«Мы лічым, што ўстаноўка памятнага знака стане сімвалам павагі і ўдзячнасці жыхароў вобласці да тых, хто не шкадаваў свайго жыцця», - гаворыцца ў звароце на сайце petitions.by, пад якім да 10 студзеня гэтага года збіраюцца подпісы. Потым зварот будзе накіраваны ў Віцебскі гарвыканкам.
Праўда, 9 студзеня стала вядома, што і сам сайт - сэрвіс для падачы публічных калектыўных зваротаў да органаў улады, і яго сацсеткі прызнаныя «экстрэмісцкімі». Зрэшты, гэты інтэрнэт-рэсурс з 2021 года быў заблакаваны ў Беларусі, бо, паводле Мінінфарму, на ім збіралі подпісы пад петыцыямі «пратэставага характару» і петыцыямі, якія нібыта дыскрэдытуюць дзеянні ўладаў. Тым не меней, ён спраўна выконваў сваю функцыю: грамадзяне падпісвалі звароты і атрымлівалі афіцыйныя адказы.
Што да згадак пра подзвіг «ліквідатараў» у Віцебску, то раз на год ва Успенскім саборы ладзіцца малебен, прымеркаваны да чарговых угодкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Гэта афіцыйная імпрэза з удзелам прадстаўнікоў гарадскіх і абласных уладаў, якія ў іншы час пра ўдзельнікаў ліквідацыі наступстваў катастрофы не згадваюць.
«Шмат у якіх нашых суседзяў «чарнобыльцы» – паважаныя людзі. Ня трэба нам ніякіх падарункаў – хаця б нейкай элемэнтарнай павагі за выкананы намі грамадзянскі абавязак. Вы хаця б маральна падтрымайце! Цалкам хапіла б лістоў падзякі або паштоўкі», - згадваў палкоўнік запасу Анатоль Гнеўка. Яшчэ ў 2015 годзе ён казаў пра тое, што звяртаўся да гарадскіх уладаў з просьбай усталяваць у Віцебску памятны знак ахвярам Чарнобыля. Але атрымаў стандартную адмову - «няма грошай». Не знайшлося іх і да гэтага часу – калі ў абласным цэнтра выдаткоўваюцца вялізныя сродкі з бюджэту на абсталяванне будучай Плошчы герба і сцяга...
Гэтаксама Анатоль Гнеўка яшчэ 10 год таму выступаў з ініцыятывай назваць вуліцу ў памяць пра герояў-ліквідатараў. Прапанову таксама пакінулі па-за ўвагай.
Затое пільную ўвагу і ўладаў, і сілавых структур заўсёды прыцягвалі спробы ўшанаваць памяць тых, хто аддаў жыццё і здароўе, працуючы ў так званай 30-кіламетровай зоне непасрэдна пасля аварыі. Некалькі год запар 26 красавіка віцебскія «ліквідатары» збіраліся на імправізаваны мітынг-рэквіем на Успенскай горцы. Прыгадвалі тых, хто ўжо ніколі да іх не далучыцца, а напрыканцы пускалі па Дзвіне «Вянок памяці» з надпісам на жалобнай стужцы «Героям-ліквідатарам Чарнобыля ад нас, жывых».
Гэтая традыцыя была перарваная ў 2019 годзе, калі «ліквідатары» звярнуліся ў гарвыканкам з просьбай «легалізаваць» сімвалічную акцыю, уключыўшы яе ў план мерапрыемстваў нароўні з малебнам у царкве. Але ўлады адмовілі, нагадаўшы, што ўсе спробы пусціць «Вянок памяці» па рацэ будуць разглядацца як удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.
Іван Пятроў
Чацвер, 09 Студзень 2025
Гарадскія актывісты прапануюць ушанаваць у Віцебску памяць пра землякоў – удзельнікаў ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай трагедыі
На цяперашні момант у Віцебску няма ніводнага памятнага знака, які нагадваў бы пра герояў- «ліквідатараў», накіраваных у Чарнобыльскую зону. Ушанаванне памяці тых, хто страціў здароўе і жыццё, ратуючы будучыню, улады ператварылі ў афіцыёз, забараняючы «ліквідатарам» згадваць сваіх колішніх калег і сяброў прыватным чынам: жалобную акцыю «Вянок памяці» улады залічылі ў «несанкцыянаваныя мерыпрыемствы».
Апублікавана ў
Рознае