– Проста сказалі, што калі мы не дамо згоду на пабудову пляцоўкі для кампаставаньня, то ўсё гэтае лайно са ставоў паплыве ў вёску. Атрымліваецца, што выбару няма. Але застаецца шмат пытаньняў, – кажа жыхарка вёскі Дабрэйка Ірына Стацэнка.
“Справа народнагаспадарчага значэньня”
Замоўцам будоўлі выступіла прадпрыемства “Віцебскавадаканал”. Згодна з праектам, пляцоўка мусіць вырашыць пытаньне выкарыстаньня асадкаў сьцёкавых водаў ачышчальных сыстэм каналізацыі Віцебску. Пляцоўка для кампаставаньня адкідаў разьмесьціцца на адкрытым паветры на тэрыторыі глеевых ставоў у раёне вёсак Дабрэйка і Паўловічы (1 км ад Віцебску) і зойме 2,86 га.
Так выглядаюць глеевыя стаўкі
Мяркуецца, што на ёй будзе перапрацоўвацца 26,4 тыс. тон асадкаў за год. Тэхналягічны працэс будзе складацца з падрыхтоўкі сумесі (у якасьці напаўняльнікаў – пілаваньне, салома, торф ды інш.), біятэрмічнай апрацоўкі і высьпяваньня кампосту. Атрыманы кампост пойдзе на сельскагаспадарчыя патрэбы (угнаеньне).
Аўтары справаздачы аб узьдзеяньні на навакольнае асяродзьдзе сьцьвярджаюць, што такое выкарыстаньне глеевых асадкаў “мае важнае народнагаспадарчае значэньне”. І запэўніваюць, што дадзены праект ня толькі актуальны і экалягічна небясьпечны, але і найбольш аптымальны з усіх варыянтаў.
Жыхарка: А што будзе, калі гэта лайно пачнуць варушыць?..
Ірына Стацэнка кажа, што ў Дабрэйцы і так нядобра пахне ад ставоў. А калі зьявіцца пляцоўка, то смурод будзе невыносным.
Глеевыя асадкі
– Уявіце сабе, які пойдзе “водар”, калі гэтае лайно пачнуць варушыць! Гэта як у прыказцы: не чапай г… – яно і сьмярдзець ня будзе. Цяпер пакутуем найперш ад паху серавадароду, а пасьля будаўніцтва дадасца яшчэ і мэтан.
Асноўным забруджвальнікам, паводле праекту, сапраўды выступае мэтан. Меркаваны сукупны выкід забруджвальных рэчываў у атмасфэру з плянаванай пляцоўкі складзе больш за 129 тон за год. Плюс – выкіды з уласна глеевых стаўкоў (75 т/год).
Санітарна-ахоўная зона: 50 мэтраў проста зьелі?
Ірына зьдзіўленая таксама вызначэньнем у праекце санітарна-ахоўнай зоны. Паводле праекту базавая санітарна-ахоўная зона мусіць складаць 500 мэтраў (чырвоная рыса на фота ніжэй). Між тым, распрацоўшчыкі адзначаюць у апісаньні праекту, што бліжэйшая забудова знаходзіцца на адлегласьці 450 мэтраў.
– Як гэта зразумець? 50 мэтраў проста зьелі? – абураецца наша суразмоўца.
Паказвае, што на сытуацыйнай мапе праекту мяжа санітарна-ахоўнай зоны праходзіць у адным месцы пад прамым вуглом.
– Атрымліваецца, у іх вецер пад прамым вуглом лётае? – спрабуе жартаваць Ірына.
Але больш за ўсё жыхарку Дабрэйкі абурае той факт, што, паводле гэнпляну забудовы вёскі, людзям зараз прапануюць новыя ўчасткі пад будаўніцтва – на самай мяжы ахоўнай зоны.
– Вось глядзіце, мой дом стаіць на адлегласьці прыкладна 600-700 мэтраў ад глеевых стаўкоў. І нам сьмярдзіць. А той, хто возьме тыя ўчасткі, будзе яшчэ бліжэй да іх, смуроду таксама будзе больш. Калі сюды прыяжджаў намесьнік старшыні Віцебскага райвыканкаму Аляксей Героеў з супрацоўнікамі “Віцебсквадаканалу”, я ім паказвала. Адказ такі: у санітарна-ахоўную зону ўчасткі не трапляюць. Вось і ўсё. Яны, пэўна, мяркуюць, што розьніца ў 50 мэтраў будзе вырашальнай – гэта проста сьмешна. Дык тады скажыце людзям, каб не патрапілі ў такое ж становішча, што і мы… – кажа Ірына.
Калі вецер паўднёвы – гасьцей не запрашаць, вокны не адчыняць…
Ірына расказвае, што жыцьцё яе зараз цалкам залежыць ад накірунку ветру. Галоўнае пытаньне ад самага ранку: адкуль вецер? Калі дзьме з поўдня – насоўваецца смурод. Тое ж самае – у зацішнае надвор’е.
– Уявіце сабе, мы зьбеглі з гораду, каб штодзень дыхаць сьвежым паветрам і жыць у вёсцы. Пабудаваліся, жывем у Дабрэйцы ўжо паўгода. І вось… Карацей, жывеш згодна з GisMeteo. Калі чакаецца паўднёвы вецер – значыцца, ніякіх гасьцей, бялізну на вуліцу не вывешваць, вокны не адкрываць і пакоі праветрываць загадзя. Вось так. Вельмі сумна, калі па праўдзе, - кажа жанчына.
Распавядае, што падчас грамадзкага абмеркаваньня праекту, якое прайшло 3 лістапада, яе нават папракнулі тым, што, маўляў, “ведала, дзе будавалася”.
– Але ж ня ведалі мы, – кажа Ірына. – Калі два гады таму ставілі каробку, мы там штодзень не знаходзіліся. Гэта ўжо потым я зразумела, што пахне тут падазрона. Паспрабавала высьветліць. Але позна ўжо было: дах стаяў, вокны ўстаўленыя… Пачала пісаць у розныя інстанцыі. У адказ – адны адпіскі, маўляў, нікому там нічым ня пахне. У “Вадаканале” таксама сказалі: нічым ня пахне. Я ім кажу: калі ня пахне, давайце будаваць гэта ў цэнтры гораду…
“Ня згодныя? Лайно паплыве да вас!..”
У адказах на зварот зь Віцебскага занальнага цэнту гігіены і эпідэміялёгіі, якія атрымала Ірына, сапраўды сьцьвярджаецца, што “непрыемнага паху ў населеным пункце Дабрэйка ня выяўлена”. Як, дарэчы, і “перавышэньняў гранічна дапушчальных канцэнтрацыяў забруджвальных рэчываў у атмасфэрным паветры на мяжы зоны ўзьдзеяньня”. А галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Віцебскай вобласьці В. І. Сінкевіч абяцае ў апошнім лісьце трымаць агучаныя пытаньні пад кантролем.
Падчас грамадзкага абмеркаваньня жыхары Дабрэйкі спрабавалі давесьці, што смурод з глеевых пляцовак насамрэч ідзе, але, каб яго зафіксаваць, мала правесьці кароткатэрміновае дасьледаваньне, бо сапраўды ўсё залежыць ад накірунку ветру. Як запэўнівае Ірына, безвынікова.
– І ў гэтым мяне найбольш зьдзіўляе стаўленьне да людзей нашых чыноўнікаў і таго ж “Вадаканалу”. Замест таго, каб згадзіцца, што так, пахне, так, існуюць некаторыя праблемы і трэба нешта рабіць, яны пераконваюць нас у тым, што мы дурні. Ня пахне і праблем няма! Ня згодныя? Лайно паплыве да вас! Я ня ведаю што сказаць… – гаворыць Ірына.
Дрэвы замест кукурузы? Толькі праз прэзыдэнта!
Абараніць Дабрэйку ад “газавых атак” маглі б дрэвы. Але паміж глеевымі ставамі і населеным пунктам – толькі голае поле. Улетку тут расьце кукуруза.
– Я ім і кажу: каб 50 гадоў таму пасадзілі б дрэвы, тут быў бы ўжо лес. І мы б нават ня ведалі пра існаваньне нейкіх глеевых пляцовак. Была б выдатная санітарна-ахоўная зона! Добра, калі не зрабілі гэта паўстагодзьдзя таму, дык давайце падумаем пра будучыя пакаленьні і зробім гэта зараз! Але: аказваецца, вывесьці гэтыя землі з сельгаспрызначэньня (належаць прадпрыемству “Рудакова”) ну ніяк не магчыма. “Такое толькі праз прэзыдэнта!” – адказваюць мне. Значыцца, будзем да яго буду зьвяртацца, – кажа Ірына Стацэнка і дадае, што ўжо рыхтуецца калектыўны зварот на імя памочніка прэзыдэнта па Віцебскай вобласьці Аляксандра Субоціна.
Тэрыторыя паміж вёскай і глеевымі пляцоўкамі - голае поле
Наша суразмоўца зьвяртае таксама ўвагу, што ў праекце будаўніцтва нічога не гаворыцца пра тое, празь які час будуць перапрацаваныя (і ці наогул – будуць) усе адкіды. Прынамсі, праз колькі гадоў будуць апарожненыя бліжэйшыя стаўкі, а сьмярдзючая зона адсунецца далей ад вёскі. Канкрэтнага адказу на гэтае пытаньне няма.
– Калі вы жадаеце такім чынам скараціць глеевыя пляцоўкі, дык распавядзіце ж нам, як хутка яны зьнікнуць. Чаму б гэта не прапісаць у праекце і ўсіх не супакоіць? Незразумела, – зьдзіўляецца Ірына.
Чаму б не зрабіць як у Эўропе?
– І яшчэ пытаньне: чаму не разглядаюцца іншыя і больш сучасныя варыянты перапрацоўкі? Яны ж ёсьць! Зразумела, што сучасныя тэхналёгіі будуць даражэйшыя, але жывем жа ўжо не ў Савецкім Саюзе, жывем у XXI стагодзьдзі, і варта было б навучыцца думаць пра людзей і будучыя пакаленьні… – гаворыць Ірына.
Жыхарка Дабрэйкі мае на ўвазе польскую інавацыйную тэхналёгію Fuеl Cal, якой сёньня карыстаюцца ў краінах ЭЗ і якая, у якасьці альтэрнатывы, разглядаецца аўтарамі праекту пляцоўкі для кампаставаньня.
У параўнаньні з прапанаваным праектам кампаставаньня, Fuеl Cal мае большую прадукцыйнасьць перапрацоўкі (на 3 т/год ) і меншы ўдзельны кошт абсталяваньня на 1 т перапрацаванага асадку. Fuеl Cal амаль у 10 разоў кампактнейшае за тэхналёгію кампаставаньня і зойме ўсяго 0,30 га.
Але галоўны “плюс” – паказьнік выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфэру: абсалютны нуль (у выпадку будаўніцтва пляцоўкі для кампосту, нагадаем, – 129 тон мэтану за год)!
Адзіны “мінус” польскай распрацоўкі – яе энэргаёмістасьць (гадавы расход сягае 730 тыс. кВт.гадз.). Здавалася б, нічога страшнага: у Беларусі будуецца АЭС… Але аўтары праекту будаўніцтва пляцоўкі кампаставаньня маюць іншае меркаваньне. “Аналізуючы вышэйсказанае, можна заключыць, што прынятая ў будаўнічым праекце тэхналёгія кампаставаньня зьяўляецца найбольш прымальнай з экалягічнага і эканамічнага пункту гледжаньня”, – падсумоўваюць у справаздачы.
Усім сьмярдзіць! Але ўсе прывыклі…
– І што на гэта скажаш? Я ня ведаю, – паўтарае Ірына. – Мне мой муж гаворыць: я ўжо і сам пачынаю прывыкаць да гэтага “водару”. Усім сьмярдзіць! Але ўсе прывыклі. Ці пачынаюць прывыкаць. Гэта вельмі па-беларуску. Толькі гэта не пра мяне… – кажа Ірына і абяцае працягваць змагацца супраць смуроду на віцебскіх ваколіцах.
Зьміцер Міраш, фота аўтара