Субота, 07 Снежань 2024

Супрацоўніцтва паміж Сімферопалем і Віцебскам: што выклікае пытанні з кропкі гледжання міжнароднага заканадаўства?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Віцебскім гарвыканкаме адбылася працэдура падпісання Плана мерапрыемстваў па развіцці супрацоўніцтва паміж муніцыпальным утварэннем гарадская акруга Сімферопаль Рэспублікі Крым і горадам Віцебскам. Юрыст разважае, як такое супрацоўніцтва можа быць трактавана паводле міжнародных прававых стандартаў.

Найперш звяртае на сябе ўвагу той факт, што тэкст дакумента нідзе не апублікаваны. Пра яго жыхарам Віцебска вядома толькі вядома толькі з інфармацыі Тэлеграм-канала Віцебскага гарвыканкама. Калі план мерапрыемстваў змяшчае палажэнні, якія прама ці ўскосна прызнаюць Крым часткай Расіі, гэта можа быць кваліфікавана як парушэнне міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь, падкрэслівае юрыст. Дакумент можа быць выкарыстаны Украінай у палітыка-прававых працэсах як сведчанне падрыву суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці.

1. Юрыдычны статут Крыму

- Згодна з міжнародным правам, Крым лічыцца часткай Украіны, нягледзячы на анэксію Расійскай Федэрацыяй у 2014 годзе. Генеральная Асамблея ААН неаднаразова пацвярджала тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, у тым ліку рэзалюцыі A/RES/68/262 і наступныя.

-Шэраг дзяржаў, уключаючы Беларусь, афіцыйна прызнаюць Крым часткай Украіны.

2. Міжнародныя абавязацельствы Рэспублікі Беларусь

- Рэспубліка Беларусь з'яўляецца членам ААН і бокам Хельсінкскага заключнага акта (1975), які замацоўвае прынцып павагі тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаў.

-Беларусь таксама з'яўляецца ўдзельніцай дагавора аб сяброўстве, добрасуседстве і супрацоўніцтве з Украінай (1997 г.), які ўключае абавязацельствы па павазе суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці. Падпісанне пагадненняў, якія прадугледжваюць прызнанне органаў улады Крыма, падкантрольных Расійскай Федэрацыі, можа інтэрпрэтавацца як парушэнне гэтых абавязацельстваў.3. Юрыдычны статус плана мерапрыемстваў

- План мерапрыемстваў па сваёй прыродзе можа быць кваліфікаваны як акт міжмуніцыпальнага супрацоўніцтва, а не міждзяржаўнага.

- Аднак, калі ў дакуменце наўпрост ці ўскосна прызнаецца расійскі суверэнітэт над Крымам (напрыклад, згадваннем Сімферопаля як горада Расійскай Федэрацыі), гэта можа разглядацца як парушэнне прынцыпу непрызнання.

4. Прынцып непрызнання анэксіі Крыма

- Прынцып непрызнання (stimson doctrine) забараняе дзяржавам і іх суб'ектам заключаць акты, якія могуць наўпрост ці ўскосна сведчыць аб прызнанні анэксіі тэрыторыі.

- Калі план мерапрыемстваў фактычна спрыяе ўмацаванню сувязяў паміж Сімферопалем і Віцебскам у абыход афіцыйнай пазіцыі Украіны, гэта можа быць расцэнена як парушэнне міжнароднага права.

5. Магчымае выкарыстанне дакумента як доказу

- Такі дакумент можа быць прадстаўлены Украінай у міжнародных судах ці арганізацыях як доказ дзеянняў Беларусі, якія супярэчаць падтрымцы тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.

- Аднак прававая ацэнка будзе залежаць ад зместу дакумента, узроўню яго абавязковасці, а таксама кантэксту яго падпісання.

6. Рызыкі для Рэспублікі Беларусь

- Магчымыя наступствы ўключаюць пагаршэнне стасункаў з Украінай, крытыку з боку міжнароднай супольнасці і дадатковыя санкцыі.

- Прызнанне мясцовых пагадненняў з органамі ўлады ў Крыме, падкантрольнымі Расіі, можа быць успрынята як дэ-факта падтрымка анэксіі.

Віталь Віхура