Лядовы палац у Воршы сёлета нарэшце дабудавалі — з парушэньнямі ўсіх абяцаных тэрмінаў, праз 5 гадоў пасьля пачатку. Але высьвятляецца, што цяпер няма грошай, каб давесьці да ладу інтэр’еры. Аршанскія прадпрымальнікі паведамілі, што іх запрашалі ў райвыканкам і прасілі матэрыяльнай дапамогі «на патрэбы гораду», а перадусім — на добраўпарадкаваньне «Лядовай арэны».

Пры Віцебскім аблвыканкаме будзе створаны Савет па вонкавай рэкляме. Такое рашэньне прыняў 28 лістапада на паседжаньні Віцебскага аблвыканкаму ягоны старшыня Аляксандар Косінец падчас разгляду пытаньня пра стан вонкавай рэклямы на тэрыторыі рэгіёну і пэрспэктывы яе разьвіцьця. Цяперашні стан вонкавай рэклямы ў Віцебску і райцэнтрах вобласьці Аляксандар Косінец раскрытыкаваў.

Пасьля шматлікіх пісьмовых зваротаў — як ад дэмакратычных актывістаў, так і ад шараговых жыхароў — у Воршы зачынілі мост цераз Днепр. Пытаньне фінансаваньня яго рамонту застаецца адкрытым. Каб забараніць рух транспарту па аварыйным мосьце, спатрэбілася каля двух гадоў.

Экс-прэтэндэнт у кандыдаты на пасаду прэзыдэнта на выбарах 2010 году Сяргей Рыжоў заявіў, што 16 лістапада быў жорстка зьбіты ў віцебскім мэдвыцвярэзьніку. Яго даставілі туды ўвечары. Паводле ягоных словаў, прывязалі да крэсла і білі ў грудзі нагой. Паводле Сяргея Рыжова, гэтую справу зараз разьбірае Сьледчы камітэт.

Адмысловая камісія для вывучэньня ходу мадэрнізацыі ААТ “Віцебскдрэў” і праверкі выкананьня даручэньняў Аляксандра Лукашэнкі па пытаньнях дрэваапрацоўчай галіны створаная ў Віцебску, распавялі ў Камітэце дзяржаўнага кантролю па Віцебскай вобласьці. Задачай камісіі будзе правесьці аналіз ходу мадэрнізацыі ААТ “Віцебскдрэў”, знайсьці службовых асоб, вінаватых у зрыве тэрмінаў рэалізацыі праектаў мадэрнізацыі, якія дапусьцілі няякаснае выкананьне будаўніча-мантажных і праектных работ, і ўнесьці на разгляд міжведамаснай працоўнай групы прапановы пра прыцягненьне гэтых асоб да адказнасьці.