Пятніца, 28 Сакавік 2025

Адразу 6 “экстрэмістаў” з Віцебшчыны

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У пералік асобаў, “датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”, 28 сакавіка ўключылі  6 жыхароў Віцебшчыны. Пяцёра з іх асуджаны за ўдзел у пратэстах 2020 г. паводле артыкуле 342 КК. Яшчэ адзін - за шэраг крымінальных артыкулаў, у тым ліку за абразу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, абразу прадстаўніка ўлады і ўдзел ў экстрэмісцкім фармаванні.

Апошні - гэта  прадпрымальнік з Улы  Ігар Сімашковіч . “Адбывае пакаранне”, - пазначана пра яго на суйце МУС.  Яго справу ў закрытым рэжыме пачалі разбіраць  27 лютага ў Віцебскім абласным судзе, суддзём быў прызначаны Яўген Буруноў. Мужчына асуджаны  па  асуджаны па 5-ці артыкулах крымінальнага кодэкса.

 Летась  18 лістапада ў Наваполацкім гарадскім судзе праходзіў  "групавы"  працэс па  ч.1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх). Падсуднымі былі Наталля Казлова, Канстанцін Панамароў і Раман Прыходзька. Іх справу разбіраў суддзя  Віталь Лапко. Падрабязнасці пакуль не вядомыя, але з “экстрэмісцкага пераліку вынікае, што  палачан  Наталлю Казлову і Рамана Прыходзьку асудзілі да “хіміі”, а Канстанціна Панамарова - да рэальнага тэрміну зняволення, і ён ужо “адбывае пакаранне”.  

Да “хіміі”, падобна, асуджаны і Дзмітрый Цюкаеў , прадпрымальнік  з Расонаў. Насупраць яго прозвішча пазначана “судзімасць не пагашана”.  

 Аляксандр Шэлепень, якога 10 сакавіка судзілі  ў Глыбокім, таксама накіраваны за краты - такое рашэнне прыняў суддзя суда Глыбоцкага раёна Андрэй Тарасевіч.  Ен жа судзіў іншых глыбачан, абвінавачаных за ўдзел у маршы пратэсту ў райцэнтры. Але іншым ён прызначаў больш лёгкія пакаранні.  

Шэраг крымінальнаых справаў распачалі супраць жыхароў Глыбокага пасля  "хапуну", які сілавікі наладзілі ў райцэнтры ў верасні-кастрычніку мінулага года. Тады на заангажаваных Тэлеграм-каналах выклалі 5 відэаролікаў з “пакаяльнымі” відэа мясцовых жыхароў, якія прызнаваліся, што бралі ўдзел у пратэстах супраць вынікаў мінулых прэзідэнцкіх выбараў. Некалькі чалавек на гэтых відэа мелі відавочныя фізічныя пашкоджанні, нанесеныя, верагодна, падчас затрыманняў.

Затрымана падчас “хапуну” было каля 20 чалавек. Частку з іх асудзілі адразу па адміністрацыйных артыкулах, а частку перавезлі ў віцебскі СІЗА, прад'явіўшы ім крымінальныя абвінавачанні. На цяперашні момант вядома прынамсі пра 7 судоў па такіх справаў.

Ганна Емяльянава