Раённая газета піша, што «мужчины с желанием взялись за предложенную работу и сделали доброе дело». Цяжка сабе ўявіць, што тыя, хто стаіць на ўліку ў інспекцыі, маглі адмовіцца ад такой прапановы. Але куды больш пытанняў выклікае апошні сказ нататкі, падпісанай «Оршанский РУВД».
Паводле аўтараў, «в дальнейшем к подобным добрым делам будут привлекаться и граждане, преступившие черту закона». Чытачы ў разгубленасці: каго канкрэтна аршанскія міліцыянты маюць на ўвазе? Парушальнікі закону – гэта асобы, чыя віна даказаная ў судзе, у тым ліку і пакараныя паводле адміністрацыйнага заканадаўства. Практыка выкарыстання ў якасці дворнікаў асуджаных «на суткі» падчас адбывання арыштаў вядомая яшчэ з савецкіх часоў. Але з паведамлення ў «Аршанскай газеце» не зразумела, ці гаворка ідзе толькі пра «сутачнікаў». Можа, мясцовая міліцыя вырашыла пашырыць свае паўнамоцтвы і перыядычна заклікаць «на добрыя справы» і былых асуджаных па крымінальных артыкулах, і тых, хто меў адміністрацыйныя спагнанні? Прыкладам, чалавек адбыў арышт або сплаціў штраф за пераход вуліцы ў неналежным месцы ці за спасылку на «экстрэмісцкі» інфармацыйны рэсурс, а да яго праз колькі дзён прыходзіць міліцыянт з прапановай добраахвотна выйсці на ўборку снегу... Прадстаўнікам міліцэйскіх структур, якія мусяць стаяць на абароне закону, варта больш карэктна выказвацца пра свае намеры – каб гэта не выглядала як поўнае беззаконне.
Юлія Петухова