бо лямпачкі тут доўга не гараць – праз тры дні перагараюць. Хоць сёньня жыўцом здымай беларускі хорар.
Дом належыць да ЖБК №108 і знаходзіцца на поўным абслугоўваньні прадпрыемства “ЖРЭТ г. Віцебску”.
40 год у чаканьні капрамонту
“Сорак гадоў нічога тут не рабілі. Жыву ў доме ад самага пачатку. Раней мы плацілі за капрамонт, зараз плацім яшчэ і за тэхабслугоўваньне. А куды грошы ідуць – невядома. Ніхто толкам не адказвае. Ніводнага капрамонту тут не было!” – кажа жыхар 41-га дому пэнсіянэр Міхаіл Жураўлёў. І пакуль што – не прадбачыцца.
“Улічваючы, што на балянсе ЖРЭТ г.Віцебску знаходзяцца дамы ў больш кепскім тэхнічным стане і на якія ўжо распрацаваная праектна-каштарысная дкумэнтацыя, капітальны рамонт жылога дому №41 па Маскоўскім праспэкце ў 2019 годзе не плянуецца” – такі адказ на свой зварот у аддзел ЖКГ Віцебскага гарвыканкаму атрымаў Міхаіл Мікалаевіч.
Выканаўца абавязкаў начальніка аддзелу ЖКГ гарвыканкаму Вячаслаў Ласскі паведаміў пэнсіянэру, што камунальнікі “выяжджалі на месца” і замянілі “дэфэктны ўчастак каналізацыі ў падвальным памяшканьні”.
Нагадаў, што дэратызацыя (зьнішчэньне грызуноў) праводзілася ў сутарэньні будынку і ў лістападзе, і ў сьнежні 2018 году. І што ў пад’езьдзе №2 “асьвятленьне на пляцоўках адноўленае”.
Усё, маўляў, добра…
“Гэтых пацукоў толькі вакуўмнай бомбай возьмеш…”
“Але гэта ня так, – кажа Міхаіл Жураўлёў. – “Адноўленае асьвятленьне” – гэта ж усяго толькі нанава ўкручаныя лямпачкі. Яны сама больш тыдзень гараць – і ўсё. Потым жыхары самі мяняюць, за свой кошт. Мяркуем, што нешта ня так з праводкай, але ж саматугам замяніць яе ня можам, патрэбныя спэцыялісты. Што да пацукоў, дык гэта праўда – труцілі іх. Але, здаецца, іх ужо нічога не бярэ – як бегалі, так і бегаюць. Нават па маёй кватэры – па трэцім паверсе гойсаюць!”
Міхаіл Жураўлёў паказвае шматлікія звароты ў гарвыканкам
У падвале сапраўды – магіла. Ва ўсіх сэнсах. Ад смуроду – нудзіць. На падлозе валяюцца здохлыя пацукі. Усё прасякнутае вільгацьцю і сьлізкай цьвільлю. Пад прарванай трубой стаіць перапоўнены таз. Непадалёк – дзьве місы з атручаным кормам для шчуроў.
“Ай, бескарысна гэта ўсё, яны да нашай атруты ўжо прыстасаваліся. Гэтых пацукоў толькі вакуўмнай бомбай возьмеш – бегаюць больш за катоў…” – жартуе Леанід, яшчэ адзін жыхар дома №41.
У падвале дому 41
“Пазаўчора на 115 заказ узялі – і хоць бы хны”
Многія жыхары ўжо махнулі на гэтыя беды рукой – жывуць як жывецца. Але жыхарка Вера Мікалаеўна настойліва працягвае званіць на службу 115.
“Пазаўчора яшчэ заказ узялі – і хоць бы хны. Я штодзень званю туды. Сёньня зноў буду набіраць. Пра падвал казаць. Што вада цячэ. Цягам трох тыдняў да гэтага вада стаяла і зараз цячэ. Смурод, блохі, пацукі! Не дабіцца! Бруд вакол, ніхто не прыбірае. Нікому справы няма, карацей”, – скардзіцца віцяблянка.
Міхаіл Жураўлёў расказвае, што летась выкінуў у сьмецьце два вядра бульбы, бо згніла пасьля чарговага затапленьня. Сёлета таксама застаўся бяз бульбы – пацукі зжэрлі.
Пэнсіянэр заўважае, што дом насупраць (№39), які выходзіць фасадам на Маскоўскі праспэкт, такіх праблем ня мае, бо яго кожны год фарбуюць-шпаклююць.
У такім стане - трубы ў падвале
“Ён жа “тварам” да праспэкту стаіць, а наш – у глыбіні. Я неяк спрабаваў на “гарачую лінію” Шарстнёву дазваніцца – бескарысна, толькі час згубіў. А ўсе мае пісьмовыя звароты па коле круцяцца, з гарвыканкаму ў ЖКГ – і ніякага выніку”, – кажа Міхаіл Мікалаевіч. Мае цэлы стос адказаў на свае звароты ў розныя інстанцыі.
“Затое ліфт нам новы паставілі!..”
“Колькі біліся, каб уваходныя дзьверы адрамантавалі! Паўгода жылі безь дзьвярэй. За той час паміж другім і трэцім паверхамі нядобрыя людзі сапраўдную прыбіральню ўтварылі. Дамагліся – паставілі нам дзьверы. Дык паглядзіце, як яны працуюць…” – паказвае жыхар.
Расчыненыя мэталічныя дзьверы зачыняюцца зь вялікай натугай.
Каля пад'езду
Уздымаю руку, каб уключыць сьвятло ў “тамбуры” на ўваходзе, але чую папераджальны воклік свайго суразмоўцы: “Ой, небясьпечна. Ня трэба!” Паказвае на разьбіты выключальнік. Пальцамі туды сапраўды лепей ня тыцкаць.
“І вось так ва ўсім, – наракае Міхаіл Жураўлёў. – Затое ліфт нам новы нядаўна паставілі. У падвале пацукі шчыруюць, у пад’ездах – цемра. А тут ліфт! Лепей бы з грызунамі ды сьвятлом напачатку разабраліся!”
“Няўжо для гэтага трэба, каб нехта з жыхароў галаву сабе зламаў у пад’езьдзе?” – дадае.
Зьміцер Міраш, фота аўтара