Серада, 27 Жнівень 2014

Больш за 50 чыноўнікаў Віцебшчыны прыцягнутыя да адказнасьці за фармалізм у працы са зваротамі грамадзян

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Больш за 50 службовых асоб Віцебскай вобласьці прыцягнутыя да адказнасьці за неналежную працу са зваротамі грамадзян, паведаміла старшы памочнік пракурора вобласьці па наглядзе за выкананьнем заканадаўства аб зваротах грамадзян Ірына Таўтын.

У першым паўгодзьдзі 2014 году органы пракуратуры правялі на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях рэгіёну 37 праверак выкананьня заканадаўства аб зваротах грамадзян. Па іх выніках унесена 43 прадстаўленьні, вынесена 14 прадпісаньняў. Да адміністрацыйнай адказнасьці прыцягнутыя 10 службовых асоб, да дысцыплінарнай - 44. Афіцыйныя папярэджаньні пра недапушчальнасьць парушэньняў закону атрымалі 22 кіраўнікі.

У поле зроку пракуратуры пастаянна знаходзяцца пытаньні арганізацыі працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб у абласных, гарадзкіх, раённых выканаўчых камітэтах і іх структурных падразьдзяленьнях. У студзені-чэрвені праверкі праведзеныя ў Новалукомальскім гарвыканкаме, Аршанскім (сумесна з прадстаўніком Камітэту дзяржкантролю Віцебскай вобласьці), Бешанковіцкім, Гарадоцкім, Лепельскім, Полацкім, Пастаўскім, Расонскім, Чашніцкім райвыканкамах, Ушацкім, Слаўнаўскім, Ваўковіцкім сельскіх выканкамах.

Падчас праверкі ўпраўленьня ЖКГ Віцебскага аблвыканкаму выяўленае невыкананьне тэрмінаў разгляду зваротаў, прадугледжаных арт.17 закону “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў”. Без правядзеньня праверачных мерапрыемстваў больш за 15 дзён разглядалася скарга наконт пытаньня налічэньня жыльлёвай квоты. Акрамя таго, мелі месца выпадкі няправільнага тлумачэньня парадку абскарджаньня прынятых рашэньняў.

Аналіз нагляднай дзейнасьці сьведчыць, што ня ўсе кіраўнікі суб’ектаў гаспадараньня прымаюць дзейсныя меры па паляпшэньні працы са зваротамі грамадзян, што цягне абгрунтаваны зварот у кантралюючыя органы. Так, выяўленыя сур’ёзныя парушэньні падчас праведзенай пракуратурай Глыбоцкага раёну праверкі па калектыўнай скарзе аб неналежным вырашэньні адміністрацыяй УП ЖКГ Глыбоцкага раёну і райвыканкамам пісьмовых зваротаў. Па выніках праверкі начальнік аддзелу жыльлёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкаму і дырэктар УП ЖКГ прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасьці.

Крыніца: БелТА