Паўтонны бруду на чалавека
Згодна з апублікаваным Мінстатам напрыканцы ліпеня зборнікам “Ахова навакольнага асяродзьдзя”, на аднаго жыхара Наваполацку прыпадае 505 кг забруджвальных рэчываў, якія выкідваюцца ў атмасфэрнае паветра стацыянарнымі крыніцамі за год. Гэта найбольшы паказьнік сярод іншых беларускіх гарадоў. Да прыкладу, у Жлобіне, які займае другі радок у “брудным” рэйтынгу, на аднаго жыхара прыходзіцца 141 кг выкідаў, у Слуцку (трэцяе месца) – 37 кг (Ворша – 15 кг, Віцебск – 8 кг, Менск – 9 кг).
Больш за 100 тыс. тон выкідаў па вобласьці
Агулам у Віцебскай вобласьці ў паветра летась выкінулі 102,3 тыс. тон забруджвальных рэчываў (стацыянарныя крыніцы). Больш за палову выкідаў прыпадае на Полацкі раён (55, 2 тыс тон).
Паводле статыстаў, на Віцебшчыне знаходзіцца 15 376 стацыянарных крыніц выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфэрнае паветра. Зь іх толькі 1 380 абсталяваныя газаачышчальнымі ўстаноўкамі.
Згодна з дакладам, колькасьць выкідаў забруджвальных рэчываў па ўсёй краіне дасягнула ў 2017 годзе 453,4 тыс. тон. Вуглевадароды складаюць 166,1 тыс. тон, аксыд вугляроду – 75,1 тыс. тон, дыаксыд азоту – 48,8 тыс. тон, дыаксыд серы – 47,6 тыс. тон, цьвёрдыя рэчывы – 27 тыс. тон.
Найбольшы “унёсак” у забруджваньне паветра робяць прадпрыемствы апрацоўчай прамысловасьці, вытворчасьці коксу і нафтапрадуктаў, а таксама сельскай, лясной і рыбнай гаспадаркі.
Што адкажа “Белнафтахім”?
Нагадаем, у траўні 2018 году жыхары Наваполацку зладзілі збор подпісаў пад пэтыцыяй “За чыстае паветра ў Наваполацку”. Яны патрабавалі неадкладна пачаць мадэрнізацыю ачышчальных збудаваньняў вытворчасьці нітрылу акрылавай кіслаты на заводзе “Палімір”.
У адказ на зварот грамадзян Мінпрыроды паведаміла, што праектная дакумэнтацыя па рэканструкцыі ачышчальных збудаваньняў вытворчасьці нітрыл акрылавай кіслаты да іх не паступала. Тэкст звароту быў перанакіраваны ў канцэрн “Белнафтахім”.
Зьміцер Міраш