Як распавёў інжынер па ахове і абароне лесу Бягомльскага лясгаса Міхаіл Сураўцаў, напрыклад, напрыканцы траўня ў фотапасткі Бягомльскага лясгаса трапілі два жыхары аднайменнага сельсавета падчас самавольнай вырубкі драўніны.
Фотапастка, якая зафіксавала гэтыя дзеянні, была размешчана ў 69 квартале Бягомльскага лясніцтва. У кадры быў добра бачны моманты распілоўкі і пагрузкі драўніны ў машыну, выдатна праглядаўся дзяржнумар аўтамабіля, а таксама фігуры двух чалавек. Інцыдэнт гэты адбыўся 27 мая а палове дзясятай гадзіны. Мужчыны цалкам прызналі сваю віну і сплацілі шкоду ў поўным аб’ёме.
Таксама Міхаіл Сураўцаў зазначыў, што зараз вельмі пажаранебяспечны перыяд, а таму ўжо толькі за адно гэта пры знаходжанні ў лесе ў перыяд забароны ці абмежавання на яго наведванне можна патрапіць на ўнушальныя штрафныя санкцыі.
Інжынер па ахове і абароне лесу Бягомльскага лясгаса распавёў яшчэ пра адзін выпадак, які здзейсніў яшчэ адзін мужчына. Амаль 1000 рублёў каштавалі парушальніку 13 дрэў, на якія ён спакусіўся ў эксплуатацыйных лясах. Калі б такое ж правапарушэнне адбылося ў ахоўных лясах, грамадзяніну прыйшлося б заплаціць штраф у два разы большы.
Сураўцаў распавёў і пра розную рэакцыю людзей на работу фотапастак. Паводле яго слоў, адны прызнаюцца, што не верылі, што інфармацыя паступае так хутка, другія лічылі, што здымкі будуць няякаснымі і іх ніхто не знойдзе, трэція спадзяваліся, што гэта не сапраўдная камера, а муляж. Супрацоўнікі лясніцтва паведамляюць пра тое, што яны распрацоўваюць яшчэ некалькі эпізодаў і так званыя лясныя “лісты шчасця” абавязкова дойдуць да адрасатаў.
«Не трэба думаць, што, калі вы агледзеліся і не ўбачылі ў лесе фотапастку, яе і сапраўды там няма. Як паведамляе ляснічы, фотапасткі ўстанаўліваюцца патаемна, на вышыні ад трох метраў. Працуюць аўтаномна на акумулятарных батарэях. Прынцып дзеяння такі: пастка абсталявана датчыкам руху, і, як толькі ў поле зроку трапляе аб’ект, які рухаецца, робіцца адно або некалькі фота. Таксама можа зняць кароткае відэа – залежыць ад настройкі. Зрабіўшы здымак, фотапастка аўтаматычна захоўвае яго на флэш-карту і адпраўляе паведамленне на тэлефон назіральніка. На здымку адлюстроўваюцца дата і час фіксацыі», – кажа галоўны ляснічы Бягомльскага лясгаса Сяргей Класоўскі.
Паводле ляснічага, за перыяд работы фотапастак шмат чаго трапляла ў іх кадр. Напрыклад, выяўляліся грамадзяне, якія праводзілі незаконную нарыхтоўку соку, выруб елак пад Новы год, займаліся самавольнымі высечкамі дрэў, забруджвалі бытавымі адходамі тэрыторыю ляснога фонду.
А яшчэ, па сцвярджэнні супрацоўнікаў лясніцтва, фотапасткі аказаліся самым эфектыўным спосабам прафілактыкі лясных пажараў.
Ніна Маркава