Чацвер, 12 Лістапад 2015

Мясцовыя ініцыятывы Віцебскай вобласьці будуць прафінансаваныя ЭЗ/ПРААН

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У сьпісе пераможцаў першага конкурсу мясцовых ініцыятываў праекту ЭЗ/ПРААН «Спрыяньне разьвіцьцю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» аказалася 16 прапановаў з розных рэгіёнаў Віцебшчыны, аўтары якіх атрымаюць сродкі на ўвасабленьне ў жыцьцё сваіх ідэяў.

Конкурс праводзіўся ў рамках праекту міжнароднай тэхнічнай дапамогі пры спрыяньні Міністэрства эканомікі Беларусі і фінансуецца Эўрапейскім Зьвязам. Надоечы сталі вядомыя пераможцы: з 722 заявак выбралі 87 найлепшых. У сьпісе тых, каго чакае фінансаваньне ЭЗ, 16 праектаў з розных рэгіёнаў Віцебскай вобласьці, аўтары якіх – калектывы школаў, прадстаўнікі мясцовых грамадзкіх арганізацыяў, сацыяльных установаў, органаў улады.

Напрыклад, атрымала ўхваленьне ініцыятыва СШ №2 Талачына па стварэньні вучэбна-разьвіцьцёвай школьнай аграэкасядзібы як цэнтру падрыхтоўкі да працы ў будучыні ў сельскагаспадарчай галіне раёну. ДУА «Цэнтар карэкцыйна-разьвіваючага навучаньня і рэабілітацыі Аршанскага раёну» распрацаваў праект па рэабілітацыі дзяцей з асаблівасьцямі псыха-фізычнага разьвіцьця зь сельскай мясцовасьці праз аказаньне ім карэкцыйна-псыхалягічнай дапамогі праз мабільны сэнсарны пакой. Асацыяцыя наймальнікаў і прадпрымальнікаў Віцебскай вобласьці атрымае грант на рэалізацыю праекту «Эўрарэгіён Прыдзьвіньне – тэрыторыя разьвіцьця партнэрства». Разьвіцьцём патэнцыялу сельскіх тэрыторыяў Докшыцкага раёну заклапацілася Міжнароднае экалягічнае грамадзкае аб'яднаньне «Прырода і мы».

Варта адзначыць, што актыўна ўключыліся ў магчымасьць фінансаваньня ідэяў па паляпшэньні жыцьця ў рэгіёнах мясцовыя органы ўлады. У выніку ў сьпісе пераможцаў аказаліся праекты «Адраджэньне парково-сядзібных пабудоў» аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Докшыцкага райвыканкаму, «Стварэньне і разьвіцьцё школьнага эколягаарыентаванага бізнэсу ў Віцебскім раёне як чыньнік устойлівага эканамічнага разьвіцьця рэгіёну» аддзелу адукацыі, спорту і турызму Віцебскага райвыканкаму, «Устойлівае разьвіцьцё сельскіх тэрыторыяў Браслаўскага раёну праз стварэньне анімацыйнай праграмы «Сядзіба Вадзяніка» адзьдзелу адукацыі, спорту і турызму Браслаўскага райвыканкаму, «Адраджэньне нацыянальнага касьцюму Сеньненскага строю» адзьдзелу ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Сеньненскага райвыканкаму. Не засталіся ў баку і мясцовыя Саветы. У выніку дапамогу ў фінансаваньні атрымаюць Глыбоцкі раённы Савет дэпутатаў для рэалізацыі праекту «Дзеяньні для пасьпяховага разьвіцьця Глыбоцкага раёну як беларускай тэрыторыі Эўрарэгіёну «Азёрны край», Зелянкоўскі сельвыканкам – на ўкараненьне унікальных мэтодыкаў аздараўленчага сну на пчаліных вульлях як эфэктыўнага сродку рэляксацыі, прафіляктычнага лекаваньня грамадзян і інавацыйнага турыстычнага прадукту і інш.

Памер фінансаваньня для рэалізацыі кожнай мясцовай ініцыятывы са сродкаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі па ўмовах арганізатараў складзе ня больш за 18 тыс. даляраў. Пры гэтым уклад з уласнага бюджэту або іншых арганізацыяў у выглядзе сумеснага фінансаваньня павінен быць ня меншы за 10% ад агульнага бюджэту ініцыятывы ў грашовай форме або ў выглядзе надаваньня памяшканьня для правядзеньня мерапрыемства, абсталяваньня, аказаньня транспартных паслуг і інш. Агульны бюджэт конкурсу складае 1 млн 230 тыс. даляраў. Рэалізацыя ініцыятываў распачнецца ў студзені-лютым 2016 году.

Вольга Маслоўская, vitvesti.by