Чацвер, 28 Жнівень 2014

В.а. старшыні Камітэту дзяржкантролю: Парушэньні бюджэтнага заканадаўства ў Віцебскай вобласьці носяць масавы характар

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Віцебская вобласьць зьяўляецца аўтсайдэрам паводле ўзроўню фінансавай дысцыпліны сярод рэгіёнаў Беларусі. Пра гэта заявіў выконваючы абавязкі старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў на паседжаньні калегіі КДК.

Ад эфэктыўнага і эканомнага расходаваньня бюджэтных сродкаў залежыць як эканамічнае разьвіцьцё рэгіёну ў цэлым, так і дабрабыт асобнага яго жыхара, падкрэсьліў Леанід Анфімаў. Паводле яго слоў, удзельная вага бюджэту Віцебскай вобласьці ў кансалідаваным бюджэце Беларусі - каля 4,5%, што забясьпечвае яму 4-е месца сярод бюджэтаў абласьцей рэспублікі. Разам з тым Віцебская вобласьць зьяўляецца “лідэрам” па выяўленых парушэньнях - падчас праверак выкананьня мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, іншымі арганізацыямі Віцебскай вобласьці бюджэтнага заканадаўства за 2012-2013 гады выяўленыя парушэньні на рэкордную суму ў Br48,3 млрд.

Аналягічныя праверкі былі праведзеныя ў Віцебскай вобласьці ў 2011 годзе, тады было выяўленае выкарыстаньне не паводле мэтавага прызначэньня, з парушэньнем заканадаўства, а таксама незаконнае атрыманьне бюджэтных сродкаў на агульную суму Br3,2 млрд. “Відавочна, што належных высноў кіраўнікі фінансавых службаў не зрабілі і парушэньні дапускаюцца зноў, па нарастаючай, - сказаў выконваючы абавязкі старшыні КДК. - Па-ранейшаму выяўляюцца факты парушэньняў аблвыканкамам заканадаўства пры арганізацыі бюджэтнага працэсу, а таксама парадку і ўмоў аказаньня дзяржаўнай падтрымкі”.

Штогод з абласнога бюджэту суб’ектам гаспадараньня вылучаліся немалыя фінансавыя сродкі ў выглядзе бюджэтных пазык. Аблвыканкам ажыцьцяўляў вяртаньне крэдытаў банкаў за неплацежаздольныя прадпрыемствы. Праблема вяртаньня гэтых сродкаў у бюджэт ня страчвае вастрыні. Аб’ём пратэрмінаванай запазычанасьці арганізацыяў па пазыках на пачатак 2014 году складаў Br47 млрд (30% сумы доўгу), а запазычанасьць па выкананых гарантыях - амаль Br690 млрд. “Прычына такога становішча ў тым, што бюджэтныя сродкі працягваюць вылучацца неплацежаздольным прадпрыемствам зь нізкай імавернасьцю вяртаньня даўгоў у прадпісаныя тэрміны”, - лічыць Леанід Анфімаў.

Так, дзяржпадтрымка ў выглядзе кампэнсацыі часткі адсоткаў за карыстаньне банкаўскімі крэдытамі з абласнога бюджэту ў 2012 годзе была аказаная 68 прадпрыемствам АПК на суму Br14,4 млрд, у 2013 годзе - 97 прадпрыемствам АПК на Br44,7 млрд. Прымаючы рашэньні аб аказаньні дзяржпадтрымкі ў выглядзе кампэнсацыі з абласнога бюджэту часткі адсоткаў за карыстаньне крэдытамі, аблвыканкам часьцяком ня ўлічваў дадзеныя аб выкананьні арганізацыямі умоў аказаньня дзяржпадтрымкі за ранейшы пэрыяд. Так, у 2012 годзе ня выканалі ўмоваў аказаньня дзяржпадтрымкі 207 арганізацыяў (57,3% ад тых, што атрымалі), у 2013 годзе - 293 арганізацыі (80,5%). Пры гэтым у 2013 годзе аблвыканкам не прымаў рашэньняў пра захаваньне або адмену дзяржпадтрымкі арганізацыям, якія ня выканалі ў 2012 годзе ўмоваў яе аказаньня.

Аблвыканкам і аблсельгасхарч не зьдзяйсьнялі дастатковага кантролю за аказаньнем дзяржпадтрымкі і своечасовым павелічэньнем долі камунальнай уласнасьці вобласьці ў статутных фондах недзяржаўных юрыдычных асоб.

Леанід Анфімаў акцэнтаваў увагу на праблемах, выяўленых у жыльлёва-камунальнай сфэры: “Праверкі паказалі, што ў Віцебскай вобласьці не забясьпечваецца бюджэтная дысцыпліна пры выкарыстаньні сродкаў, выдзеленых на гэтую галіну”. У арганізацыях ЖКГ выяўленыя некаторыя парушэньняў: ад завышэньня кошту будаўнічых, рамонтных і мантажных работ і выдаткаў па добраўпарадкаваньні да завышэньня сабекошту жыльлёва-камунальных паслуг (на суму Br6 млрд), што пацягнула неабгрунтаваныя выплаты зь бюджэту субсыдыяў на пакрыцьцё часткі панесеных выдаткаў.

Такім чынам, рэзюмаваў Леанід Анфімаў, парушэньні бюджэтнага заканадаўства ў Віцебскай вобласьці носяць масавы характар. Мясцовыя органы ўлады ня ў поўнай меры рэалізуюць дадзеныя ім паўнамоцтвы па эфэктыўным і мэтавым выкарыстаньні дзяржаўных сродкаў. Тэрытарыяльныя фінансавыя органы і аблвыканкамы не заўсёды своечасова, у поўным аб’ёме і комплексна праводзяць працу па папярэджаньні і выяўленьні парушэньняў бюджэтнага заканадаўства.

Начальнік галоўнага ўпраўленьня кантролю бюджэтна-фінансавай сфэры КДК Аляксандр Курлыпо праінфармаваў, што на 25 ліпеня бягучага году па матэрыялах праверак прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці 13 юрыдычных асоб на суму Br482,8 млн і 27 фізычных асоб на суму Br20,4 млн. Да дысцыплінарнай і матэрыяльнай адказнасьці прыцягнутыя 39 службовых асоб. Вернутыя ў бюджэт Br11,7 млрд (з улікам адсоткаў), незаконна атрыманых і выкарыстаных з парушэньнем бюджэтнага заканадаўства.

Калегія Камітэту дзяржкантролю прапанавала Віцебскаму аблвыканкаму прыняць меры па ліквідацыі парушэньняў, поўным аднаўленьні незаконна атрыманых і з парушэньнем заканадаўства выкарыстаных бюджэтных сродкаў, а таксама разгледзець пытаньне аб прыцягненьні да адказнасьці вінаватых службовых асоб.

Крыніца: БелТА