Аўторак, 17 Ліпень 2018

Жыхарка Гарадоччыны: Прыродныя дары нішчацца ў раёне ў грандыёзным маштабе!

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

У рэдакцыю ВВ зьвярнулася наведвальніца сайту з паведамленьнем пра зьнішчэньне лясных абшараў ў Гарадоцкім раёне. Паводле Ірыны Афанасьевай, маштабная высечка лесу цягнецца ўжо гадоў пяць. Лесавозы руйнуюць мясцовыя дарогі, а пра тое, каб пасьля выкананых работ засадзіць лес новымі дрэвамі, ніхто ня дбае – тэрыторыя зарастае самаадвольна, як давядзецца.

Занепакоеная экалягічнай сытуацыяй у раёне, спадарыня Ірына апублікавала зацемку ў  «Аднаклясьніках», дзе апісала, што адбываецца. Са згоды аўтаркі зьмяшчаем гэтую публікацыю, якая выклікала розгалас сярод карыстальнікаў сацыяльнай сеткі.

Гарадоцкі р-н, Віцебская вобл. Вось так цяпер выглядае некалі густы і магутны лес у раёне пасёлку Будзіслава, вёсак Канашы, Казловічы, Вярэчча, Смалоўка і ня толькі там. Па-барбарску зьнішчаюцца прыродныя дары проста ў грандыёзным маштабе!

Праяжджаючы церазь любы куток гэтага бязьмежнага зялёнага сьвету, практычна праз кожныя 3-4 кілямэтры натрапляеш на адну і тую ж карціну: не прарэджваюцца, а папросту ўшчэнт высякаюцца лясныя абшары, з пакінутымі на гэтых «палёх», бы ў насьмешку, 4-5 дрэвамі.

І тамсама, ужо сапраўды ў насьмешку, сустракаеш усталяваныя шчыты з заклікам «Беражыце лес!» або «Беражыце прыроду!». І гэты працэс адбываецца практычна штодня ўжо недзе гадоў пяць.

Спачатку расейскія лесавозы «пасяліліся» гады на два, а потым іх зьмянілі і аж дагэтуль разварочваюць дарогі віцебскія машыны.

Пра тупкія дарогі і масты – гэта асобная тэма! Хоць паводле ўсіх нарматыўных актаў існуюць пэўныя парамэтры колавай тэхнікі, дазволенай для работ у лесе, пра іх неяк «забываюць» і самі лесьнікі, і арганізацыі, што адпраўляюць гэтую тэхніку ствараць непраезныя ўчасткі дарог, якія ніяк не аб'ехаць.

27 чэрвеня 2018 г. а 18:00, вяртаючыся па лясной дарозе ў горад, нам давялося сутыкнуцца з гэткай сытуацыяй. Паўтары гадзіны мы змарнавалі з-за двух перагружаных віцебскіх лесавозаў, адзін зь якіх (нумар 66-20) проста «закапаўся» ў пясок, а нашым раптоўным зьяўленьнем адзін з кіроўцаў быў выразна напалоханы, спрабуючы нам блытана растлумачыць, зь якой арганізацыі іх сюды накіравалі. Пасьля яго няўцямнага аповеду у нас пэўна склалася ўражаньне, што яны незаконным чынам вывозілі кудысьці гэты лес (мабыць, камусьці на продаж). Давялося чакаць, пакуль схадзілі па трактар, каб апрастаць шлях.

Побач таксама ёсьць дарога (дакладней, заўсёды была), сапсаваная гэтымі ж лесавозамі так, што кіроўца, які рушыў па трактар, сам па калена праваліўся на ёй ў пяску і даў нам адмашку туды не набліжацца наогул! Непраезныя каляіны, паразварочаныя пяскі, бярвёны і непрыбранае пасьля работ сучча (людзі выходзяць з машын і з матам за імі разграбаюць увесь хлам)! На пасеках наогул прайсьці нідзе нельга – усё завалена!

Гэта наогул што адбываецца?! Хто табе, «чалавек», даў права так распараджацца тым, што табе не належыць? Вы потым дзівіцеся, што прырода вам пачынае помсьціць праз ураганы, патопы і засухі?! Дзецям сваім вы хіба гэткім спосабам расказваеце, як трэба «Берагчы лес» і «Берагчы прыроду»? Не падумалі, што такім чынам ідзе сур'ёзнае парушэньне прыроднага балянсу?!

Вы нават ня ведаеце, што зараз пасьля вашага ўварваньня і спусташэньня лясных абшараў на вышэйапісанай тэрыторыі афіцыйна зарэгістраваныя 50 асобін мядзьведзяў, якія ўжо ўдзень выходзяць на дарогі, бадзяюцца каля вёсак, і іх фатаграфуюць людзі! Мясцовыя жыхары баяцца хадзіць у лес! А колькі іх яшчэ незарэгістраваных, ніхто не вядае! Зь іншага боку, куды ім, мядзьведзям і ўсім астатнім дзявацца, калі стаяць вакол на голых палёх 5 соснаў і пні?!..

Фота: Ірына Афанасьева

1 камэнтар

  • Спасылка на Камэнтар Владимир Чацвер, 19 Ліпень 2018 Дадаў Владимир

    Ситуация с лесами действительно катастрофическая, это хорошо видно из космоса, например, в программе Google Hearth, которая позволяет рассматривать как старые так и новые версии снимков с хорошим разрешением

    Паскардзіцца